Сёлета выйшла ў свет кніга Ірыны Шатыронак «Неизвестные автографы белорусских писателей-партизан». Яна — пісьменнік, журналіст, публіцыст, аўтар 15 кніг. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларускага Саюза журналістаў. Жыве і працуе ў горадзе Гродна.
У прадмове да выдання аўтар паведамляе аб тым, што «нарысы ў кнізе — не кароткая энцыклапедыя, але пазнавальнае знаёмства з новымі старонкамі біяграфій пісьменнікаў-франтавікоў і іх творамі».
Кніга прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ёй крыху больш за 100 старонак і шмат фотаздымкаў. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, гэта сапраўдны клад. «Аўтографы пісьменнікаў — асаблівы літаратурны жанр, яны могуць аб многім расказаць, перш за ўсё, аб асабістых адносінах», — адзначае аўтар.
Напачатку цэлы раздзел прысвечаны Паўлу Жалезняковічу, які пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў старшынёй Мірскага райвыканкама, пазней — першым сакратаром райкама партыі ў Карэліцкім раёне. Усюды працаваў паспяхова і ў пасляваенны час быў «своеасаблівым магнітам прыцяжэння для баявых таварышаў». Артыкулы сведчаць пра гэта: «Дарагі дружа!» (Максім Танк), «На добры ўспамін» (Уладзімір Караткевіч), «Цудоўнаму чалавеку, камуністу…» (Іван Шамякін), «З даўняй, нязменнай павагай…»(Іван Мележ).
«Ваенная тэма невычэрпная, увесь час хочацца адпачыць ад вайны — не атрымліваецца», — піша Ірына Шатыронак і тлумачыць, што людзі далёкай вайны, героі яе нарысаў і будучых кніг вяртаюцца да яе і трывожаць, і яна не ў сілах пакінуць цяжкую тэму. Хочацца нагадаць: шмат гадоў падтрымлівае творчае супрацоўніцтва з раённай газетай «Полымя» — піша артыкулы на ваенную тэму.
Старшы навуковы супрацоўнік установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Марыя Беленава дзеліцца сваімі ўражаннямі ад кнігі:
— У кнізе «Неизвестные автографы белорусских писателей-партизан» мяне ўразілі пісьмы Веры Адынец Паўлу Жалезняковічу і сваім сябрам па партызанскай барацьбе. У лістах шмат добрых слоў і ўспамінаў аб тым далёкім часе. Асабліва кранула тое, што сяброўства прадаўжалася і пасля вайны. Яны часта сустракліся ў Паўла Арсенцьевіча і абмяркоўвалі самыя розныя тэмы. Гэта былі сціплыя і прыстойныя людзі, не выхваляліся сваімі ўзнагародамі і становішчам у грамадстве, хаця яны прайшлі цяжкі шлях барацьбы і заслугоўвалі павагі і ўвагі да сябе.
Так і іх дзеці. Мне давялося вучыцца разам са старэйшым сынам Уладзімірам Жалезняковічам у адной групе на гістарычным факультэце Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. Ён быў вельмі сціплы, неганарлівы, добразычлівы, гатовы прыйсці на дапамогу. Малодшы сын Віктар працаваў другім сакратаром Карэліцкага райкама камсамола і меў рысы характару, як і старэйшы брат.
Як гісторык, я больш даведалася пра лёсы Паўла Жалезняковіча, Паліны Осінай (Маскалёвай), беларускіх пісьменнікаў-партызан Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка і іншых. Лічу, што гэтая кніга будзе карысная для настаўнікаў гісторыі, класных кіраўнікоў, для вучняў школ пры напісанні навукова-даследчых прац. Яна вучыць ведаць і памятаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і аддаваць даніну павагі тым, хто цаной свайго жыцця заваяваў Перамогу.
На Карэліччыне памятаюць Паўла Арсенцьевіча Жалезняковіча. Яго імем названа адна з вуліц райцэнтра, адкрыта памятная таблічка ў Карэлічах. Піянерская арганізацыя ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» носіць яго імя. Піянеры даглядаюць яго магілу.
Згодна з аўтарам кнігі, што эмацыянальныя пісьмы з фронту, якія друкуюцца ў раённай газеце «Полымя», раскажуць сучаснаму пакаленню больш, чым параграфы з падручнікаў гісторыі. Іх можна выкарыстаць на ўроках гісторыі, класных выхаваўчых мерапрыемствах, інфармацыйных гадзінах, пры правядзенні музейных урокаў.
Хочацца выказаць словы вялікай удзячнасці аўтару кнігі Ірыне Шатыронак за вялікую даследчую працу па зборы матэрыялаў аб пісьменніках-франтавіках, што дае магчымасць чытачам глыбей пазнаць гісторыю свайго краю і пажадаць плённай творчай працы.
Дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Арцюх адзначае:
—Вялікі ўклад у Перамогу ўнеслі беларускія пісьменнікі-партызаны, якія самі былі ўдзельнікамі ваенных дзеянняў і адлюстроўвалі ў сваіх творах не толькі рэальныя падзеі, але і асабісты вопыт.
Аб пісьменніках-партызанах, ураджэнцах Карэліцкага раёна, мы даведваемся, чытаючы кнігу Ірыны Шатыронак «Неизвестные автографы белорусских писателей-партизан». Гэта Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Яўгеній Крамко. Аўтар злучае лёс, творчасць, жыццё пісьменнікаў-партызан, франтавікоў, сведкаў вайны. У кнізе першы нарыс прысвечаны Паўлу Арсенцьевічу Жалезняковічу, які «быў своеасаблівым магнітам прыцяжэння для баявых таварышаў», аб’ядноўваў пісьменнікаў у саюз аднадумцаў. Штогод пісьменнікі сустракаліся ў П. А. Жалезняковіча ў Карэлічах і ўспаміналі ваенныя гады ў барацьбе з фашызмам.
У кнізе размешчаны старыя здымкі з адлюстраваннем зборнікаў беларускіх пісьменнікаў з іх аўтографамі, разгорнутыя спасылкі і цытаты з нарысаў, расказаў, аповесцей, архіўных дакументаў. Праз радкі з кніг, праз дыялогі і апісанні падзей, мы нанова адкрываем для сябе сілу духу і непераможнасць чалавека. Давайце памятаць пра іх, ганарыцца іх спадчынай і перадаваць гэтую памяць з пакалення ў пакаленне, каб сувязь часу не перарывалася.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ






















