З даўніх часоў прафесія паштовага работніка патрэбная і паважаная. Ад дома да дома спяшаецца паштальён — прыносіць газеты і часопісы, выплачвае пенсіі, аказвае шэраг іншых паслуг. Без пошты немагчыма ўявіць нашы будні — людзі ўдзячны за сэрвіс.
Карэліччына родная мая
Таіса нарадзілася ў вёсцы Ятвезь Райцаўскага сельсавета. Вёсачка знаходзіцца недалёка ад знакамітага возера Свіцязь. У ёй было каля трыццаці жылых дамоў, жыццё бурліла. У сям’і раслі яна і сястра Алена. Матуля працавала бухгалтарам у калгасах Якуба Коласа і імя Гастэлы. Бацька быў экспедытарам, загадчыкам гаспадаркі ў ДАЛ «Вясёлка», брыгадзірам у мясцовым калгасе.
Пасля заканчэння Валеўскай сярэдняй школы дзяўчына набыла прафесію повара і адпрацавала тры гады. Выйшла замуж — муж Мікалай быў родам з Загор’я Турэцкага сельсавета. Гэтая вёска і стала месцам жыхарства, дзе яна жыве ўжо трыццаць шэсць гадоў, і стала другой радзімай.
У 1994 годзе Таіса Андрэеўна прыйшла працаваць у Турэцкі вузел паштовай сувязі. Дзень за днём, месяц за месяцам аказвала вяскоўцам паштовыя паслугі: палюбіла абраную прафесію, а аграгарадок стаў родным і блізкім сэрцу.
Справа жыцця
Таіса Андрэеўна пачынала паштальёнам. Абслугоўвала жыхароў вёсак Загор’е і Качаны. У той час у вёсках было шмат жыхароў. Яны ахвотна выпісвалі газеты і часопісы.
— Паштальёна чакаюць у кожным доме, і яму вельмі рады, — апавядае жанчына. — А прыйшоўшы ў хату, за клямку трымацца не будзеш. Пачынаецца размова па душах — састарэлыя апавядаюць аб сваім жыцці. Так паступова пачынаюцца добрыя сяброўскія адносіны.
У 2012 годзе Таіса Андрэеўна Сачук была назначана начальнікам Турэцкага аддзялення паштовай сувязі. На пошце аказваліся наступныя віды паслуг: выплата пенсій, падпіска на перыядычныя выданні, аплата камунальных паслуг, прыём пасылак, продаж тавараў спажывецкага попыту і іншыя. Зараз кола прафесійных абавязкаў пашырылася: прымаюць аплату за карыстанне мабільнымі тэлефонамі і крэдыты, павялічылася выдача пасылак па заказах насельніцтва, пашырыўся асартымент тавараў спажывецкага попыту.
— Пошта — справа майго жыцця, — гаворыць Таіса Сачук. — Тут адчуваю сябе на сваім месцы. Адношуся да працы з адказнасцю і стараюся служыць людзям.
Адна каманда

Паштальёнам у Турэцкім аддзяленні паштовай сувязі працуе Ларыса Паўлаўна Анацкая. Абслугоўвае жыхароў аграгарадка Турэц. Гэта людзі як маладога, так і пенсійнага ўзростаў, дзеці. Яна носіць газеты, часопісы, пенсіі, пераводы, пасылкі. Запыты вяскоўцаў добра ведае. За дзень праходзіць пешшу каля 12 кіламетраў. Ідзе ў любое надвор’е: дождж, снег, вецер. На ўмовы надвор’я не скардзіцца.
Па словах паштальёна, людзі добразычлівыя і заўсёды ёй рады. Раней яна працавала прадаўцом. Сённяшняя прафесія бліжэй да душы: свежае паветра, пастаянна ў дарозе, нясе людзям добры настрой.
— Камунікабельная і чулая, — сказала пра яе начальнік пошты і дадала, што сёння паштальёны вельмі мабільныя. У іх руках заўжды апаратна-праграмны комплекс «Мабільны паштальён», па якім аплачваюцца камунальныя паслугі і за карыстанне мабільнымі тэлефонамі, падпіска на перыядычныя выданні, продаж тавараў спажывецкага попыту, прыём пасылак і грашовых пераводаў, што можна выканаць на даму. Ларыса Паўлаўна — адказны работнік, на яе можна пакласціся, і мы — адна каманда.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ























