Што можа быць даражэй за родныя мясціны, дзе чалавек нарадзіўся і пражыў усё свядомае жыццё? Тут усё дарагое і блізкае сэрцу, і нічым у свеце не замяніць. З гадамі любоў становіцца мацнейшай, і чалавек усяго сябе аддае Бацькаўшчыне.
Мікалай Васільевіч Рабко моцна любіць родную Карэліччыну. У вёсцы Востухава застаўся бацькоўскі дом — калыска дзяцінства, у аграгарадку Краснае пабудаваў уласны, у якім зараз жыве. Сваё працоўнае жыццё звязаў з працай у родным краі. Пасля службы ў арміі застаўся вадзіцелем у калгасе «Новае жыццё». З таго часу аддана служыць абранай справе. Давялося працаваць на ГАЗ-51, ГАЗ-53, зараз — на аўтобусе сельгаспрадпрыемства. Усёй душой прыкіпеў да родных мясцін, навакольныя краявіды заварожваюць — лепшага месца няма ў свеце.
— Калі б усе людзі любілі вёску, яна б жыла больш поўным жыццём, — разважае Мікалай Васільевіч. — Для гэтага трэба проста моцна любіць і шчыра працаваць на зямлі. Калі схіліўся плот ці пакасіліся веснікі, трэба паправіць, навесці парадак каля дому і на зямлі. Гэта ж наша зямля, і мы на ёй гаспадары.
Галіна Смалянка
Фота Яраславы Манкевіч







