На працягу ўсяго тыдня, з 21 па 26 красавіка ўключна, мабільны ФАП Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы пабывае ва ўсіх арганізацыях і на прадпрыемствах райцэнтра для правядзення дыспансерызацыі работнікаў.
Дыспансерызацыя дарослага насельніцтва, якая праходзіць у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2024 № 173, набывае зручныя для людзей формы. Напрыклад, выязныя. Дыспансерызацыя дзицячага насельніцтва праходзіць у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2024 № 174.
У канцы мінулага года ў ЦРБ з’явіўся мабільны ФАП, што дазволіла прайсці дыспансерызацыю жыхарам аддаленых населеных пунктаў раёна. А зараз спецыялісты ў белых халатах з візітам наведаюцца ў арганізацыі раёна.
Першымі выпрабавалі на сабе перавагі праходжання дыспансерызацыі практычна без адрыву ад вытворчасці супрацоўнікі РУП ЖКГ, гаргаза і гартопа райцэнтра. На чарзе па дамоўленасці з кіраўнікамі арганізацый – РАНС, аўтапарк, Біямакс Карэлічы, Белдзяржстрах, РВЭС і РВПС, РАУС і Дэпартамент аховы, ВІВАКА-тэхна. У перспектыве – сельскагаспадарчыя арганізацыі.
Дыспансерызацыя дарослага і дзіцячага насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца ўжо шмат гадоў. З 1 студзеня 2025 года пастанова па дыспансерызацыі зведала некаторыя змены. Асноўны ўпор робіцца на павядзенне ацэнкі фактараў рызыкі і ацэнка сімптомаў предопухалевых і опухалевых захворванняў.
Услед за мабільным ФАПам адправілася і карэспандэнт раённай газеты “Полымя”. Сёння згодна з графікам прыём пацыентаў Белдзяржстраху, раённых вузлоў паштовай і электроннай сувязі праводзяць урач функцыянальнай дыягностыкі, загадчык аддзялення прафілактыкі Вольга Баршчэўская і фельчар-акушэр Юлія Няборская.
Вольга Іванаўна адзначыла:
– Наша сацыяльна арыентаваная дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для таго, каб людзі жылі з камфортам, карысталіся разнастайнымі сучаснымі выгодамі і, самае галоўнае, былі здаровыя. Справа за малым. Кожны, хто пражывае ў райцэнтры, на тэрыторыі раёна ў абавязковым парадку павінен кантраляваць стан здароўя і клапаціцца пра сваё самаадчуванне сістэмна і паслядоўна. А для гэтага неабходна рэгулярна праходзіць дыспансерызацыю. Інакш як урачы будуць арыентавацца пры зваротах і скаргах людзей на тую ці іншую праблему са здароўем? Неабходна нагадаць, што дарослыя праходзяць дыспансерызацыю па двух узроставых інтэрвалах: з 18 да 39 гадоў і з 40 і старэй. Калі ўсё добра па анкетаванні і па аглядзе і ніякіх фактараў рызыкі не выяўлена, то асобы першай групы дыспансерызацыю праходзяць раз у тры гады. Пацыенты старэйшыя за 40 гадоў праходзяць дыспансерызацыю адзін раз у год. Пасля сарака абавязкова патрэбны аналізы мачы, агульны і біяхімічны аналізы крыві. Жанчыне прызначаецца мамаграфія і агляд гінеколага. Мужчынам – аналіз крыві на прастат-спецыфічны антыген і агляд прадстальнай залозы. Калі выяўляецца фактар рызыкі, то адпрацоўваем дадатковыя даследаванні згодна з пратаколамі Міністэрства аховы здароўя. Да прыкладу, калі ёсць рызыка сардэчна-сасудзістых захворванняў, прызначаем дадаткова біяхімічны аналіз крыві з ліпідным спектрам, УГД сэрца, сасудаў, агляд акуліста. Тыя пацыенты, у якіх ёсць хранічныя захворванні, назіраюцца паводле асобных пратаколаў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дзе апісаны кратнасць назірання пацыентаў і тыя абследаванні, якія яны абавязаны прайсці для таго, каб хранічнае захворванне не абвастралася. У апошні час пратакол дыспансерызацыі прадугледжвае таксама наведванне ЛОР-ўрача ці стаматолага.
Самастойна дарослыя могуць прайсці дыспансерызацыю ў 29 кабінеце райпапаліклінікі з 8.00 да 17.00, дзеці – у дзіцячай кансультацыі паліклінікі. Калі гэта сельскае насельніцтва, то ў амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ці на фельшерско-акушэрскім пункце.
Падчас размовы ўрач адзначыла, што асноўная частка насельніцтва праходзіць дыспансерызацыю ў райпаліклініцы ці амбулаторыі. А выязны агляд – добрая альтэрнатыва: у рабочы час чалавек на працы, кіраўніцтва арганізацый разумее важнасць такой формы медыцынскага абследавання і ідзе насустрач, арганізуе і нацэльвае работнікаў.
Фельчар-акушэр Юлія Няборская дадае:
– Дыспансерызацыя накіравана на першасную прафілактыку і дазваляе выявіць фактары рызыкі захворванняў. Для гэтага трэба знайсці час прыйсці ў медустанову і сумленна адказаць на пытанні анкеты, распрацаванай Міністэрствам аховы здароўя. Абапіраючыся на атрыманую інфармацыю, доктар ці памочнік урача, які працуе на прыёме, накіроўвае пацыента да вузкіх спецыялістаў, а таксама на аналізы ці дадатковае абследаванне.
Мы не так даўно пачалі праводзіць выязныя абследаванні, але ўжо можна назваць адну тэндэнцыю – у многіх пажылых людзей выяўляецца цукровы дыябет 2 тыпу, пра які яны не ведалі. Павышанае ўтрыманне глюкозы ў крыві выяўляецца падчас лабараторных даследаванняў. Цукровы дыябет – сур’ёзнае захворванне, якое патрабуе лячэння і назірання. Таму пацыентам абавязкова трэба звярнуцца да свайго тэрапеўта па назначэнні.
Насустрач працаўнікам
– Медагляды і дыспансерызацыя патрэбныя для таго, каб выяўляць небяспечныя хваробы і не даваць ім развівацца. Чым хутчэй небяспечная хвароба будзе выяўлена, тым хутчэй будзе прызначана лячэнне, – такое меркаванне выказалі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра.
Начальнік аддзела МНС Карэліцкага раёна Дзяніс Стадольнік сказаў:
– Пры ўсёй важнасці такіх працэдур людзі часта адкладваюць іх з-за шчыльнага графіка работы: для таго, каб наведаць урача, трэба вылучыць дзень і пайсці ў паліклініку. Таму, калі кіраўніцтва раённай медустановы прапанавала дыспансерызацыю работнікаў на месцы працы, а дакладней у поўнай меры выкарыстаць магчымасці ФАПа на колах, мы вырашылі падтрымаць гэтую ініцыятыву. Лічу, што кожны кіраўнік павінен быць зацікаўлены, каб яго работнікі былі здаровыя і шчаслівыя. Бо толькі здаровы калектыў можа дасягнуць высокіх вынікаў і паспяхова вырашаць усе пастаўленыя задачы.
Начальнік Карэліцкага раённага газазабеспячэння Вячаслаў Шавейка адзначыў:
– Усім добра вядома, што здароўе і дабрабыт працаўнікоў – самы каштоўны актыў, а разнастайныя сферы захавання дабрабыту фарміруюць “пазл клопату” пра супрацоўнікаў. Нягледзячы на тое, што работнікі нашай арганізацыі штогод праходзяць абавязковую медкамісію, усё гэта ў канчатковым рахунку ўплывае на прадуктыўнасць працы работнікаў, а значыць, і на вынікі ўсяго прадпрыемства. А прапанаваная форма правядзення дыспансерызацыі вельмі зручная для работнікаў.
Работнік прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Карэліцкім раёне Алена Ляшчынская падзялілася:
– Праходзіць дыспансерызацыю на рабочым месцы вельмі зручна. Тут можна і аналізы здаць, і ціск вымераць, і каштоўныя рэкамендацыі атрымаць.
Жанчына не лічыць гэта дарэмна патрачаным часам і задаволена новай формай дыспансерызацыі. Яе калега па працы Вялянціна Чабатарэвіч таксама паспела ацаніць перавагі выязной дыспансерызацыі:
– Вельмі зручна і хутка. Не трэба марнаваць час на паходы ў паліклініку. Я пакуль не атрымала поўнай карціны скрынінгу свайго арганізму, але гатова прыняць і выконваць рэкамендацыі ўрача, калі гэта будзе неабходна.
Сваё здароўе – гэта, вядома, справа кожнага. Але і не толькі. Здаровая нацыя – залог моцнай дзяржавы, а ранняя дыягностыка – важкі аргумент у тым, каб своечасова прадухіліць горшыя наступствы верагоднага зыходу ўзніклай праблемы. Таму не варта баяцца ісці да ўрача. Баяцца трэба абыякавага і безуважнага падыходу да сябе самога.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






















