Падстава для артыкула і сапраўды годная – сталыя людзі ахвяравалі ўласнымі сродкамі, сіламі і ўстанавілі два паклонныя крыжы: на ўездзе ў вёску Баранавічы і выездзе з яе.
Іван Анатольевіч Кучко расказвае, што можна было б і талакою справіцца, аднавяскоўцы прапаноўвалі сваю дапамогу і сродкі. Аднак нікога вырашылі не турбаваць:
– У маладзейшых сем’і, дзеці, іншыя выдаткі і клопат. А я люблю, каб са справамі доўга не цягнуць.
28 лістапада ў праваслаўных хрысціян пачаўся Калядны пост, які рыхтуе вернікаў да светлага свята Нараджэння Хрыстова. Вядома, што пост – не пра тое, як сябе абмежаваць, а як набыць. Гэта шлях да нашага асабістага Раства. Маленькімі крокамі: у пакаянні, малітве і дапамозе тым, хто побач мае патрэбу, адправімся ў падарожжа. Хай дапаможа Гасподзь!

У вёсцы Баранавічы ў гэты дзень адбылася значная для праваслаўных хрысціян падзея. Настаяцелем храма Святой вялікапакутніцы Варвары з аграгарадка Райца іерэем Аляксеем быў асвечаны новы паклонны крыж на выездзе з населенага пункта. Заўважу, што па ліку гэта ўжо шосты крыж у гэтай вёсцы. Як і дзве тысячы гадоў таму, паклонны крыж нагадвае людзям пра спрадвечную праваслаўную веру. Прыдарожныя крыжы ля вёсак – сімвалічныя для хрысціян. Раней, калі адпраўляліся ў дарогу альбо ўваходзілі ў населены пункт, абавязкова спыняліся ля іх, прасілі дапамогі ў Бога і дзякавалі Яму і нябесным заступнікам.
Ініцыятарам добрай справы ў вёсцы стаў Іван Анатольевіч Кучко. Разам са сваёй жонкай Ірынай Сяргееўнай вырашылі, што з-за сваёй занятасці рэдка прыходзіцца бываць у храме, а жыццё ідзе, выраслі дзеці, не толькі родныя, а і прыёмныя. Разляцеліся дзеці па свеце: настаў час, каб падзякаваць Богу за Яго апеку і заступніцтва ў цяжкія хвіліны жыцця. І вось 7 ліпеня гэтага года, на Раство Іаана Прадцечы, быў устаноўлены і асвечаны крыж на ўездзе ў вёску. Сёння ж асвечаны ўжо другі, на выездзе з вёскі. Абодва крыжы стаяць на вялікіх камянях, якія сімвалізуюць гару Галгофу, на якой быў распяты Гасподзь.
Цёплыя словы падзякі сям’і Кучко выказалі аднавяскоўцы. На іх думку, крыжы пастаўлены не толькі для таго, каб ушанаваць даўнюю традыцыю, але і каб мець своеасаблівы духоўны шчыт, які абароніць іх ад нягод і нястачы.
Па заканчэнні чыну асвячэння крыжа айцец Аляксей падзякаваў усім за малітву, павіншаваў прысутных з першым днём Каляднага посту і пажадаў, каб усе мы не забывалі пра Бога. Гледзячы на крыж, мы павінны ўзгадваць, што Гасподзь зрабіў для кожнага з нас: Сваёй смерцю Ён здзейсніў перамогу над грахом. У кожнага з нас ёсць грахоўныя звычкі, мы павінны змагацца з імі. На ўсё свой час. Дзякуй Богу за ўсё! Нават калі вы не разумееце, што і чаму адбываецца ў вашым жыцці, працягвайце давяраць Богу. На думку настаяцеля, у жыцці кожнага чалавека вельмі важная любоў, якая робіць усіх людзей роднымі. У знак удзячнасці айцец Аляксей падарыў сям’і Кучко кнігу “Любви много не бывает”.
Разыходзячыся, аднавяскоўцы казалі: “Божай дапамогі Вам і Вашай сям’і ў Вашых добрых справах!”.
Таіса МУХІНА, агр. Райца
























