Жанчына — гэта дзіўная і шматгранная з’ява прыроды і грамадства. Яна ўвасабляе прыгажосць, сілу, мудрасць і пяшчоту адначасова. Спрадвек жанчына лічыцца ўвасабленнем цяпла, утульнасці і кахання ў кожным доме. Жанчына сёння — гэта сімвал перамен, крыніца натхнення і сілы, здольная прымаць важныя рашэнні і ўплываць на свет вакол сябе.
Яскравым прыкладам сучаснай жанчыны з’яўляецца Таццяна Шчука. Карэнная карэліччанка вырасла, адвучылася і працуе на сваёй малой радзіме.
— Мне падабаецца жыць і працаваць на сваёй роднай зямлі. Мяне ніколі не вабіла невядомая далячынь. Шчасце засёўды побач. Нарадзілася я тут, у Карэлічах, вучылася ў сярэдняй школе нумар два, а пасля заканчэння вырашыла атрымаць прафесію лабаранта хімічнага аналізу ў родным Карэліцкім дзяржаўным будаўнічым каледжы.
Таццяна Міхайлаўна працуе кантралёрам вадаправоднай гаспадаркі ў РУП ЖКГ. Работа не з простых. Кожны дзень жанчына выконвае шэраг абавязкаў і вельмі добра спраўляецца з імі.
— У Карэлічах адкрылася станцыя другога пад’ёму, куды я ўладкавалася лабарантам. Працую ўжо чатырнадцаць гадоў. Праца не надакучыла, бо кожны дзень розныя заданні.
Таццяна Шчука не толькі цудоўны спецыяліст, але і клапатлівая маці і добрая гаспадыня. Разам з мужам яны выхавалі траіх дзяцей.
— Быць шматдзетнай маці не проста, гэта праца, але прыемная. Мне пашчасціла стаць шматдзетнай маці. Мае дзеці — гэта мой скарб, маё багацце. Кожны з іх знайшоў сябе ў жыцці, а калі шчаслівыя дзеці, тады шчаслівая і маці.
Па меркаванні Таццяны Міхайлаўны, сучаснай жанчынай быць не вельмі проста. Трэба сумяшчаць і працу, і хатнюю гаспадарку, выхаванне дзяцей, клопат пра родных.
— Прыемна, што 2026 год аб’явілі Годам беларускай жанчыны. На мой погляд, каб не было жанчыны, не было б Сусвету. Бо жанчына — гэта маці, якая дорыць жыццё і клопат, ахоўніца сямейнага ачага і натхняльніца на новыя здзяйсненні. Яна паспяхова спалучае прафесійныя дасягненні, сямейныя клопаты і асабістыя інтарэсы, пры гэтым застаючыся моцнай і клапатлівай.
Кажучы пра асабістыя інтарэсы, Таццяна расказала і пра свае захапленні. Жанчына мае не характэрны для жаночага полу занятак — любоў да рыбалкі.
— У свае выхадныя дні я люблю бавіць час на рэках і азёрах. У асноўным хаджу на рыбу ў летні час. На зімовае вуджэнне не пускае муж — клапоціцца пра маю бяспеку. На рыбу едзем з ім разам — я лаўлю, ён рыхтуе вогнішча, стварае ўтульную атмасферу. Гэты занятак дорыць мне спакой, раўнавагу і натхненне.
У гэту нядзелю адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Свята вясны, прыгажосці і росквіту. Для Таццяны Шчука гэта дзень увагі, любові і цеплыні.
— Я лічу, што гэта свята любові, цеплыні і красы, якое стала сімвалам надзеі і сілы. Кожная жанчына хоча адчуваць сябе любімай і жаданай. 8 Сакавіка не толькі нагода для віншаванняў, але і момант, каб асэнсаваць значэнне жанчыны ў нашым жыцці і ў свеце ў цэлым. Для мяне ў гэтае свята галоўнае не падарунак, а ўвага з боку мужа і дзяцей, а астатняе — дробязь.
Што датычыцца сапраўднага жаночага шчасця, то Таццяна Міхайлаўна адказвае так:
— Сапраўднае жаночае шчасце — гэта перш-наперш сям’я. Павага мужа, дзяцей. Калі ёсць лад у сям’і, тады ў жанчыны на душы спакой. А яшчэ кожная жанчына ўнікальная, і яе шчасце — гэта індывідуальная дарога, поўная адкрыццяў і самаўдасканалення. Напярэдадні свята хочацца пажадаць жанчынам моцнага здароўя, заўсёды заставацца прыгожымі. Няхай у вашых сэрцах заўсёды квітнеюць каханне, радасць і натхненне. Жадаю шчасця, міру і дабрабыту ў вашых дамах. Няхай любоў і цеплыня заўсёды жывуць у вашых душах, а ўсе мары і спадзяванні збываюцца. Будзьце заўсёды ўпэўненымі ў сабе, мудрымі і бязмерна шчаслівымі.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























