Малыя Жухавічы
Вёска Малыя Жухавічы раскінулася крыху вышэй Вялікіх Жухавіч, у бок горада Баранавічы. Упершыню яна ўпамінаецца ў 1569 годзе, аб гэтым сведчаць дакументы, якія захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. За сваю гісторыю мястэчка мела пяць уладальнікаў з пяці розных шляхецкіх родаў.
— Як ужо вядома, жухавіцкія землі дасталіся ад вялікага князя літоўскага з роду Неміровічаў, — расказвае мясцовы жыхар, краязнаўца Аляксандр Драткоўскі. — У XV стагоддзі мястэчка Жухавічы знаходзілася пад юрысдыкцыяй Міра. І валодаў гэтым мястэчкам Станіслаў Давойна, сын Станіслава Якубавіча Давойны і Сафіі з Неміровічаў, ваявода Полацкі, уладальнік Ішкальдзі, які быў жанаты першым шлюбам з Петранелай Радзівіл. Ён абмяняў Жухавічы на іншую маёмасць, якая знаходзілася ў юрысдыкцыі Ішкалдзі, з Мікалаем Харлінскім, падкаморым Луцкім, каштэлянам Браслаўскім. Мікалай у сваю чаргу перадаў мястэчка свайму сыну Сымону, ротмістру каралеўскаму, прыкладна ў 1620 годзе. А Сымон перадаў яго ў спадчыну яшчэ аднаму прадстаўніку з рода Харлінскіх Яну-Міхалу, стольніку Смаленскаму, войту Навагрудскаму.
Аляксандр Мікалаевіч у сваёй калекцыі мае шмат цікавых архіўных матэрыялаў па гісторыі вёскі Малыя Жухавічы і наваколля. Ён расказвае, што па загаду і з фундацыі Яна-Міхала Харлінскага была пабудавана царква Святога Яна, якая не захавалася да нашых дзён, і дзе менавіта яна знаходзілася, невядома. Многія гісторыкі лічаць, што ў гэтай царкве стваралася Мала-Жухавіцкае Евангелле, помнік беларускага рукапіснага кнігапісання канца ХV-пачатку ХVІ стагоддзя, якое было адноўлена.
— З цягам часу мястэчка перайшло яшчэ аднаму прадстаўніку рода Харлінскіх, Пятру, — працягвае Аляксандр Мікалаевіч. — Царква Святога Яна ўспамінаецца як яго ўласнасць у 1682 годзе. Пётр быў апошнім уладальнікам Малых Жухавіч з рода Харлінскіх. На жаль, гэты род не ўспамінаецца ў беларускіх энцыклапедычных выданнях.
Невядома, якім чынам, але далей Малыя Жухавічы апынуліся ва ўласнасці спачатку Стэфана Сасноўскага, а потым рода Воінаў-Ясянецкіх.
— Род Воінаў-Ясянецкіх валодаў мястэчкам Малыя Жухавічы прыкладна з канца ХVІ стагоддзя да ХVІІІ стагоддзя. А пасля перайшло да родзіча Воінаў-Ясянецкіх, Казіміра Ігната Несялоўскага, кашталяна Смаленскага і старасты Цырынскага, які быў здольным паэтам і пакінуў пасля сябе чатыры кнігі на польскай і лацінскай мовах, выдадзеных у Пінску. Пасля яго смерці, у 1752 годзе, мястэчка Малыя Жухавічы перайшло ў спадчыну да яго пляменніка Юзафа Несялоўскага, ваяводы Наваградскага, сына Адама, брата Казіміра. Трэба адзначыць, што Несялоўскія ніколі не жылі ў Малых Жухавічах. Іх родавы маёнтак знаходзіўся ў вёсцы Варонча.
З фінансавай падтрымкай Юзафа Несялоўскага з’явілася драўляная царква Ражства Іаана Прадцечы, пры якой было яшчэ 25 валок зямлі. Ён быў чалавекам сваёй эпохі, феадалам, але і барацьбітам, валодаў вялікім аўтарытэтам сярод сваіх сучаснікаў.
— Несялоўскія валодалі Малымі Жухавічамі да 1814 года. У гэтым годзе Юзаф Несялоўскі памёр і быў пахаваны ў крыпце Варанчанскага касцёла, — працягвае Аляксандр Драткоўскі. — Яго сын Ксаверы прадаў усе маёнткі і вярнуўся ў Польшчу. І, па ўсёй верагоднасці, Жухавіцкую маёмасць купіў Міхал Абламовіч. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў яго сыну, Уладзіславу, студэнту Віленскага ўніверсітэта, пасля губернскі сакратар, а потым служыў у канцылярыі Навагрудскага павятовага маршалка. Пры Уладзіславе маёнтак стаў больш багаты, чым пры яго бацьку. Напярэдадні адмены прыгоннага права колькасць душ прыгонных людзей у маёнтку Малыя Жухавічы складала 166 чалавек мужчынскага полу і 154 — жаночага полу. А гэта, я вам скажу, нямала. Ва Уладзіслава нарадзіўся сын Міхаіл, які ў гады вучобы прыняў удзел у студэнцкім паўстанні 1863-1864 гадоў, за што на маёнтак Малыя Жухавічы па рашэнні Ваеннага суда была накладзена забарона, а самога Міхаіла Абламовіча выслалі на жыхарства ў Пермскую губерню.
Як сведчыць гісторыя далей, нядоўга працягвалася высылка Міхаіла, але за гэты час частку маёмасці выкупіў надворны саветнік Іван Папоў. Таму ў Жухавічах з’явілася два маёнтка. У далейшым адным з іх валодаў Аляксандр Ксавер’евіч Рудлеўскі, а другім – Паўліна Сомерс, дачка Міхаіла Абламовіча, які пасля смерці быў пахаваны ў старасвецкім парку, недалёка ад сядзібы, у Малых Жухавічах у сямейным склепе. Паўліна ж валодала маёнткам да пачатку Другой сусветнай вайны 1939 года.
— У сваім маёнтку Рудлеўскі адкрыў цагельню, якая вырабляла дахоўку. Яе якасць была вядома далёка за межамі Наваградскага павету. На жаль, да нашых дзён сядзібы не захаваліся, толькі рэшткі сцен будынка, дзе па меркаваннях мясцовых жыхароў, жыла прыслуга.

Ад той далёкай, але цікавай гісторыі да нашых дзён дайшла драўляная царква Ражства Іаана Прадцечы, якая пабудавана ў 1783 годзе ў выглядзе выратавальнага карабля.
Настаяцель храма іерэй Ігар Пятроўскі расказвае:

— Гаворачы аб царкве Ражства Іаана Прадцечы, хочацца ўзгадаць словы прападобнага Серафіма Сароўскага: “Жыццё наша — гэта мора. Царква — гэта карабель, на якім мы ўсе разам плывём па гэтым моры. А стырнік — гэта ніхто іншы, як Гасподзь наш Ісус Хрыстос”.
Храм неаднаразова перабудоўваўся. Так, у 1864 годзе да царквы дабудаваўся бабінец з невялічкай купалападобнай надбудовай. У XVIII стагоддзі пры царкве дзейнічала царкоўна-прыходская школа. А ў 1878 годзе царкву перабудавалі ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Што і робіць яе архітэктуру незвычайнай. З’явіліся званіцы, шмат архітэктурных элементаў, характэрных для дадзенага стылю, а таксама купалы, якія па форме нагадваюць галоўкі цыбулі і завяршаюць асноўны аб’ём і шатровую званіцу.
— Храм захаваўся ў гады Першай і Другой сусветных войнаў, — працягвае айцец Ігар Пятроўскі. — У 1961 годзе царкву зачынілі і хацелі зрабіць зернясховішча. Але людзі адстаялі святыню, і ў храме проста зачынілі дзверы. Вядома, з цягам часу вокны паразбіваліся і там збіралася рознае смецце, сяліліся птушкі. Але на вялікія святы жыхары вёскі Малыя Жухавічы прыбіралі ў царкве. Цікава, што сярод вяскоўцаў быў адзін паважаны чалавек, які чытаў малітвы і тым самым праводзіў службы.
Ужо ў 1980-х гадах службы ўзнавіліся. І па сённяшні дзень храм Ражства Іаана Прадцечы – месца, дзе мясцовыя жыхары могуць памаліцца, пабыць з Богам, сустрэць вялікія і малыя царкоўныя святы. Царква таксама выклікае вялікі інтарэс у турыстаў.
Асаблівую цікавасць выклікае драўлянае ўбранства храма – гэта самая сапраўдная памяць аб сабе мясцовага ўмельца Андрэя Іванавіча Кандзеры, вядомага як Плацяк. Выдатнай працы аклады на абразах, разьба на царскіх варотах — усё гэта створана рукамі майстра.
— Ёсць у нашым храме абраз Божай Маці “Дигитрия”. Гэта наша каштоўнасць. На жаль, няма звестак аб тым, хто напісаў і хто ахвяраваў гэты абраз. Ён напісаны на залатым фоне ў срэбраным акладзе. Шматлікія паломнікі ідуць да гэтага абраза, каб узнесці свае малітвы і ўдзячнасць Божай Маці за ўсе свае дзеянні дзеля нас.

Як ужо ўзгадвалася вышэй, у Малых Жухавічах стваралася Мала-Жухавіцкае Евангелле, помнік беларускага рукапіснага кнігапісання канца ХV-пачатку ХVІ стагоддзя, якое было адноўлена. Як кажа айцец Ігар Пятроўскі, магчыма, у Беларусі не захавалася больш такіх помнікаў старажытнай пісьменнасці, як Мала-Жухавіцкае рукапіснае Евангелле.
— У царкве з 2023 года знаходзіцца факсімільная копія Евангелля, арыгінал захоўваецца ў Акадэміі навук горада Вільнюс Літоўскай Рэспублікі. Акрамя гэтага, у нас захаваліся “книги брачных обысков”. Раней, калі не існавала ЗАГСа, шлюб рэгістраваўся ў царкве ў дадзенай кнізе. Туды ўносіліся ўсе дадзеныя пра маладога і маладую. Некаторыя кнігі датуюцца 1888 годам.

Як у Вялікіх, так і ў Малых Жухавічах свята вёскі цесна звязана з царквой. У Малых Жухавічах яно святкуецца на свята Дзявятнік, гэта чацвер на дзявятым тыдні пасля Вялікадня, у гонар залажэння царквы Ражства Іаана Прадцечы. Яно таксама пачынаецца са службы ў царкве, а завяршаецца народным гуляннем да самай раніцы. На некаторы час традыцыя святкавання знікла, але работнікамі Жухавіцкага Дома культуры была адноўлена ў 2024 годзе.
Вялікія і Малыя Жухавічы — гэта не дзве асобныя вёскі, якія месцяцца побач, гэта адно цэлае, якое складаецца з дзвюх палоў. Адна дапаўняе другую. І калі каму-небудзь хоць раз давядзецца пабываць на жухавіцкай зямлі, той не застанецца абыякавым.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара і з архіва























