Кожны з нас аднойчы робіць выбар, які вызначае ўвесь яго далейшы лёс. І ад таго, наколькі абдуманым і ўзважаным аказалася гэтае рашэнне, будзе залежыць не толькі наша жыццё, але і тая карысць, якую мы зможам прынесці акружаючым нас людзям і сваёй краіне. Сёлета дырэктар Цэнтра селекцыі і генетыкі па Карэліцкім раёне Гродзенскага племпрадпрыемства Галіна Карп удастоена ганаровага медаля “За працоўныя заслугі”. Дзяржаўная ўзнагарода такога высокага узроўню – падзяка за шматгадовы прафесійны падыход і любоў да сваёй дзейнасці.
У пярэдадзень 8 Сакавіка карэспандэнт газеты “Полымя” сустрэлася з Галінай Георгіеўнай і, перш чым завесці гутарку, спытала ў яе: “Ці павінна быць у чалавека мара?” На гэтае пытанне яна адказала сцвярджальна. Толькі проста мець мару, на яе думку, недастаткова. Трэба абавязкова прыкладаць намаганні, каб задуманае ажыццяўлялася. Так і ідзе па жыцці: ставіць мэту, старанна працуе, а як толькі задуманае спраўджваецца, тут жа імкнецца да новага.
Нарадзілася Галіна Карп на Гомельшчыне ў 1963 годзе ў вялікай сям’і, дзе было шасцёра дзяцей. Адразу пасля школы дзяўчына вызначылася з будучай прафесіяй. Яна накіравалася ў г. Белгарад і паступіла ў сельгасакадэмію. Дарэчы, старэйшы яе брат Адам Занкевіч быў доктарам сельскагаспадарчых навук, членам Навуковага савета гэтай установы.
– Калі паехала на вучобу за межы краіны, то па-сапраўднаму зразумела, наколькі дарагія майму сэрцу беларускія краявіды. Таму праз год вучобы ў Расіі я прыняла рашэнне перавесціся ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на зоаінжынерны факультэт. Гэтыя перамены ў вучобе сталі вызначальнымі і ў асабістым лёсе. Тут сустрэлася з юнаком Святаславам, з якім пазней ажаніліся. Пасля вучобы прыехалі працаваць на радзіму мужа, у ДП “Чарняхоўскі-Агра”. Потым некаторы час жылі і працавалі ў Расіі, але ў 1997 годзе вярнуліся ў Беларусь, – падзялілася ўспамінамі суразмоўца.
У Цэнтры селекцыі і генетыкі па Карэліцкім раёне Галіна Георгіеўна шчыруе з 2003 года. Яна не любіць сядзець у кабінеце, большую частку працоўнага дня праводзіць на фермах, размаўляючы са спецыялістамі-жывёлаводамі. Для таго, каб паляпшаць паказчыкі па атрыманні моцнага маладняка, яны з калегамі штодня кантралююць штучнае асемяненне кароў, ацэньваюць генатыпічныя і фенатыпічныя прыкметы жывёл, вызначаюць іх прадуктыўнасць.

– Прыемна адзначыць такі факт, што ў 2003 годзе надой на адну карову складаў 3155 кг пры генетычным патэнцыяле 3600 кг. Зараз гэтыя паказчыкі значна вышэйшыя: надой на адну карову – 7475 кг і генетычны патэнцыял складае 9873 кг. Усё гэта дасягнута дзякуючы сучаснай селекцыі. Так, напрыклад, за час працы статус племянной гаспадаркі прысвоены СВК “Свіцязянка-2003” і свінагадоўчай ферме ДП “Чарняхоўскі-Агра”. Жывёлы гэтых гаспадарак некалькі гадоў запар прадстаўлялі нашу вобласць на міжнароднай выставе “Белагра” ў г. Мінску. Свіцязянскія рагулі вярталіся дадому з дыпломамі і кубкамі, – з гонарам расказвае Галіна Карп.

Навіну аб высокай узнагародзе жанчына ўспрыняла як высокі давер на будучае. А настрой кіраўніка племцэнтра заўсёды падтрымлівае сям’я: муж Святаслаў Аляксандравіч, ужо дарослыя сыны Аляксандр і Юрый і іх сем’і.
Толькі ў вёсцы сэрцам адпачываеш, лічыць жанчына:
— Чыстае паветра, цішыня, прастор — што яшчэ трэба для шчасця?.. Мабыць, толькі здароўе, мір і дастатак, якія кожны з нас стварае сваімі ж рукамі.
Нягледзячы на сур’ёзную нагрузку на працы і дома, яна стараецца не «зацыклівацца» на будзённых клопатах. Жанчына, акрамя ўсяго іншага, любіць ціхім ранкам схадзіць з кошыкам у лес па грыбы, бываць на сваёй маленькай радзіме, у Петрыкаўскім раёне, што на Гомельшчыне, дзе па яе словах, падзараджаецца выключнай энергіяй.
Вось такая жывая, непадробная цікавасць да таго, што адбываецца вакол: да працы, да людзей, да прыроды — гэта тое, што характарызуе Галіну Георгіеўну як асобу, як жанчыну.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






















