Тракторист-машинист ГП «Черняховский-Агро» Игорь Брилевич с гордостью говорит о своей работе на земле

Прафесія земляроба ў вёсцы заўсёды была адной з самых паважаных і ганаровых. Каб вырасціць хлеб, трэба не толькі любіць родную зямлю, але і дасканала валодаць тэхнікай, як гэта робіць трактарыст-машыніст  ДП “Чарняхоўскі-Агра”  Ігар Брылевіч.

У гэтай гаспадарцы  механізатарам усё жыццё працаваў і яго бацька, Уладзімір Сямёнавіч.  Будучы хлапчуком, Ігар Уладзіміравіч  дапамагаў яму рамантаваць трактар, спрабаваў садзіцца за штурвал  жалезнага каня. Так паступова і  прыкіпеў  да тэхнікі, але адразу пасля школы падаўся ў сталярскую справу.  Пайшоў  вучыцца на сталяра  ў Мірскае вучылішча.

Працоўны стаж  Ігара Уладзіміравіча  складае амаль трыццаць гадоў. Яшчэ зусім юнаком   працаваў на калгаснай пілараме па спецыяльнасці. Адслужыўшы ў арміі,  вярнуўся ў родную гаспадарку, іншых месц і не шукаў, вырашыў пайсці па пракладзенай дарозе. У  2004 годзе мужчыну перавялі ў механізатары.

— З ранняй вясны і да “белых мух”  напружаны перыяд у аграрыяў,  — дзеліцца суразмоўца.  — Трактарысту даводзіцца працаваць нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, але калі чалавек па-сапраўднаму любіць сваю справу, то і ад такой нялёгкай працы атрымлівае асалоду і задавальненне.

Восенню ён заняты на ворыве, вясной — адказны за падкормку пасеваў, а летам – гэта ў асноўным  нарыхтоўка кармоў.  Неаднойчы даводзілася працаваць за штурвалам камбайна.  Працоўны дзень  у гарачую пару доўжыцца з раніцы і да позняга вечара, пакуль не выпадзе раса. Механізатар заўсёды стараецца выканаць усе неабходныя нормы. За добрасумленную працу падчас жніва летась быў запрошаны на абласное свята “Дажынкі-2023” у г. Зэльва, дзе атрымаў сертыфікат  на пуцёўку ў санаторый.

Калі «баявая машына» выходзіць са строю,  вопытны механізатар самастойна выпраўляе непаладкі, праводзіць адпаведны рамонт. Каб днём тэхніка не падводзіла,  раніцай  заўсёды праводзіць агляд. Калі паломка ўсё ж здарылася раптоўна ў полі, на дапамогу прыходзіць інжынер-механік з патрэбнымі запчасткамі.

Старой загартоўкі механізатар ахвотна дзеліцца з маладымі сваім вопытам, дае парады, падказвае ў складаных сітуацыях.

Намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Алена Макар гаворыць, што Ігар Уладзіміравіч  дасканала валодае трактарам, выконвае аграмерапрыемствы з улікам асаблівасцяў сельскагаспадарчай тэхнікі, стану раллі і віду культур. Умее адказна і з душой выконваць даручаную яму працу.

З жонкай  Ганнай  разам васямнаццаць гадоў, выхоўваюць дачку Анастасію і сына Максіма.  Як адзначае жанчына, бацька для дзяцей — гэта прыклад добрасумленнага стаўлення да працы і павагі да людзей, а для яе асабіста — падтрымка і дапамога ва ўсім.

— Я вельмі ўдзячны сваёй сям’і  за разуменне і цярпенне, – кажа аграрый. — Бо калі пачынаецца на вёсцы гарачая пара, жонка і дзеці  мала бачаць мяне дома.

Сёлета  Ігар Уладзіміравіч за высокія прафесійныя дасягненні, шматгадовую добрасумленную працу  занесены на раённую Дошку гонару.

– Але я працую не для ўзнагарод, а на карысць гаспадаркі, раёна, краіны, – запэўнівае  суразмоўца. – Механізатары  — гэта   людзі, хто беражліва апрацоўвае зямлю, да апошняй крупінкі збірае з яе ўраджай. Працаўнікі палёў — карміцелі, і стаўленне ў грамадстве да іх павінна быць адпаведным.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара