Студатрад «Волат» Карэліцкага РУП ЖКГ дапамагае ў добраўпарадкаванні вуліц райцэнтра
Праца студатрадаў даўно на Карэліччыне стала магчымай дзякуючы раённаму камітэту ГА “БРСМ”, які выступае раённым штабам студатрадаў і пасрэднікам паміж моладдзю і наймальнікамі. Для дзяцей – гэта добрая магчымасць далучыцца да рабочай атмасферы, атрымаць першую зарплату, набыць пэўны працоўны вопыт. Для прымаючага боку – гэта дадатковыя працоўныя рукі. Для ўдзельнікаў студатрада ў рамках летняй занятасці – гэта добрая магчымасць падзарабіць.
З 23 чэрвеня на працягу дзесяці рабочых дзён у Карэліцкім РУП ЖКГ будзе працаваць студатрад “Волат”, у склад якога ўвайшлі 20 членаў БРСМ з СШ № 1 і № 2 райцэнтра. У гэтым годзе юнакі і дзяўчаты аказваюць дапамогу ў добраўпарадкаванні сквераў, займаюцца санітарнай ачысткай і ўборкай вуліц, тратуараў, газонаў райцэнтра.
Па словах камандзіра атрада Вольгі Івашка, калектыў атрада згуртаваны, а праца рабятам даецца з лёгкасцю і з жаданнем.
– Вельмі добра, што ў нас з’явіліся памочнікі на аб’екце, – падзяліўся майстар РУП ЖКГ, адказны за арганізацыю працы моладзі Мікалай Яўсей. – Атрад – добрая дапамога на аб’ектах, якія патрабуюць добраўпарадкавання на тэрыторыі райцэнтра. З кожным годам усё больш навучэнцаў праяўляюць ініцыятыву папрацаваць на карысць малой радзімы. Студатрады не толькі прадастаўляюць маладым людзям магчымасць зарабіць грошы, але і дапамагаюць набыць прафесійныя і сацыяльна-бытавыя навыкі, развіваюць пачуццё адказнасці, паважлівага стаўлення да працы, аказваюць станоўчы ўплыў на працэс выхавання маладога пакалення. Праца ў складзе студэнцкага атрада дысцыплінуе і адаптуе да жыцця, забяспечвае магчымасць самарэалізацыі асобы.
Самі ж будатрадаўцы лічаць, што такая праца спрыяе зносінам з аднагодкамі, абмену станоўчымі эмоцыямі, зараджае драйвам і добрым настроем. Да таго ж, гэта выдатны спосаб не толькі разнастаіць свой дзень, але і зарабіць грошы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара









