
Фальклорны танцавальны калектыў «Спадчына» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці на «Славянскім базары» стаў лепшым у турніры нацыянальнага танца «Танчым разам».
Кіраўнік калектыву «Спадчына» Юлія Шахрай нагадала пра гісторыю яго стварэння. Створаны ён быў у 1967 годзе і працаваў пры Тудараўскім сельскім клубе. У 2013 пачаў працаваць на базе Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам Васілія Чартко. З 2021 года і па жнівень 2023 года яго кіраўнік — Вольга Ложачнік.
Юлія Раманаўна ганарыцца тым, што сёння калектыў прадаўжае яго слаўныя традыцыі.
— Сёлета «Спадчыне» выпала цудоўная магчымасць прадстаўляць Гродзеншчыну на «Славянскім базары», адкуль мы прывезлі два дыпломы. Упершыню ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе «Танчым разам». Напярэдадні выступлення было вялікае хваляванне. На суд журы карэліцкія выканаўцы прадставілі аўтэнтычную кадрыль. Журы высока ацаніла наша майстэрства, — адзначыла Юлія Шахрай.
Кадрылі ў сваёй аснове маюць замежнае паходжанне. Яны прыйшлі на Беларусь у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Этнографы канца ХІХ стагоддзя адзначалі, што амаль кожная вёска мае сваю кадрылю. Гэта адбілася ў назве танцаў, у нас яна «Тудараўская» і «Лядкаўская».
З удзячнасцю кіраўнік гаворыць пра кожнага ўдзельніка калектыву. Усе пастараліся на славу, а народны ансамбль народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі» (кіраўнік Васілій Навумовіч) па-майстэрску акампаніраваў выканаўцам.
Вялікае ўражанне на ўдзельнікаў фестывалю аказала і выступленне Кірыла і Таццяны Дубковых. Яны сталі ўладальнікамі дыплома 1-ай ступені. Кірыл і Таццяна прызнаюцца:
— Танец павінен ісці ад сэрца. Нам па душы бытавыя, мясцовыя танцы, у якіх адчуваецца сапраўдная жывая эмоцыя. Нам прыемна займацца тым, што натхняе і прыносіць радасць. Удвая прыемна, што праз танцы выканаўцы нясуць радасць і добры настрой.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота «Гродзенскай праўды»






















