Родная мова. Ізноў, у чарговы раз, прызнаюся табе ў любові. Усё жыццё крочу з табою, наталяючыся тваёй прыгажосцю. Чытаю твор ці слухаю гутарку — і на душы хораша ад сустрэчы з родным словам.
Ад прадзедаў — спадчына
«Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў!» — пісаў Уладзімір Караткевіч. Гэтага аніяк не скажаш пра вясковых людзей, з якімі даводзіцца сустракацца падчас творчых камандзіровак. Яны — шчырыя і адкрытыя, у іх шмат мудрасці, хоць універсітэтаў не заканчвалі і навуковых прац не пісалі. Таямніцы жыцця ведаюць добра і гатовыя падзяліцца гэтым скарбам.
А колькі прымавак і прыказак яны ведаюць! Толькі паспявай іх занатоўваць у блакнот, а найлепш запомніць і прымяніць у сваім жыцці. Вось і гэтыя, якія датычаць Яго Вялікасці Слова: «Слоў на мяшок, а спраў на вяршок», «Слова як птушка: выпусціў — не вернеш», «Хто пытае, той не блудзіць», «Век жыві — век вучыся», «Язык да Кіева давядзе»і многія іншыя.
Народны скарб
Як цудоўна пішуць пра нашу родную мову класікі беларускай літаратуры! Якуб Колас сцвярджаў, што «ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову». У пацвярджэнне — яго творы, якія класік пісаў на роднай мове. Часта ў памяці паўстаюць радкі з верша «На рэчцы зімою»: «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому, кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому…» Алесь просіць матулю адпусціць пагуляць на рэчку, і яна дазваляе: «Ну, ідзі пабегай, толькі апраніся, ды глядзі, у палонку, Сынку, не ўваліся». Як аказалася, «На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву, ну і пацяшаўся хлопчык тут на славу». Верш успомніўся праз паўстагоддзя пасля заканчэння школы. Вось такая сіла ў роднага слова!
«Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ», — пісаў Іван Мележ. Яго словы не разыходзіліся са справай. Скажыце, хто з нас не чытаў «Палескай хронікі» аўтара ў школьныя гады? Любімым беларускі твор стаў і для нашых дзяцей. «Дзе «Людзі на балоце?» — неаднойчы цікавілася дачка, калі перабірала кнігі ў дамашняй бібліятэцы. Праз пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў яна зноў і зноў брала ў рукі любімую кнігу Івана Мележа, якая так і не змагла яе адпусціць…
Хлебныя і ветлівыя словы
З вялікім задавальненнем чытаю і перачытваю верш Пімена Панчанкі «Хлебныя словы». Твору сёлета споўнілася пяцьдзясят гадоў, як ён убачыў свет. Паэт адзначае: «Наш хлеб — жыцця аснова. Працяг і барацьба».
Якія яны, хлебныя словы, і што азначаюць? Адказ на пытанне зноў жа знаходжу ў паэта: «Акраец — шлях, дарога і зайцаў хлеб лясны», «Скарынка — сум, трывога і боль былой вайны», «Скіба — день вясновы. Ралля. Плугі. Сяўба», «Луста — слова сытнае, духмянае і шчодрае, яно ад маці», «Каравай — вясельнае, святочнае яно…»
А зараз — пра ветлівыя словы. Вам даводзілася іх гаварыць па-беларуску? Яны ж такія знаёмыя і блізкія, і прыцягваюць сваёй шчырасцю і мілагучнасцю. Дык давайце навучым іх вымаўляць дзяцей: «Добрай раніцы!», «Добры дзень!», «Да пабачэння», «Калі ласка», «Дзякуй». Магчыма, у кожнага з вас знойдуцца і свае словы, якія вы перадасце сваім дзецям і ўнукам. Наша родная мова сапраўды вельмі прыгожая, і мы павінны яе не толькі ведаць, але размаўляць па-беларуску.
Маці. Радзіма. Мова
Гэта словы, якія суправаджаюць нас усё жыццё. Яны складаюць яго сэнс. Іншымі словамі, тры кіты, на якіх трымаецца жыццё. Кожнае з іх мае вялікае значэнне, а разам яны — вялікая сіла.
Маці дала нам жыццё, і з намі яна да апошняга дня свайго існавання. Яе малітвы служаць абярэгам у жыцці. Нават пасля таго, як родны чалавек пакіне гэты свет, яе вобраз і парады застаюцца з намі і суправаджаюць усё жыццё.
Мы любім Радзіму ўсім сэрцам. У родным куточку добра жывецца і дыхаецца на поўныя грудзі. Многія знаходзяць тут справу жыцця і адчуваюць сябе шчаслівымі, нездарма ж гавораць у народзе: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».
Роднае слова, як глыток крынічнай вады, патрэбна нашай душы штодзённа. Гэта мова бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Без яе ніякавата адчуваеш сябе ў нашым бурлівым і супярэчлівым жыцці. Пачуеш роднае слова — і прыйдзе вялікая радасць, якая напоўніць нас верай у заўтрашні дзень.
Шануй сваю мову!
«Не саромейся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звесткі і ўсё роднае — гэта спадчына і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова», — пісаў Змітрок Бядуля.
Ад сябе асабіста скажу: наша мова шчырая і мілагучная, і яе трэба любіць усім сэрцам, і гэтую любоў імкнуцца перадаць дзецям і ўнукам.
Галіна СМАЛЯНКА























