Ва ўтульным пакойчыку Жухавіцкага Дома культуры погляд прыцягваюць лялькі ручной працы — ад беларускіх нацыянальных да вырабаў з фетру. Тут уладарыць іх стваральніца і кіраўнік гуртка «Чароўны куфэрак» Алена Рыгораўна Шахава. Яна ахвотна паведала пра сваё майстэрства, любоў да справы і вырабы, якія ствараюць яе залатыя рукі.
— Алена Рыгораўна, як усё пачыналася?
— Я прыехала з Магаданскай вобласці, пасёлка Іульцін, што ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе. Ужо там працавала ў гуртках цэнтральнага Дома творчасці дзяцей і моладзі. Вучыла школьнікаў шыць мяккую цацку. У класе было дзесяць швейных машынак. Дзяўчынкі і хлопчыкі розных узростаў прыносілі сваю тканіну, стваралі сапраўдныя цуды і радаваліся кожнаму вырабу.
— Гэта Вас натхняла?
— Вядома. Сама прыдумляла новыя цацкі, рабіла лякала, і гэта мне было ў радасць. Жаданне тварыць так і не прапала з гадамі.



— Дзе прадоўжылі любімую справу?
— У 1995 годзе прыехала ў Жухавічы. Спачатку вяла ў мясцовай школе гурток мяккай цацкі. Затым перайшла ў Жухавіцкі Дом культуры, куды запрасіла дырэктар Святлана Іванаўна Абламейка. Я дала згоду, аб гэтым зараз не шкадую. Моцна люблю сваю справу.
— Відаць што Вас асабліва захапляе беларуская нацыянальная лялька.
— Ужо з самай раніцы планую, як яе пашыць. Лялька ствараецца з натуральнай тканіны, у саставе якой — лён. Адзенне падбіраю ў стылі ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Беларуская нацыянальная лялька ствараецца як абярэг для дома і сям’і, выкарыстоўваецца як элемент дэкору ці культурны сувенір, які захоўвае традыцыі. Яшчэ гэта магутны абярэг ад злосці, хвароб, бедаў.
— Традыцыйна лялька безаблічная. Чаму так?



— Лічылася, што калі лялька будзе ўжо вельмі падобнай на чалавека, то ў яе ўселіцца злы дух. Лялька без твару была недаступнай для ўсялення ліхіх сіл, а значыць бясшкоднай для дома і дзіцяці.
— Якія лялькі падабаюцца турыстам?
— Лялька «Берагіня» і лялька «Траўніца» з вузельчыкамі солі, унутры напаўняльнік — сухія лекавыя зёлкі. «Залаты» спіс працягвае казачная цацка «Вязальшчыца», выраб лічыцца панчошным. З гэтага ж матэрыялу выкананы «Дзед з мяшком дабра». Сувеніры часта заказваюць госці з Украіны і Расіі. Ёсць «Бабуля з гармонікам» і гномы на панчошнай аснове.
— Што ў Вашай творчасці нетрадыцыйнае?

— Хацелася б адзначыць вырабы з фетру: курачку з яйкамі, філіна, саву. Фетр сам па сабе прыгожы матэрыял, і калі яго скамбінаваць, атрымліваюцца сапраўды прыгожыя рэчы, якія радуюць вочы.
— Вам даводзілася дзесьці дэманстраваць сваё майстэрства?
— У 2024 годзе прымала ўдзел у ХІV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які праходзіў у горадзе Гродна. Там давала майстар-клас па вырабе беларускай нацыянальнай лялькі. Атрымала Дыплом за актыўны ўдзел.
Наведваліся да мяне журналісты тэлеканала «Беларусь-3», дзякуючы чаму аб маім майстэрстве даведаліся жыхары ўсёй краіны.

— Вы не адна ў сваіх памкненнях?
— Наведвальнікі гуртка «Чароўны куфэрак» — шэсць жыхарак Вялікіх і Малых Жухавіч, і разам ствараем сапраўдныя цуды. Хачу сказаць: лялькі — гэта захапляльная творчасць, і кожную разглядаю як сапраўднае тварэнне маіх рук і рук удзельніц гуртка. Мы нясём радасць людзям. І гэта ўсё ад таго, што кожная зроблена з вялікай любоўю, і ад гэтага такое замілаванне ахоплівае душу.
Мая дачка Людміла таксама творчая асоба. Яна ўдзельніца народнага ансамбля песні «Вечарынка» Жухавіцкага Дома культуры, з дзяцінства вышывае бісерам.
— Што для Вас значыць Жухавіцкі край?
— Мая Радзіма ў двух месцах: Крым, дзе нарадзілася, і Жухавічы, дзе жыву, і яны аднолькава дарагія майму сэрцу. На жухавіцкай зямлі нарадзіліся мае ўнукі і праўнукі, і ўсе дзяўчынкі-беларускі. І як за гэта не любіць гэты цудоўны край?!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
























