Брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі фермы «Горная Рута» Таццяна Чубрык дабіваецца высокіх вынікаў у вытворчасці

Здаўна жывёлагадоўля лічылася адной з прыярытэтных галін у сельскай гаспадарцы, а праца па плячы самым руплівым і ўлюбёным у сваю справу працаўнікам. Як гэта ўдаецца брыгадзіру вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі фермы «Горная Рута» СВК «Маяк-Заполле» Таццяне Мікалаеўне Чубрык, журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася падчас сустрэчы.

— Таццяна Мікалаеўна, як пачынаўся Ваш працоўны  шлях у  жывёлагадоўлю?

— Раней працавала поварам у мясцовай Дальнаруцкай базавай школе. Калі ў 2011 годзе яе зачынілі, перайшла на працу ў СВК «Маяк-Заполле». Спачатку была кладаўшчыком, а ў 2015 годзе прапанавалі ўзначаліць ферму «Горная Рута».

— Скажыце, сёння ў Вас няма шкадавання аб гэтым?

— Праца мне падабаецца. Наш калектыў — гэта тры даглядчыкі, два вартаўнікі, асемянатар, ветфельчар. Мы працуем зладжана, дбаем пра канчатковыя вынікі, любім жывёлу.

— Давялося чуць, што ў Вас гэта сямейнае?

— Сапраўды, муж Валерый Васільевіч працуе ветфельчарам на ферме «Паланая», а таксама па сумяшчальніцтве на ферме «Горная Рута».  У СВК «Маяк-Заполле» — з 1991 года. Праца ў адной галіне — гэта агульныя інтарэсы і жаданне дабіцца добрых вынікаў.

— А паказчыкі ў працы Вас задавальняюць?

— Так. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы на дарошчванні складаюць 960 грамаў, захаванасць маладняку на ферме «Горная Рута» — 100 працэнтаў. Кармы для жывёлы якасныя, яны захоўваюцца ў добра абсталяваных траншэях. Разам з тым хачу адзначыць добрасумленную працу жывёлаводаў Юрыя Уладзіміравіча Капацэвіча, Таццяны Аляксандраўны Лапаты, Людмілы Міхайлаўны Гладкай.

— Як складваюцца справы ў сям’і?

— Наша сям’я час ад часу папаўняецца. Выхавалі дачку Вольгу і сына Аляксандра, якія маюць ужо свае сем’і. У нас чацвёра ўнукаў. Трымаем асабістую гаспадарку: свіней, трусоў, курэй. Ёсць агарод, дзе вырошчваем агародніну. Пра сям’ю скажу так: чалавек павінен жыць у сям’і, каб праяўляць клопат адзін пра аднаго, і гэта радасць і шчасце.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ