У дворыку сярэдняй школы №2 райцэнтра шматлюдна. Тут сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі, госці. Адзначаецца радаснае і хвалюючае свята апошняга школьнага званка.







Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош у сваёй прамове адзначыў, што вельмі прыемна прысутнічаць на такога роду мерапрыемстве. Вельмі адказны момант у жыцці вучняў: адны будуць адпачываць на летніх канікулах, другія ўступаюць у дарослае жыццё. Выпускнікі павінны выбраць сваю прафесію ў жыцці, каб была ім па душы, і яны змаглі прыносіць карысць Радзіме. Пажадаў зрабіць правільны выбар, мірнага неба, і каб удача была спадарожнікам у жыцці.


На свята завіталі і дырэктар Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Карэліцкім раёне Аляксандр Сакаловіч і яго намеснік Кацярына Дораш. Яны пажадалі вучням добрага адпачынку на летніх канікулах, набрацца сіл на новы навучальны год, радасці і дабра, а выпускнікам — светлай дарогі ў жыцці, ставіць мэты і іх дасягаць. Ад гэтай арганізацыі ў рамках правядзення акцыі «Белдзяржстрах — дзецям» госці ўручылі школе сертыфікат на суму 2,5 тысячы рублёў на набыццё спартыўнага інвентару.


Для падвядзення вынікаў навучальнага года і віншаванняў слова трымаў дырэктар школы Вікенцій Браніцкі. Кіраўнік навучальнай установы павіншаваў са святам апошняга званка і пажадаў выпускікам, каб у іх памяці засталіся самыя цёплыя ўспаміны аб школе, каб праз усё жыццё яны пранеслі школьнае сяброўства, каб з гонарам неслі званне выпускніка роднай школы, а ўсім вучням — каб лета прайшло на «выдатна».
Аб тым, што гэты навучальны год быў вельмі паспяховым для вучняў сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы, сведчылі шматлікія дыпломы і граматы, якія ўручылі ганаровыя госці свята і дырэктар школы. Іх было шмат і здавалася, быццам залаты дождж абрынуўся на дворык, дзе сабраліся вучні, каб адзначыць іх за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у жыцці школы.



Прагучалі пажаданні ад першакласнікаў выпускнікам: «Вялікіх поспехаў і вырашэння ўсіх задач», «Каб пайшлі вы далёка і вучылася вам лёгка», «Каб праца была ў радасць і цанілася высока». Яны абмяняліся сувенірамі.
Першая настаўніца Марына Міхайлаўна Міхайлоўская пажадала выпускнікам праявіць сябе ў дарослым жыцці, поспехаў на экзаменах і ў жыцці, здароўя, шчасця, дабра.
Ад бацькоў слова трымала Вольга Міхайлаўна Ківель, якая адзначыла, што верыць у дзяўчат і юнакоў, і яны заўсёды будуць падтрымліваць і дапамагаць. Падзякавала настаўнікам школы за веды і выхаванне вучняў.
Свой гонар за выхаванцаў выказала класны кіраўнік Кацярына Юр’еўна Станчык і заклікала іх верыць у сябе і вызначыцца ў жыцці.













Па добрай традыцыі выпускнікі перадаюць Ключ Ведаў дзесяцікласнікам. Адпраўляюць галубоў у неба са сваімі запаветнымі марамі.
Гучыць школьны вальс — выпускнікі кружацца ў танцы.

На свяце ўшаноўваюцца і дзевяцікласнікі. Яны таксама выпускнікі. Кожны з іх зробіць свой выбар: хтосьці вернецца ў школу, а хтосьці выбера свой шлях. Ім пажадалі выбраць яго правільна, каб праз гады не пашкадаваць.
Апошні званок даюць адзінаццацікласнік Валянцін Маеўскі і першакласніца Маліка Гапонік.

Дар’я Урбановіч, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, адзначае:

— У гэтым годзе заканчваю школу і хвалююся — не хочацца адпускаць яе, для мяне яна была другім родным домам. Сваё жыццё вырашыла звязаць таксама з дзецьмі і іх выхаваннем. Зараз мая галоўная мара — паступіць у ВНУ. Я моцна люблю свой родны край і сваю маленькую радзіму, якая з кожным днём становіцца прыгажэйшай.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ























