К 80-летию образования здравоохранения Гродненщины. Кореличские хирурги разных поколений рассказывают о тонкостях профессии
Прафесія ўрача адна з самых найстарэйшых у свеце, і сёння яна запатрабавана літаральна ўсюды. Ідуць наперад тэхналогіі, мяняюцца падыходы да арганізацыі аховы здароўя, але застаецца нязменнай місія людзей у белых халатах – ратаваць жыцці і здароўе. Ці сапраўды над прафесіяй доктара не ўладны час?
Напярэдадні 80-годдзя ўтварэння аховы здароўя Гродзеншчыны і прафесійнага свята вырашыла даведацца, як бачаць сваю працу ўрачы адной спецыяльнасці, але розных пакаленняў.
Сёння героямі сталі загадчыкі хірургічнага аддзялення, урачы-хірургі УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Валерый Жарскі і Марыя Рымша.
Ці мяняе погляды на прафесію жыццё?
Валерый Жарскі ў 1973 годзе па размеркаванні прыехаў у Карэліцкую раённую бальніцу. Уладкавацца на працу хірургам у той час было вялікай удачай. Малады ўрач трапіў у добры калектыў, дзе сустрэліся прафесіяналы справы Васілій Канстанцінавіч Шут і Павел Уладзіміравіч Новік, якія сталі для яго сапраўднымі настаўнікамі. Яшчэ ў дзяцінстве вырашыў, што абавязкова стане ўрачом. Вызначыцца з будучай прафесіяй дапамог і выпадак.
— У 1962 годзе ў Любчанскай бальніцы хірург Уладзімір Васільевіч Браткоўскі зрабіў мне аперацыю на востры апендыцыт, і пасля гэтага я вырашыў, што абавязкова вывучуся на хірурга, — успамінае суразмоўца. — Гэта была праца на адрэналіне: пацыенты, якія паступалі па хуткай дапамозе, экстраныя аперацыі падчас дзяжурстваў. У такія моманты разумееш, што ад цябе залежыць жыццё чалавека. Я ўрач — і ў кожную хвіліну павінен прыйсці на дапамогу хвораму. Прысвяціў любімай справе больш за 46 гадоў. Аб сваім выбары я ніколі не шкадаваў, і зараз, знаходзячыся на адпачынку, цікавасць да прафесіі не знікла: заўсёды цікаўлюся публікацыямі, знаёмлюся з сучаснымі методыкамі дыягностыкі і лячэння захворванняў.
Маладая калега масцітага хірурга Марыя Рымша родам з г. Дзятлава. Прыйшла дзяўчына на працу ў Карэліцкую цэнтральную раённую бальніцу ў 2021 годзе пасля закачэння Гомельскага медуніверсітэта.
— Рэальнасць перасягнула чаканні, — так Марыя Аляксандраўна адказала на пытанне, ці змяніла погляд на прафесію жыццё. — Хірургія заўсёды здавалася складанай, перспектыўнай і ў той жа час цікавай. Увогуле, гэта высокатэхналагічная прафесія, дзе, акрамя працы рукамі, важна ўменне хутка думаць, прымаць экстраныя рашэнні, каб аказаць своечасовую дапамогу пацыентам.
Зараз урачамі нашага аддзялення праводзяцца аперацыі рознай складанасці. Пацыентаў з больш сур’ёзнымі захворваннямі для лячэння і правядзення хірургічнага ўмяшання з выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання накіроўваем у міжрэгіянальныя цэнтры. У такіх выпадках наша задача — правесці абследаванне, своечасова паставіць дыягназ, назначыць лячэнне, аформіць суправаджальныя дакументы, каб хворыя змаглі як мага хутчэй атрымаць медыцынскую дапамогу высакакласных спецыялістаў.
Ці ёсць у прафесіі хірурга месца для рамантыкі?
“Няма прафесіі бліжэй да Бога”, – спяваецца ў адной з песень, прысвечаных людзям у белых халатах. Праца тых, хто сваёй дасведчанасцю і прафесіяналізмам змагаецца з хваробай пацыента, як здаецца старонняму назіральниіку, ахутана рамантыкай. Для іх жа гэта звычайныя працоўныя будні. Ці бачаць у гэтым нейкую рамантыку мае суразмоўцы?
– Першыя крокі ў прафесіі – заўсёды рамантыка, – кажа Валерый Аляксандравіч. – А зараз, калі ты шмат ведаеш і праз многае прайшоў, разумееш, што рамантыка трансфармавалася ў імкненне ніколі не здавацца. Нават калі здавалася, што з цяжкім захворваннем пацыента справіцца немагчыма, заўсёды хацелася знайсці спосаб дапамагчы яму.
– Тут не тая рамантыка, як здаецца, калі малюеш сабе паветраныя замкі. Тут хутчэй адухоўленасць прафесіяй – вось і ўсё, – дадае Марыя Аляксандраўна.
Што б змянілі ў прафесіі медыка?
Што тычыцца змены ў падыходах і арганізацыі працы медработнікаў, суразмоўцы сышліся ў адным: хацелася б больш займацца пацыентамі і менш – паперамі. Як не раз адзначаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка: “Медыкі павінны лячыць, а настаўнікі – вучыць, а не займацца паператворчасцю”.
– Шмат часу траціцца на афармленне дакументацыі і іншыя моманты, не звязаныя з аказаннем дапамогі, – адзначае Марыя Аляксандраўна. – І яшчэ хацелася б больш магчымасцяў для абмену вопытам. У нашай прафесіі камунікацыя з калегамі – адна з галоўных умоў прагрэсу. Калі новыя падыходы і методыкі лячэння эфектыўныя, то чаму не пераняць вопыт калег? Трэба больш магчымасцяў для прафесійнага росту. Так, усё асноўнае для працы ў нас ёсць, але, каб рухацца далей, трэба пастаяннае абнаўленне. Мы, моладзь, гатовыя да перадавых тэхналогій і з вялікім задавальненнем будзем асвойваць іх.
Ці можна пазбегнуць прафесійнага выгарання? Што дорыць задавальненне ад працы і дапамагае спраўляцца з негатывам?
– Працоўныя будні доктара – сур’ёзная псіхалагічная нагрузка і высокая адказнасць. Найбольшае задавальненне прыносяць тыя выпадкі, калі справіўся і разумееш: без тваёй дапамогі пацыента ўжо магло б не быць. Калі праводзіш абследаванне, ставіш правільны дыягназ, прызначаеш лячэнне і бачыш, як пацыент ідзе на папраўку, а пры выпісцы кажа: “Дзякуй, доктар”, гэта самае прыемнае, – дзеліцца Валерый Жарскі.
Марыя Аляксандраўна ў прафесіі амаль тры гады, але таксама паспела адчуць, як надае сіл выратаванне жыцця і здароўя людзей.
– Пацыенты, якія паправіліся, – лепшая матывацыя рухацца далей. У маёй практыцы ўжо мелі месца не вельмі прыемныя моманты, і зараз я магу сказаць, што гэта даецца нялёгка. Студэнты-медыкі вывучаюць велізарны аб’ём інфармацыі, але далёка не ўсе нашы веды аказваюцца запатрабаванымі ў хуткім часе. І з-за пэўнага нецярпення прыходзіць расчараванне. Цяжка таксама разумець і ўсведамляць, што не можаш дапамагчы некаторым хворым. Ты зрабіў усё, што мог, але пацыент застанецца са сваёй хваробай надоўга. Але жаданне дапамагчы дае матывацыю на далейшае развіццё ў прафесіі.
У чым сакрэт прафесіяналізму хірурга?
Нягледзячы на словы і аргументы, урачы рознага ўзросту і стажу работы адказалі, па сутнасці, аднолькава.
Валерый Аляксандравіч лічыць, што чалавек павінен любіць сваю прафесію. Калі займаешся любімай справай, гэта служыць стымулам для ўсяго астатняга. Вельмі важна падтрымка і разуменне блізкіх.
– Абавязкова патрэбны працавітасць і вытрымка, – кажа вопытны хірург. – Яшчэ, на маю думку, вельмі важна ўменне і жаданне вучыцца ў любым узросце. Калі чагосьці не ведаеш – не трэба саромецца пытацца ў калег. І сваімі ведамі таксама трэба дзяліцца. Такія зносіны дапамагаюць не страціць цікавасць да прафесіі.
Марыя Рымша адзначае, што самае лепшае – калі твая прафесійная дзейнасць і хобі супадаюць.
– Тады ты ідзеш працаваць і займаешся тым, што табе падабаецца. А калі падабаецца – усё будзе паступова атрымлівацца. Медык павінен быць прагным да ведаў і развіцця. Добра, калі ў цябе шырокі кругагляд, калі ты разбіраешся ў сумежных спецыяльнасцях.
А мне асабіста здаецца, што да ўсяго сказанага суразмоўцамі трэба дадаць яшчэ і прызванне – вось што абавязкова будзе кіраваць справамі і ўчынкамі чалавека, які вырашыў прысвяціць сябе медыцыне. А сучаснае абсталяванне, новыя методыкі разам з душэўным стаўленнем персаналу да пацыентаў могуць тварыць цуды.