У жыцці чалавек шукае і знаходзіць, шмат працуе і радуецца жыццю, святло душы дорыць іншым і багацее духоўна. Гэта пра старшыню пярвічнай ветэранскай арганізацыі СВК «Свіцязянка-2003» Мікалая Аляксеевіча Васілеўскага, які прадаўжае весці актыўны лад жыцця на пенсіі.
— Мікалай Аляксеевіч, цікава даведацца аб тым, адкуль Вашы карані.
— Нарадзіўся ў вёсцы Антанёва Ярэміцкага сельсавета. Яна знаходзіцца ў Налібоцкай пушчы, з усіх бакоў атачаюць грыбныя бары і ягадныя паляны, у двух кіламетрах ад урочышча Добрач, дзе працякае рэчка Нёман. Тут у дзяцінстве купаліся, загаралі, адпачывалі. Антанёва — самая прыгожая і блізкая майму сэрцу вёсачка, гэта мая малая радзіма.
— Хто былі Вашы бацькі?
— Бацька Аляксей Уладзіміравіч і маці Марыя Мікалаеўна працавалі жывёлаводамі на ферме «Антанёва» калгаса імя Чырвоных партызан. На лета жывёлу ганялі за чатыры кіламетры на хутар Чорная. Днём пасвілі, а на ноч заганялі ў лагер, дзе бацька вартаваў. Мне вельмі падабалася летам на канікулах з ім пасвіць і вартаваць жывёлу, асабліва гатаваць ежу на вогнішчы, яна атрымлівалася надзвычай смачнай.
Пасля закрыцця фермы бацька перайшоў працаваць лесніком у Шчорсаўскае лясніцтва, якому прысвяціў дваццаць гадоў. Маці ўвіхалася па асабістай гаспадарцы: трымалі каня, дзвюх кароў, свіней. Я таксама дапамагаў па гаспадарцы. З таго часу ў мяне заклалася любоў да сялянскай працы, якой прысвяціў усё свядомае жыццё.
— Якім было школьнае жыццё і што асабліва засталося ў памяці?
— Асабліва засталіся ў памяці гады вучобы ў Ярэміцкай сярэдняй школе. На вучобу даводзілася хадзіць за сем кіламетраў. Выходзілі з хаты, калі было яшчэ цёмна, ішлі радком, першы нёс «кадзідла», якое асвятляла наш шлях. Я насіў тры дні запар, бо ў школе вучыліся мае сёстры Людміла і Ганна. Зімой і вясной, калі разліваўся Нёман, жылі каля школы ў інтэрнаце. У суботу на маторных лодках з Ярэміч да Сіняўскай Слабады нас везлі дамоў, каб паказаць бацькам нашы вынікі вучобы і ўзяць з сабою пачастункаў. У школе займаўся спортам у вольны ад вучобы час і абараняў гонар школы і калгаса імя Чырвоных партызан на спартыўных спаборніцтвах.
— З чаго пачалася Ваша праца, якой аддалі ўсё жыццё?
— Пасля заканчэння Пружанскага саўгас-тэхнікума працаваў у калгасе імя Якуба Коласа Карэліцкага раёна і сумяшчаў абавязкі сакратара камсамольскай арганізацыі. Тры скліканні быў дэпутатам Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў. Як маладому дэпутату, часта давалі слова на пленумах і канферэнцыях у раёне і вобласці. У 1976 годзе прынялі ў члены КПСС.
Давялося працаваць інжынерам аўтапарка ў калгасе імя Якуба Коласа. Затым скончыў Гродзенскі сельгасінстытут па спецыяльнасці «агранамія». Мяне перавялі на пасаду загадчыка вытворчага ўчастка № 1 калгаса імя Гастэлы, дзе адпрацаваў да выхаду на заслужаны адпачынак.
— Вы ведзяце актыўны лад жыцця на пенсіі?
— У 2020 годзе абралі старшынёй ветэранскай арганізацыі СВК «Свіцязянка-2003». У 2025 годзе зноў выбралі на гэтую пасаду. У лютым 2026 года на справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённай ветэранскай арганізацыі ўзнагародзілі Ганаровай граматай. На рахунку нашай арганізацыі — шмат карысных спраў. Хочацца ўспомніць пра экскурсіі ў знакамітыя мясціны рэспублікі: Жыровіцкі і Лаўрышаўскі манастыры, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Хатынь, якімі ветэраны працы засталіся вельмі задаволены.
Нагадаю яшчэ пра немалаважны факт: з дапамогай старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксея Гаўроша наладжаны прыезд аўтамагазіна ў вёску Міратычы.
— А чым Вы займаецеся асабіста?
— Люблю зямлю і вырошчваю памідоры, перац, агуркі. У гэтым годзе ўстанавіў яшчэ дзве цяпліцы. Як гаворыцца, аграномам застаўся і на пенсіі. У мінулым годзе вырошчваў 21 гатунак памідораў. Неяк вырасціў памідор вагой 850 грамаў гатунку «Бычье сердце». Таксама падабаецца гатунак «Де Барао» і беларускія гатункі. Агародніну выкарыстоўваю для сябе і сям’і, частую знаёмых, і ад гэтага атрымліваю задавальненне.
— Да чаго яшчэ цягнуцца Вашы рукі?
— Вяду свайго роду і асабістую гаспадарку. Трымаў трох коз, якія давалі ў суткі дзесяць літраў малака. Рабіў кожны дзень галандскія сыры. Было шмат заказаў з Навагрудка і Карэліч, а таксама ад мясцовых жыхароў.
— Ці ёсць у Вас захапленне?
— Я займаюся скандынаўскай хадой. Лічу, што рух — гэта здароўе, і ў паважаным узросце гэта вельмі важна. Хаджу на возера Свіцязь і да лагера «Вясёлка». Мясціны вельмі прыгожыя, і сэрца радуецца кожнай новай сустрэчы.
— А чаму яшчэ рады па-сапраўднаму?
— У мяне дзе дачкі, Дзіяна і Наталля, пяцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў. Усе жывуць у Брэсце. Таксама там і мая сястра Ганна. Вельмі рады, калі яны прыязджаюць да мяне ў госці, асабліва летам, і разам адпачываем на возеры Свіцязь.
Люблю наведваць царкву ў Міратычах, якую пабудавалі і адкрылі не так даўно. Хаджу на вялікія святы і бываю на службах, дзе мая душа адпачывае і авалодвае радасць ад сустрэчы з Богам. Чытаю малітвы раніцай і вечарам, малюся за сваё здароўе і здароўе блізкіх.
— Што пажадаеце чытачам «Полымя»?
— Здароўя, шчасця, дабрабыту, міру, радасці. Няхай вас ахоўвае Гасподзь!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва «Полымя»
























