Жыхары Карэліч цікавяцца лірыкай на праваслаўную тэматыку. У райцэнтры адбылася сустрэча мясцовых паэтаў
«Сэрцу карыснае слова». Пад такой назвай у чытальнай зале ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» праведзены вечар духоўнай паэзіі, прысвечаны Тыдню праваслаўнай кнігі.
Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса ў сваёй прамове адзначыў вялікую ролю духоўнай паэзіі ў жыцці чалавека. Нагадаўшы пра цудоўную пару года — вясну, святар назваў яе ідэйным часам. Кожны рыхтуецца да вялікіх праваслаўных свят. У прыродзе ўсё навокал зелянее і прабуджаецца. «Змены адбываюцца і ў душы чалавека, трэба толькі адчуць новае», — сказаў Мікалай Орса і пажадаў прысутным новых ідэй і творчасці.
Вядучая сустрэчы, бібліятэкар Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі Ксенія Мікалаеўна Баранчык, назваўшы дзіцячую паэзію самай добрай і чыстай, прадаставіла слова маленькім наведвальнікам Карэліцкай праваслаўнай школы Кірылу Ясюлі, Аляксандру Худніцкаму, Мікіце Саку, Мацвею Кугачу, Анастасіі Худніцкай.
Настаяцель царквы святой Варвары аграгарадка Райца Аляксей Шышкір адзначыў, што вершы навеяны сённяшнім часам — днямі Вялікага Паста. Біблія і Псалмы натхняюць — і святары пішуць вершаваныя творы. Аляксей Шышкір прачытаў вершы на духоўную тэму і падарыў раённай бібліятэцы праваслаўныя творы.
Па благаславенню протаіерэя Мікалая Орсы матушка Валянціна прачытала свае асабістыя вершы і творы сваёй бабулі. «Спачатку вершы даваліся мне нялёгка, але калі стала хадзіць у царкву, то ручаёк паэзіі быццам забруіў сам сабою», — прызналася жанчына.
У правядзенні вечара духоўнай паэзіі прынялі ўдзел члены літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя». Яго кіраўнік Галіна Паўлаўна Калтунова выказала словы ўдзячнасці супрацоўнікам раённай бібліятэкі за карысныя сустрэчы і адзначыла, што «Рэчанька» выконвае наказ Боскі — падтрымлівае людзей вершаваным радком. Кіраўнік літаб’яднання запрасіла матушку Валянціну папоўніць рады мясцовых літаратараў.
З вялікім задавальненнем прысутныя слухалі вершаваныя творы членаў літаб’яднання «Рэчанька»: Леанілы Васільеўны Дзянькевіч, Марыі Уладзіміраўны Палуян, Антаніны Мікалаеўны Аўчыннікавай. Свой вершаваны твор прачытала і прыхаджанка царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэлічы, жыхарка райцэнтра Марыя Мікалаеўна Лаўрушчык. «Пісаць пачала нядаўна, пішу на праваслаўную тэматыку і на роднай мове», — сказала аўтарка.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.
Бог создал нас — людей,
Различных птиц, зверей,
Чтоб мы все в мире жили
И здоровы были.
Чтоб не грешили вовсе,
Всевышнего любили больше.
Имели все терпенье
И капельку смиренья.
Ты, человек, покайся
И к жизни возвращайся.
Прощай обиды ближним
И милостив будь к нищим.
Валентина ОРСА.