Кожны вернік прыходзіць да Бога сваім шляхам. Якім ён быў у прыхаджанак царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Тамары Іванаўны БЫЧКО і Ірыны Іванаўны МАЛЫШЧЫК з г.п. Карэлічы, пацікавілася пры сустрэчы журналіст раённай газеты «Полымя».

— Як Вы прыйшлі да Бога? Магчыма, продкі наведвалі царкву?
Тамара: — Мая бабуля Ганна хадзіла з намі, унукамі, у царкву. Калі яе не стала, наведвалі святыню з бацькамі і адны. Вера ў Бога засталася са мной на ўсё жыццё.
Ірына: — Я родам з вёскі Рамейкі Райцаўскага сельсавета. У нашай вёсцы царквы не было, і мы хадзілі ў Райцу, там быў царкоўны домік, у якім вяліся богаслужэнні. З таго часу захавалася вера ў Бога.

— Як часта прыходзіце да царквы?
Тамара: — Кожную нядзелю і ў святы. Уважліва слухаю іерэя Ігара, калі святар вядзе богаслужэнні — і прыходзіць супакаенне ў душы.
Ірына: — Мне трэба абавязкова пабываць у царкве, для мяне яна — святое месца. У душы святасць нясу ўсё жыццё.
— У паўсядзённым жыцці Вам удаецца жыць з чыстым сумленнем? Адначасова верыць у Бога, любіць родных, паважаць людзей, шанаваць продкаў?
Тамара: — Так, удаецца. У гэтым сэнс майго жыцця, і мне дапамагае Гасподзь.
Ірына: — Гэта з’яўляецца і сэнсам майго жыцця. Веру ў Бога, дапамагаю людзям, памятаю пра продкаў.
— Малітва мае вялікае значэнне ў жыцці. Як часта Вы звяртаецеся да іх?
Тамара: — Кожны дзень чытаю ранішнія і вячэрнія малітвы. І абавязкова — «Евангелие» і «Псалтирь». Мае малітвы — за дзяцей і ўнукаў, родных і блізкіх, усіх людзей і мір на зямлі.
Ірына: — Малітваслоў у мяне на стале пастаянна. Малюся за здароўе ўсёй сям’і і ўсіх людзей. А таксама — за ўпакаенне родных і блізкіх, якіх няма побач, але яны жывуць у маім сэрцы.
— Як вядома, слова і лечыць, і калечыць. На Вашу думку, якіх слоў трэба пазбягаць у паўсядзённым жыцці?
Тамара: — Не трэба сварыцца, зласловіць, падманваць, ліслівіць. Неабходна гаварыць добрыя словы і жадаць усім здароўя і дабра.
Ірына: — Сапраўды, трэба імкнуцца да добрых гутарак з людзьмі. На вялікі жаль, не заўсёды гэта атрымліваецца зрабіць. Іншы раз выскачыць з вуснаў нежаданае слова, якога можна было б пазбегнуць, таму прашу прабачэння ў Госпада за такі ўчынак.
— Сёння шмат гаворыцца і пішацца аб уменні быць цярплівым, нават сярод пажаданняў часта зычаць людзям цярпення.
Тамара: — Стараюся быць уважлівай да акружаючых. Рада прыезду ўнукаў і дзяцей. З суседзямі таксама жыву ў ладзе.
Ірына: — Шчыра кажучы, цярпення хапае не заўсёды. Жыву не адна, і хочацца павучаць сямейнікаў. Хаця вучуся пастаянна цярпенню, іншы раз проста стараюся прамаўчаць.
— Нядаўна адзначылі вялікае хрысціянскае свята — Пакровы і дзяржаўныя — Дзень маці і Дзень бацькі. Сям’ю называюць «малой царквою». На Вашу думку, якой павінна быць сям’я?
Тамара: — У першую чаргу, веруючай. Веруючы чалавек вылучае дабрыню, па-сапраўднаму любіць Радзіму і людзей, не робіць злосных учынкаў. А яшчэ сям’я павінна быць дружнай і працавітай — гэта мацуе яе дабрабыт.
Ірына: — Безумоўна, веруючай. Дзеці і ўнукі маёй сям’і прыходзяць да царквы і аказваюць дапамогу маючым патрэбу. Вера дапамагае захаваць сям’ю.
— Адзін са старцаў сцвярджае: «Не шукай вялікіх подзвігаў. Скажы добрае слова панураму. Аддай хлеб галоднаму. Не асудзі і ўжо выратуешся. Вялікае пачынаецца з малога, але шчырага». Вы падзяляеце гэтае меркаванне?
Тамара і Ірына: — Гэтыя словы справядлівыя. Імкнёмся жыць шчыра і ад душы. Наведваем хворых у раённай бальніцы. Стараемся, каб у царкве святых апосталаў Пятра і Паўла райцэнтра было чыста, на яе тэрыторыі цвілі кветкі. І каб на душы ва ўсіх прыхаджан была радасць, і яны знаходзілі супакаенне.
— Як наконт меркавання, што трэба даверыцца Богу, і тады жыццё будзе напоўнена сэнсам і гармоніяй?
Тамара: — Я давяраю свой лёс Богу, а таксама лёс сваіх дзяцей і ўнукаў. Пераканалася на ўласным жыцці: Гасподзь не пакінуў нашу сям’ю ў цяжкіх жыццёвых абставінах.
Ірына: — Мне Бог дапамагаў і не адзін раз. Сапраўды, з Усявышнім перажывеш любую бяду, і Ён са мной кожны дзень.
— Нашы продкі надавалі вялікае значэнне абразам. Іх размяшчалі ў чырвоным кутку хаты і засцілалі вышыванымі ручнікамі. Яны ёсць у Вашых дамах?
Тамара: — Іконы Іісуса Хрыста, Прасвятой Багародзіцы, Казанскай Божай Маці, Свяціцеля Мікалая, Архангела Міхаіла. Малюся Іісусу Хрысту, у Святога Мікалая прашу дапамогі дзецям у дарозе.
Ірына: — У маёй хаце іх таксама шмат. Малюся святым і прашу здароўя, унуку Раману — удачы ў далёкім шляху — і Святы Мікалай адгукаецца на маю малітву.
— Многія вернікі прызнаюцца, што ў царкве душа адпачывае. Што ж адчуваеце Вы?
Тамара: — Адчуваю сябе лёгка, тут добра дыхаецца, на душы светла.
Ірына: — Радасць ад таго, што прыйшла да Бога. І на службе Гасподзь са мною: Ён — у малітвах.
— У Вас ёсць пажаданні тым, хто шукае Бога, і ў яго не атрымліваецца?
Тамара: — Трэба абавязкова шукаць Бога. Чытаць Новы Запавет. Па магчымасці хадзіць у царкву. У рэшце рэшт, усё павінна наладзіцца ў жыцці.
Ірына: — І верыць у Бога — Ён дапамагае жыць і тварыць. «Без Бога ні да парога», — гавораць у народзе, і гэта сапраўды так у жыцці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
























