Сучасная жанчына паспявае ўсюды. Яна добрая працаўніца і шчаслівая маці. Умела спалучае абраную справу з клопатамі па доме — і яе сэрца напоўнена вялікай радасцю. Новы дзень — новыя клопаты, адкрыцці, мары, спадзяванні — дзеля гэтага хочацца жыць.
ВЫБАР
Таццяна родам з вёскі Хорск Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Хорскую сярэднюю школу і медыка-прафілактычны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
— Мне хацелася займацца прафілактыкай захворванняў, каб гэтым папярэдзіць хваробу, — гаворыць субяседніца. — За шэсць гадоў набыла добры багаж ведаў і прыехала на працу з мужам у Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Спачатку была ўрачом-інтэрнам, затым — урачом-гігіеністам санітарна-эпідэміялагічнага аддзела. І цяпер на гэтай пасадзе.
СЯМ’Я
З Аляксандрам пазнаёміліся ў вну. Вучыліся ў адной установе, яна — на другім курсе, ён — на чацвёртым.
— Мы сустрэліся ў інтэрнаце, — успамінае Таццяна. — Ён быў спартыўным дзеячам і збіраў групу падтрымкі для спартыўных спаборніцтваў. З таго часу пачаліся гутаркі, потым сустрэчы. У рэшце рэшт, закахаліся адзін у аднаго.
Маладыя людзі пажаніліся ў 2011 годзе, калі дзяўчына скончыла пяты курс. Вяселле гулялі ў кафэ «Рагнеда» г.п. Мір.
Спачатку пачалі жыць у інтэрнаце аўтапарка № 8 г.п. Карэлічы. Ім выдзелілі адзін пакой, потым — цэлы блок. Паступова набывалі мэблю. Жылі і працавалі.
ДОМ
Затым сям’я Германюк пераехалі ў арэндную кватэру. Хутка зразумелі: трэба будаваць сваё жыллё.
— Мы абодва вясковыя (Аляксандр з вёскі Пагародна Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці), таму вырашылі будаваць дом, каб быў побач прысядзібны ўчастак і можна было ўстанавіць цяпліцы.
За справу сям’я ўзялася ў 2018 годзе і дагэтуль прадаўжае весці будаўніцтва. У доме — тры спальныя пакоі, гасцёўня сумесна з кухняй, ванны пакой і два падсобныя памяшканні.
Таццяна Міхайлаўна пераканана, што дом і сям’ю аб’ядноўвае сямейнае гняздо, аб якім зберагаецца памяць у дзяцей, і ў дарослым узросце яны ўспамінаюць яго з цяплом і пяшчотай. Гэта месца сілы і супакаення, тут заўсёды зразумеюць і падтрымаюць.
ДЗЕЦІ
У сям’і Таццяны Міхайлаўны і Аляксандра Уладзіміравіча Германюк падрастаюць дзве дачушкі. Старэйшая 11-гадовая Даша — вучаніца 5 класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Па словах матулі, яна разумная, творчая, жвавая. Вучыцца добра, на васьмёркі і дзявяткі. У яе шмат сябровак. Яна дапамагае па доме, прыбірае свой пакой, мые посуд, гатуе ежу. Бацькоў радуе, што дзяўчынка прывучаецца да гаспадарчых спраў па доме.
Сямігадовая Мар’яна наведвае 2 «Б» клас гэтай жа школы. «Яна лагодная, памяркоўная, дапытлівая, уважлівая, — характарызуе дачку Таццяна Міхайлаўна. — І гэта добра, калі адна дачка дапаўняе другую. Таксама прывучаецца да работы па доме і вучыцца наводзіць парадак і чысціню. Дачушкі — гэта пяшчота, лагода, радасць і дапамога. І я шчаслівая матуля.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
























