У Карэліцкім раёне выратавальнікі правялі прафілактычную акцыю «Дом без пажару», якая накіравана на павышэнне ўзроўню пажарнай бяспекі сярод насельніцтва.
За пяць дзён акцыі работнікі МНС і суб’екты прафілактыкі наведалі домаўладанні катэгарыраваных грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Мірскага, Райцаускага, Малюшыцкага, Цырынскага і Лукскага сельсаветау.


Падчас наведвання вяскоўцаў, іх азнаёмілі з аператыўнай абстаноўкай у раёне і па краіне, расказалі аб прычынах узнікнення пажараў і нагадалі аб неабходнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі ў быце. На кантролі – тэма курэння ў памяшканнях, прызначаных для сну, а таксама перагрузка электрычных сетак і эксплуатацыя печаў.

Асаблівую ўвагу выратавальнікі надавалі стану домаўладанняў, праверылі спраўнасць пячнога абсталявання, наяўнасць і працаздольнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, электраправодку.

Таксама ў рамках акцыі ў вёсцы Хлюпічы, Мірацічы, Даугінава, Застадолле і Асташын прайшлі сельскія сходы, на якіх вяскоўцам нагадалі правілы пажарнай бяспекі.


– Бываюць выпадкі, калі гарадскія жыхары едуць у вёску, напрыклад, да бацькоў, і, не ўмеючы ўправіцца з печкай, пачынаюць яе паліць. Нават калі вы проста хочаце разагрэць печ, яна павінна быць у спраўным стане. Не павінна быць шчылін, скразных адтулін. Памятайце аб правілах эксплуатацыі, не выкарыстоўвайце для распальвання лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Заканчваць топку трэба толькі пасля поўнага прагарання вуглёў, не пазней чым за 2 гадзіны да сну, – нагадалі выратавальнікі.

– Што тычыцца кватэр, то самае галоўнае – не пакідаць уключанымі электрапрыборы, калі кудысьці без нагляду. Калі вы выкарыстоўваеце электрычныя абагравальнікі, папярэдне прачытайце інструкцыю. Таксама не пакідайце зарадныя прылады на ноч. На жаль, многія так робяць. Гэта таксама можа прывесці да пажару. Абавязкова ўсталюйце як у доме, так і ў кватэры аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Яны павінны быць у кожным жылым пакоі на столі, пажадана ў цэнтры.

Усім удзельнікам акцыі уручаны супрацьпажарныя буклеты.






















