8 жніўня ў Карэліцкім раёне адбыўся раённы суботнік. Карэліччане прынялі ўдзел ў добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належнае становішча населеных пунктаў.
Журналіст раённай газеты «Полымя» накіравалася на аб’екты гарадскога пасёлка, дзе працавалі прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў.
А дзявятай гадзіны раніцы каля возера Быкава ў райцэнтры збіраюцца жадаючыя папрацаваць на суботніку — унесці свой уклад у гэтую важную справу. Яны спыняюцца каля бярозавага гаю — сквер закладзены ў гонар 60-годдзя Вялікай Перамогі 1945-2005 г.г. Праз шасейную цэнтральную дарогу вочы радуе новабудоўля.
Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Маніла гаворыць:
— Тут сабраліся прадстаўнікі райвыканкама, гаргазу, палівазбыту, РАНС, сельгастэхнікі і іншых устаноў і арганізацый, каб навесці парадак паблізу возера Быкава. Хочацца, каб Карэлічы былі прыгожымі і добраўпарадкаванымі і радавалі жыхароў сваёй чысцінёй і дагледжанасцю. З нагоды Дня будаўніка жадаю будаўнікам сілы і цярпення ў іх нялёгкай працы, моцнага здароўя і дабрабыту іх сем’ям.

Дырэктар Карэліцкага філіяла «Гроднааблпаліва» Дзмітрый Каляда адзначае:
— З вялікім задавальненнем прымаю ўдзел ў раённым суботніку, хачу унесці свой уклад у навядзенні парадку ў родных Карэлічах, каб яны радавалі вочы жыхароў і гасцей. А правядзенне свята «Дажынак» у гарпасёлку — яшчэ адна магчымасць падтрымаць парадак і затым ўсім разам сабрацца на свята аграрыяў. Землякам зычу здароўя, поспеху, шчасця.

Накіроўваемся да Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. На яе тэрыторыі таксама кіпіць работа. Перад уваходам у медыцынскую установу шчыруюць медыкі раённай паліклінікі на чале з загадчыкам Вольгай Орсіч. Кіраўнік лічыць навядзенне парадку каля медустановы карыснай справай. «Я сама з Карэліччыны і шчаслівая тым, што раённы цэнтр з дня ў дзень мяняе свой выгляд. На суботніку кожны жадаючы можа зрабіць нешта карыснае па іх добраўпарадкаванні», — лічыць Вольга Вікенцьеўна.

Медыцынскіх работнікаў сустракаем і на афарбоўцы агароджы тэрыторыі вакол Карэліцкай ЦРБ. Старшая медыцынская сястра шматпрофільнага міжраённага аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Юлія Гурын і медыцынская сястра старшая аддзялення гемадэалізу Жанна Яўсей аднагалосна прызналіся ў тым, што вельмі рады, што прымаюць удзел у такой важнай справе. Яны жадаюць, каб райцэнтр набыў прывабны выгляд перад правядзеннем абласных «Дажынак», а ўсім жыхарам раёна — моцнага здароўя.
Падчас нашага візіту абрэзкай туй на тэрыторыі займаліся начальнік гаспадарчай службы Карэліцкай ЦРБ Валерый Рэўкоўскі і слесар-сантэхнік Алег Максімовіч.

Не засталіся ў баку ад гэтай важнай справы і супрацоўнікі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. Давялося сустрэцца з фельчарам па прыёму выклікаў Валянцінай Ляшчынскай, якая шчыра працавала на афарбоўцы агароджы. З яе калегай Вольгай Блакіцкай давялося пагутарыць. Фельчар кажа:
— Я на суботнік прыйшла разам з 5-гадовым сынам Арсеніем. Ён сам захацеў — я не адмовіла. Няхай прывучаецца да працы.
Сапраўды, вочы ў хлопчыка свяціліся радасцю.

Супрацоўнікі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта таксама прынялі ўдзел у раённым суботніку.
Вольга Куляка,
галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаЎ гаворыць:
— Суботнікамі мы прыбліжаем абласное свята «Дажынкі» — уносім свой невялікі ўклад у агульную справу, для таго каб наш раённы цэнтр і ў цэлым Карэліччына набывалі новы абноўлены воблік. З вялікай радасцю будзем адзначаць гэтае вялікае свята і сустракаць на нашай зямлі гасцей.
Вольга Базар,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх
Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта адзначае:
— Хочацца, каб наш гарадскі пасёлак станавіўся ўсё прыгажэй і прыгажэй. Каб нашым людзям тут было камфортна жыць, а гасцям прыемна да нас прыязджаць. Карэліччына — мая маленькая радзіма, і я неабыякавая да яе лёсу, яе люблю ўсёй душой.

Галіна СМАЛЯНКА
Фотаздымкі Сафонаў Арцём










