4 лістапада праваслаўныя вернікі святкуюць Дзень іконы Казанскай Божай Маці. Абраз Казанскай Багародзіцы адносіцца да тыпу Адзігітрыя, што азначае “якая паказвае шлях”. Паводле падання, яе першавобраз быў напісаны самім апосталам Лукой. У народзе гэты дзень здаўна лічыўся свайго роду «памежнай кропкай» паміж восенню і зімой: пасля святаў звычайна чакалі халадоў. Існавала нават прымаўка: «Да Казанскай — не зіма, з Казанскай — не восень».
Для настаяцеля храма святой Варвары агр. Райца Аляксея Шышкіра Дзень Казанскай іконы Божай Маці знакавы: сёлета спаўняецца 15 год яго іерэйскай хіратоніі. Хіратонія — гэта не проста прызначэнне на пасаду, а асаблівы благадатны акт, які надзяляе чалавека духоўнай сілай для служэння.
Напярэдадні пагутарыла з айцом Аляксеем пра яго дзяцінства, веру, думкі і хачу падзяліцца з чытачамі раённай газеты.
Дзяцінства Аляксея прайшло ў звычайнай хаце, дзе пахла свежым хлебам і сушанымі зёлкамі. Сям’я была звычайнай, простай: бацька, маці, сястра і ён. Бацькі працавалі, дзеці вучыліся.
— Айцец Аляксей, Вы раслі, сталелі ў той час, калі ўжо храмы сталі адчыняцца і аднаўляцца, людзі паступова вярталіся да веры. Як Вы далучаліся да духоўнага жыцця? Што паспрыяла гэтаму?
(Бацюшка любіць пажартаваць, таму і кажа: ”Лянота паспрыяла: кадзілам махаць – не гайкі круціць”. Затым перайшоў на сур’ёзную размову)
-Сапраўды, гэта быў час так званага “пацяплення” да веры. Калі сястру хрысцілі “на хаце”, то мяне ўжо ў Нікольскім саборы г.Навагрудка. Хроснымі ўзялі матулінага брата і бацькаву сваячку. Мне яшчэ і года не было. З вышыні сённяшняга ўзросту разумею, што падзеі, якія адбываліся ў маёй сям’і, – гэта своеасаблівыя кропелькі той вялікай ракі, якая і прывяла мяне да веры. Гасподзь ведаў, што я буду менавіта ў Райцы. У маёй памяці першы дотык да храма быў перад школай: спачатку гэта быў фэст у Валеўцы, а затым мама прывяла мяне на першае прычасце. Прыступкі да алтара мне падаваліся высачэзнымі, а зверху на мяне глядзеў а. Міхаіл (Ліннік). Запомнілася, як “куцявалі” вечарам перад Раством Хрыстовым. Недзе з 10 гадоў пачалося маё актыўнае ўцаркаўленне. Асаблівай размовы пра веру ў сям’і не было, але мне пачалі сніцца нейкія жудасныя сны ды і маме таксама. Маме параілі схадзіць у царкву і пагаварыць са святаром. Настаяцелем на той час у Барыса-Глебскім храме быў а.Павел (Лукашэвіч), які пасля служыў у Міры. Першы самастойны крок у храм я зрабіў на Раство Хрыстова разам з мамай. Памятаю, як а.Павел частаваў мяне вельмі смачнымі цукеркамі. І вось пасля Вадохрышча мама прывяла мяне ў нядзельную школу. Там мне было цікава ўсё. Спачатку мяне прыцягвалі старыя кнігі і цішыня храма, але паступова за гэтым прыйшло нешта большае. Праз чытанне Евангелля і гутаркі з настаўнікам я пачаў адчуваць, што свет — гэта не толькі тое, што можна пакратаць рукамі, але і нешта вышэйшае, нябачнае і прыгожае. У тыя гады маёй марай было проста «быць побач», адчуваць прысутнасць Бога ў сваім жыцці. Затым была паездка ў Жыровічы, якая вельмі зацікавіла мяне і падштурхнула да яшчэ большага пазнання нечага высокага. Быў у мяне сябар Глеб, ён прыслужваў у алтары. Глядзеў я на сябра і марыў таксама калі-небудзь апынуцца ў такой ролі, бо алтарнае закуліссе, нібы таямніца, вабіла да сябе. Але пра сваю мару нікому не расказваў. Прыкладана ў двухтысячным годзе пры Навагрудскім сястрынстве адкрылася нядзельная школа, якую я стаў наведваць. А праз год я ўжо прыслужваў у малым храме (дзе мяне хрысцілі), затым азы Літургіі пазнаваў у храме Кірылы і Мяфодзія. На днях я быў на сустрэчы з іераманахам Андрэем Баранавым, які выказаў слушную думку: “Мае бацькі не веруючыя, а Гасподзь сярод вялікага людскога натоўпу вылавіў мяне сваёй рукой і прывёў да сябе”. І я падумаў, што мяне гэта таксама датычыцца.
—Вы закончылі Жыровіцкую духоўную семінарыю. Ці лёгка Вам далося паступленне?
-Адразу скажу, што паступіў толькі з трэцяга разу. Чаму? А таму, што тое, што лёгка даецца, не мае вялікай вартасці. А наогул гэта быў промысел Божы, каб мне сустрэцца з маёй Таццянай. Прыйшлося займацца на падрыхтоўчых курсах. Маім настаўнікам, эталонам святара, яго служэння Богу і адносін да людзей стаў а.Вадзім (Кузьміч), якому я мог патэлефанаваць па любых пытаннях. Дарэчы, рэкамендацыю-характарыстыку на паступленне ў семінарыю таксама даў а.Вадзім.
—Як аднесліся аднакласнікі і настаўнікі да таго, што Вы алтарнічаеце і хочаце паступіць у семінарыю?
-Я не рабіў з гэтага нейкага сакрэту. Ужо з 15 год думаў, што буду святаром. У школе жартавалі часта, называючы то святым, то Папай Рымскім. А адна з настаўніц нават назвала царкоўнай мышшу. Было крыху балюча і незразумела, аднак я заўсёды быў удзельнікам усіх канцэртных праграм, таму мог хутка адказаць і перавесці ўсё на жарт. Сумненняў ніякіх у мяне не ўзнікала, таму і пераходны ўзрост прайшоў лёгка.
—Якія кнігі дапамагалі на Вашым шляху?
-На маё 13-цігоддзе мама падарыла мне Закон Божы з малюнкамі, які я зачытаў да дзірак. І калі настаўніца (а гэта была мама а.Вадзіма) нешта пытала, я ўжо ўсё дасканала ведаў і адказваў. Затым мама купіла мне 12-томнік “Жыціі святых”, якімі я карыстаюся і сення. Штодня, кожную вольную хвіліну, я акунаўся ў аскетычнае жыццё святых. У 15-16-гадовым узросце я ўжо думаў, што буду манахам і пачаў рыхтаваць сябе: раскладваў дошкі і клаўся на іх спаць. Але гэта хутка заўважыла мама і вокаімгненна я з “манаха” перайшоў у звычайнага школьніка. Тым не менш, калі вечарам уся сям’я глядзела тэлевізар, я зачыняў дзверы, запальваў лампадку і свечкі і чытаў малітвы. У сям’і не маліўся ніхто, толькі я. Калі не паспяваў прачытаць ранішнія малітвы, то чытаў іх па дарозе ў школу. У Вялікі пост прапанаваў маме пасціцца (мне было 12 год). Для мамы гэта быў шок: здароўе слабое ў сына, значыць памрэ ад голаду. Звярнулася да а.Вадзіма за дапамогай. Той патэлефанаваў Уладыку, што ёсць такое дзіця, якое жадае пасціцца, а здароўе не дазваляе. На што была дадзена пісьмовая рэзалюцыя пасціць толькі ў сераду і пятніцу. Разам са мной пачала пасціцца такім чынам і мама. Так было недзе 2 гады, а затым ужо цалкам пачалі прытрымлівацца з ёю усіх пастоў.
—Раней Вы раіліся з а.Вадзімам, а цяпер у каго знаходзіце падтрымку?
-Адказы на ўсе мае пытанні і пацверджанні маіх думак я знаходжу ў пропаведзях іераманаха Андрэя Баранава.
—Сёлета Вы з матушкай Таццянай адзначылі крышталёвае вяселле. Ці звязаны жаніцьба і рукапалажэнне? І як Вы пазнаёміліся з Таццянай?
-Падзялюся сваімі назіраннямі. У семінарыях, духоўных адукацыйных установах, калі так можна сказаць, ёсць выбар – рэгентскія школы, дзе ў пераважнай большасці навучаюцца дзяўчаты. Як у свецкіх ВНУ называюць факультэт філалогіі факультэтам нявест. Мяркуецца, што калі не ўсе будучыя рэгенты, то многія з іх стануць матушкамі, да таго ж сярод студэнтак нямала дачок святароў, гэта значыць са знаёмствам праблем няма. Сустрэліся мы з ёй на дні нараджэння агульнай знаёмай. Прыглянулася мне сваёй сціпласцю і доўгай касой, нечым нагадвала мне маю маму. Сустракаліся тры гады. Гэта быў свядомы выбар, я разумеў, што з гэтай дзяўчынай я пражыву ўсё сваё жыццё. Да стварэння сям’і падыходзіў вельмі сур’ёзна, кіраваўся прымаўкай: “Паспяшыш – людзей насмяшыш”. Пасля заканчэння рэгентскага Таццяна працавала ў семінарыі, а я быў на 5-ым курсе. Згулялі вяселле і пачалі жыць на здымнай кватэры. Недзе ў сярэдзіне кастрычніка мяне рукапалажылі ў дзьяканы, якім я прабыў два тыдні. А ў лістападзе, на Дзень Казанскай Божай Маці, ужо быў рукапаложаны ў святары. Адчуў разгубленасць ад хуткасці падзей і ад таго, што вопыту — нуль, а адказнасць вялікая. Сустрэў мітрапаліта Веньяміна (тады ён быў епіскапам) і пачуў яго наказ: “Калі Гасподзь кліча – ідзі: у Бога свой кірунак”. Я і супакоіўся. І сёння з упэўненасцю магу сказаць, што толькі з Божай дапамогай былі пераадолены ўсе цяжкасці і стрэлкі жыццёвага шляху не накіраваліся ў другі бок.
—Промыслам Божым Вы з’яўляецеся нашым духаўніком і настаўнікам. Мы пастаянна адчуваем Ваш клопат за нас і Ваш благадатны ўдзел у нашых жыццёвых абставінах, смутках і радасцях. Ад душы віншуем з 15-годдзем хіратоніі і пацвярджаем: ”Аксіас!”, г.зн. “Дастойны!”
Таіса Мухіна, агр. Райца







