Сельскую гаспадарку немагчыма ўявіць без тэхнікі. Гэта і праца ў полі, і нарыхтоўка кармоў. Праца з тэхнікай патрабуе не толькі прафесійных ведаў і навыкаў, але і высокай адказнасці.
Механізатар сельгаспрадпрыемства “Царука” Генадзь Варэнік на працягу 33 гадоў працуе з тэхнікай. Пачынаў з трактара “Беларус”, потым шчыраваў на камбайне, цяпер — на пагрузчыку.
— 20 гадоў я за рулём пагрузчыка. На працягу года даводзіцца шмат якіх работ выконваць: карміць жывёлу, працаваць на КЗС, грузіць арганіку, карацей, што скажуць, тое і робім.
Генадзь Уладзіміравіч шчыры працаўнік сваёй зямлі. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Даўгінава. Пасля вучобы і арміі звязаў жыццё з родным калгасам.
— Выбраў сельскую гаспадарку, мабыць, таму, што тата працаваў на трактары, і я вырашыў працягнуць яго справу. Адвучыўся таксама ў родным раёне, закончыў Карэліцкае вучылішча.
Да тэхнікі Генадзь Варэнік адносіцца беражліва, любыя непаладкі стараецца паправіць сам, калі ўжо больш сурьёзныя — звяртаецца па дапамогу калег.
— Працаваць падабаецца, і калектыў харошы, і кіраўніцтва ставіцца з разуменнем. Шчырую з задавальненнем на карысць роднай зямлі, што і раю іншым.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























