
На Карэліччыне шмат увагі ўдзяляецца пытанням добраўпарадкавання і навядзення парадку ў населеных пунктах і на вытворчых аб’ектах раёна.
Рэдакцыя газеты «Полымя» сумесна з Карэліцкім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі арганізавалі рэйд і наведалі вёскі Ярэміцкага сельсавета і фермы КСУП «Царука».
Візітная картка
Напачатку рэйду прыпынак у пасёлку Першамайскім сустрэў мяшкамі са смеццем. Хтосьці пакінуў пасля сябе вось такі “сюрпрыз”. Павільён тут устаноўлены сучасны, і такія малюнкі яму не да твару. Аказваецца, чалавек, які навёў парадак на сваім падворку, зрабіў карысную справу толькі напалову, для сябе. Ну, скажыце, як будуць адчуваць сябе пасажыры на прыпынку побач з мяшкамі са смеццем? Ды, праязджаючы па дарозе, наўрад хтосьці парадуецца такім «краявідам». У рэшце рэшт, работнікам ДРБУ-158 давядзецца завезці смецце ў патрэбнае месца, тым самым патраціўшы час і сродкі.
Калі душа не заўсёды радуецца
Душа па-сапраўднаму радуецца за тэрыторыю каля Ярэміцкага Дома культуры. Як ні кажыце, сваімі адносінамі да навядзення парадку на зямлі выканаўцы нясуць культуру ў масы.
Заўважаем падчас рэйду і адрасы безгаспадарчасці. Каля двухпавярховак у Малой Вобрыне — два ржавыя кантэйнеры. За адміністрацыйным будынкам КСУП «Царука» і Ярэміцкага сельсавета — перапоўненыя кантэйнеры з адходамі.
Парадак ва ўсім
Падчас правядзення рэйду наведалі таксама малочнатаварныя фермы КСУП «Царука», дзе назіраліся розныя малюнкі. На ферме «Баўцічы» касілі траву на прылягаючай тэрыторыі. Імкненне жывёлаводаў навесці парадак трэба толькі вітаць. Дрэннага слова нельга сказаць пра тэрыторыю малочнатаварнай фермы «Лядкі». Вось толькі пры ўездзе на ферму каля сіласных ямаў ляжаў раскіданы цэлафан. Як вядома, парадак павінен быць ва ўсім.
Астравок прыгажосці
Вёска Лядкі сустрэла шырокай заасфальтаванай вуліцай, дагледжанымі падворкамі, рознакаляровымі кветнікамі. Нават у дажджлівае надвор’е яна прадаўжала жыць сваім жыццём, і ў наваколлі раздаваліся гукі працуючых трымераў. Мы не памыліліся: два гаспадары касілі траву. Захацелася бліжэй пазнаёміцца з імі.
63-гадовы Сяргей Мікалаевіч Вішнякоў з вёскі Вялікая Вобрына ўжо на пенсіі. У Лядках даглядае бацькоўскі куточак, клапоціцца і пра месца свайго жыхарства. Па яго меркаванні, на зямлі павінен быць наведзены парадак.
Рыгор Іванавіч Дзікун са сталіцы прыехаў на радзіму жонкі. Тут яны праводзяць лета. І трэба адзначыць, што 77-гадовы гаспадар, нягледзячы на ўмовы надвор’я, вельмі ўвішна касіў траву. У вёсцы падабаецца праводзіць летнія дзянькі. Тут збіраецца шмат дачнікаў. Яго душа адпачывае, і можна знайсці справу для рук.
КАМПЕТЭНТНА
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2025 года нумар 267 унесены змяненні ў Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, якія да гэтага дзейнічалі з канца 2012 года. Што новага ў дакуменце Урада, тлумачыць загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела райЦГЭ Валянціна Бузюк.
Калі вы — уладальнік прыватнага дома або зямельнага ўчастка
Правілы дакладна рэгламентуюць утрыманне тэрыторый індывідуальнай жылой забудовы. Так, уладальнікі павінны сачыць за тэхнічным станам сваіх дамоў, гаспадарчых пабудоў і агароджаў. Неабходна своечасова фарбаваць, рамантаваць і замяняць пашкоджаныя элементы, а таксама забяспечваць устойлівасць і цэласнасць плота.
Асобныя патрабаванні прад’яўляюцца да захоўвання будматэрыялаў: яны павінны быць акуратна складзены на ўчастку. Неабходна скошваць газон пры вышыні травянога покрыва больш за 20 сантыметраў, прыбіраць тэрыторыю ад будаўнічага і выпадковага смецця, выдаляць сухую расліннасць. Таксама рэгламентаваны межы пасадкі дрэў і кустоў у дачыненні да сумежных зямельных участкаў.
Неабходна ведаць мяжу тэрыторыі, якая замацоўваецца за ўласнікам (законным уладальнікам) домаўладання: ад мяжы прадастаўленага грамадзяніну (які знаходзіцца ў яго) зямельнага ўчастка да тратуара (у выпадку яго адсутнасці — да мяжы праезнай часткі дарогі), па астатніх баках зямельнага ўчастка — не больш за 10 метраў або палова адлегласці разрыву да суседняга ўчастка, але не больш за 10 метраў.
Калі вы — жыхар шматкватэрнага дома
У новых правілах прадугледжаны паляпшэнні і для зямель агульнага карыстання. У выпадку стаянкі на прыдамавых тэрыторыях транспартнага сродку за грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі замацоўваецца абавязак забяспечваць своечасовую ўборку яе ад снегу на адлегласці не менш як 1 метр вакол аўто. Так што зараз аўтаўладальнікі не змогуць проста ігнараваць заклікі камунальнікаў дапамагчы ў расчыстцы стаянкі ад снегу — гэта афіцыйна залічана ім у абавязак.
Акрамя таго, пашыраны функцыі арганізацый па азеляненні. Яны будуць не толькі саджаць дрэвы і касіць траву, але і ўстанаўліваць, рамантаваць малыя архітэктурныя формы, абсталёўваць дзіцячыя, спартыўныя і гаспадарчыя пляцоўкі, а таксама вертыкальныя кветкавыя канструкцыі.
Што будзе, калі ігнараваць абавязкі па добраўпарадкаванні
Адразу скажам: гэта будзе дастаткова затратна. Адміністрацыйная адказнасць за адпаведныя парушэнні прадугледжана асобным артыкулам КоАП (арт. 22.10) і дыферэнцыруецца ў залежнасці ад катэгорыі парушальніка. Так, за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых зямель агульнага карыстання будматэрыяламі і іншымі прадметамі накладваецца штраф: на грамадзян — да 5 базавых велічынь (цяпер гэта 210 руб.), на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 5 да 10 базавых велічынь (ад 210 да 420 руб.), а на юрыдычных асоб — ад 2 да 20 базавых велічынь (ад 420 да 840 руб.).
За парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, а таксама невыкананне работ па падтрыманню належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў, у тым ліку на тэрыторыях, прылеглых да прадастаўленых грамадзянам, ІП і юрыдычным асобам (якія знаходзяцца ў іх) зямельных участкаў, штрафы нашмат большыя: для грамадзян ён можа дасягаць 25 базавых велічынь (да 1050 руб.), для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 10 да 50 базавых велічыняў (ад 420 да 2100 руб.), юрыдычных асоб — ад 20 да 100 базавых велічынь (ад 840 да 4200 руб.).
Маштабная кампанія па добраўпарадкаванні набірае абароты. Такім чынам, дзяржава фарміруе разуменне, што павышаныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый і зямельных участкаў павінны стаць нормай. Таму не варта чакаць напамінкаў — правядзіце ўборку самі і падкажыце суседзям!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена райЦГЭ









