Дзень друку — наша прафесійнае свята. Яго адзначаем вясною, калі абуджаецца прырода: зелянее лістота на дрэвах, вочы радуюць сонечныя дзьмухаўцы, цвітуць сады — і гэтую радасць хочацца раздзяліць з іншымі.
У гэты дзень звычайна ўспамінаецца родная вёска. Менавіта тут пачалася мая сцяжынка ў журналістыку. У школьныя гады напісала першыя артыкулы, а пазней з-пад пяра з’явіліся замалёўкі пра людзей працы. Першых сваіх герояў таксама сустрэла на роднай зямлі.
Прайшлі чатыры дзесяцігоддзі — журналістыка стала сэнсам майго жыцця. І сёння прадаўжаю пісаць пра перадавікоў розных галін народнай гаспадаркі. Асабліва мяне прывабліваюць тыя, якія жывуць у вёсцы і моцна любяць родны куточак. У красавіцкія дні пры падрыхтоўцы звестак пра перадавікоў веснавой сяўбы ахопліваў гонар за землякоў, якія займаюць прызавыя месцы ў сацспаборніцтве. Пранікалася вялікай павагай да рупліўцаў: з ранку да вечара яны шчыруюць на родных палетках. Сустрэчы з імі ўсяляюць веру ў заўтрашні дзень, у іх аповедах шмат мудрасці, а для журналіста гэта выдатная магчымасць расказаць пра адданых роднай зямлі працаўнікоў, і гэта зрабіць прафесійна і ад усёй душы.
За што люблю Дзень друку? У гэты дзень магу патэлефанаваць і сказаць словы падзякі былому галоўнаму рэдактару Івану Шлыку. Гэта дзякуючы яму мацней палюбіла роднае слова. Галоўны рэдактар неаднойчы паўтараў, што трэба пісаць проста і шчыра, каб артыкул быў зразумелы кожнаму чытачу. Ён моцна любіў сваю справу, і гэтую любоў да роднага краю, людзей, слова перадаваў нам, журналістам.
У гэты дзень хачу ўспомніць і пра намесніка галоўнага рэдактара Станіслава Луку, як шмат і цікава пісаў на самыя розныя тэмы. Бадай, няма на Карэліччыне куточка, у які ён не наведваўся, і чалавека працы, пра каго не напісаў. У гэтыя майскія дні Станіслаў Антонавіч адзначае сваё 80-годдзе. За яго плячыма — багатае пражытае жыццё, напоўненае цікавымі падзеямі, а ў архіве раённай газеты «Полымя» захаваліся артыкулы журналіста.
Яшчэ пра аднаго сябра раёнкі хочацца ўспомніць з асаблівай цеплынёй: Галіна Калтунова — кіраўнік літаратурнага аб’яднання » Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя». Яна таксама піша пра цікавыя лёсы карэліччан і робіць гэта ад душы. Дык няхай яшчэ доўга не пакідае натхненне, а паэтычнае слова мясцовых паэтаў служыць чытачам раёнкі.
Імкліва бяжыць час. Змены прыйшлі і да нас: сёння навіны Карэліцкага краю чытаюць не толькі ў мясцовай газеце, але і ў сацыяльных сетках. З цікавымі падзеямі знаёмяцца не толькі жыхары раёна, але і далёка за яго межамі. Навізна і аператыўнасць — нашы галоўныя накірункі, і мы рады, калі нашы артыкулы, відэа, фотаздымкі кранаюць сэрцы чытачоў раёнкі і карыстальнікаў інфармацыйнай прасторы. Заставайцеся з намі!
Галіна СМАЛЯНКА























