У Год добраўпарадкавання, дзякуючы ўкараненню арыгінальных ідэй, плошчы, вуліцы і двары вялікіх і малых гарадоў нашай краіны становяцца ўсё больш прывабнымі для жыхароў і турыстаў. Не стала выключэннем і Карэліччына. А адным з самых яркіх прыкладаў такога падыходу сталі тапіярныя фігуры, якія з’явіліся на вуліцах у г.п. Карэлічы і г.п. Мір.
Першы тапіярны арт-аб’ект з’явіўся ў райцэнтры ў пачатку гэтага года на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры. А як падарунак да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – яшчэ дзве навінкі ў Карэлічах і адна – у Міры.
Фігура зубра заняла ганаровае месца на газоне недалёка ад аўтастанцыі.
Чаму менавіта зубр? Як расказалі ў Карэліцкім РУП ЖКГ, гэтая велічная і магутная жывёла па праве лічыцца адным з сімвалаў Беларусі. Яго гісторыя на беларускай зямлі налічвае тысячагоддзі, а само выжыванне віду – яркі прыклад непакорнасці. Сёння ён гонар і здабытак нашай роднай зямлі, аб’ект пільнай увагі навукоўцаў і прадмет захаплення для турыстаў з усяго свету.
Супрацоўнікі РУП «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт» размясцілі новы арт-аб’ект каля АЗС № 52 «Беларуснафта» ў выглядзе далоняў і сэрца з надпісам “Карэлічы”.
Тэрыторыю ў г.п. Мір упрыгожыла тапіярная фігура са штучнай травы — сэрца з надпісам “Мір”, якая заключыла ў сабе фундаментальна значныя сімвалы, любоў і гонар да сваёй Радзімы.
Кожная з тэматычнх фігур не толькі ажыўляе пейзаж, але і выклікае нязменную цікавасць у мінакоў і наведвальнікаў Карэліччыны.
Як адзначаюць мясцовыя жыхары, такія змены пазітыўна адбіваюцца на іх настроі. Фігуры сталі не толькі элементам дэкору, але і любімымі месцамі для фотасесій. Многія сем’і прыходзяць сюды, каб зрабіць яркія здымкі на памяць.
Тапіярныя фігуры вырабляюцца з трывалых матэрыялаў і пакрываюцца штучнай травой. Яны не патрабуюць асаблівага догляду, устойлівыя да ўльтрафіялету, не схільныя да карозіі і не баяцца перападаў тэмператур, таму выдатна выглядаюць у любую пару года і могуць вельмі доўга захоўваць сваю дэкаратыўнасць.
Як бачым, новыя аб’екты не толькі ўпрыгожылі вуліцы гарпасёлкаў, але і сталі сімвалам імкнення да стварэння камфортнага і прыгожага асяроддзя.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






















