28 мая ў актавай зале адміністрацыйнага будынка КСУП «Племзавод «Карэлічы» праведзены прафсаюзны прававы прыём грамадзян. Яго ўдзельнікамі сталі работнікі сельгаспрадпрыемства.

На сустрэчу з аграрыямі завіталі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый Анатолій Пукач і прававы інспектар працы Дзмітрый Бязмен, які выступіў па тэме: «Правы работнікаў пры накладанні дысцыплінарных спагнанняў». Яго прамова была грунтоўнай і выклікала цікавасць у прысутных, якія актыўна ўключыліся ў размову. Племзаводаўцы абмяркоўвалі тэму і задавалі пытанні.
Пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын праінфармаваў работнікаў сельгаспрадпрыемства па двух пытаннях — прафілактыцы кіберзлачыннасці і адказнасці за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці.
— Прафсаюзныя прававыя прыёмы праводзяцца з мэтай прававой граматнасці кожнага работніка прадпрыемства, — адзначыў Анатолій Пукач. — Час змяняецца і заканадаўства таксама. На прыёмах прадстаўнікі прафсаюза даюць паўнавартасныя адказы на пытанні. Мы зацікаўлены ў тым, каб растлумачыць на сустрэчах кіраўніцтву і заяўнікам тое, што іх хвалюе. Практыка паказвае, што не трэба маўчаць — недасказанае выклікае скаргі. Разам з тым наймальнікам трэба абавязкова знайсці час, каб растлумачыць работнікам, што правільна і што няправільна. Ад гэтага выйграюць абодва бакі.
У сустрэчы прыняла ўдзел старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская. Прафсаюзны лідар раёна падзякавала абласных гасцей за інфармаванне племзаводаўцаў.
Галіна СМАЛЯНКА























