10 чэрвеня ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры ідэалагічны актыў раёна сабраўся на свае чарговыя заняткі, дзе былі абмеркаваны актуальныя пытанні.
Адкрываючы нараду, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Вольга Гаўрош расказала аб канцэпцыі святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды плануецца правядзенне ўрачыстасцей у райцэнтры.
Начальнік сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская нагадала пра мяркуемую праграму правядзення ўрачыстасцей да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якая ўключае шэсце да мемарыяла «Зорка», мітынг-рэквіем, парад рэтра- і новай тэхнікі, узнагароджванне перадавікоў раёна, канцэртную праграму, інтэрактыўныя лакацыі.


Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік звярнула ўвагу ідэолагаў раёна на падрыхтоўку сельскагаспадарчых падворкаў, а таксама арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра — лакацый з нагоды аб’яўленага 2026-га Годам жанчыны.
На нарадзе былі абмеркаваны пытанні ўвекавечвання памяці ахвяр войнаў і абаронцаў Айчыны, добраўпарадкаванне помнікаў, мемарыялаў, абеліскаў і іншых форм увекавечвання.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацырыны ЖАМОЙДЫ























