Ураджэнец Карэліччыны Мікалай Іванавіч Кергет з аграгарадка Турэц сваё жыццё прысвяціў роднаму краю і справе выхавання падрастаючага пакалення. З 1994 па 2010 год працаваў дырэктарам Турэцкай сярэдняй школы.
Сёння ветэран працы дзеліцца сваімі ўспамінамі, расказвае пра калег па працы, былых вучняў школы. Апавядае аб тым, чым былі напоўнены будні кіраўніка сельскай школы, якая дала пуцёўку ў жыццё не аднаму пакаленню выпускнікоў, якія знайшлі сябе ў жыцці.
— Напачатку паведайце пра сябе і сваі карані.
— Я мясцовы, з вёскі Качаны. Бацькі былі сялянамі, працавалі ў мясцовым калгасе: бацька — даглядчыкам на ферме, маці — паляводам. У сям’і нас было трое: я, старэйшы, сястра Марыя ды брат Леанід.
— Успомніце працу на пасадзе дырэктара школы. На каго Вы абапіраліся ў педагагічнай дзейнасці?
— Дапамагаў і накіроўваў у педагагічнай справе былы загадчык аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Віталій Васільевіч Шэўка, таксама настаўнікі-ветэраны школы, якія імкнуліся даць карысныя парады.
— Хто яны, сейбіты разумнага, добрага, вечнага?
— Хочацца нагадаць пра тое, што ў 50-60-ыя гады калектыў школы папаўняўся маладымі настаўнікамі, часта сямейнымі парамі, ці сем’і ствараліся падчас працы ў школе. Гэта Пётр Пятровіч і Капіталіна Фёдараўна Зязюля, Уладзімір Антонавіч і Надзея Навумаўна Бірыч, Ігар Фёдаравіч і Лізавета Георгіеўна Трапейка, Пётр Сямёнавіч і Надзея Сяргееўна Лічко, Уладзімір Рыгоравіч і Ніна Міхайлаўна Саковіч, Іван Уладзіміравіч і Валянціна Уладзіміраўна Калбаска.
Шмат гадоў працавалі ў школе Іван Мікалаевіч Шылянок, Анатолій Адамавіч Татур, Лідзія Іванаўна Салавей, Леанід Фёдаравіч Дрык, Леанід Пятровіч Кот, Ірына Фёдараўна Коршун, Ніна Ільінічна Абадзінская, Вольга Іванаўна Парфёнка, Ніна Міхайлаўна Курыла, Вольга Іванаўна Кісцень і іншыя.
— Назавіце Вашых папярэднікаў, якія кіравалі навучальнай установай.
— Гэта Фёдар Міхайлавіч Батурэвіч, Антон Аляксандравіч Шэлег, Іосіф Антонавіч Хамёнка, Аляксандр Іосіфавіч Самец, Лідзія Мікалаеўна Брылевіч, Сяргей Іванавіч Клімко. Пасля мяне навучальную ўстанову ўзначаліла Ганна Уладзіміраўна Шугала, а зараз ёй кіруе Галіна Васільеўна Хамёнка.
— У Турцы функцыянавала і сярэдняя школа рабочай моладзі, у якой атрымлівалі адукацыю дзяўчаты і юнакі з навакольных вёсак. Што можаце паведаць пра яе?
— У 1949 годзе, адначасова са школай з дзённым навучаннем, у Турцы стала дзейнічаць вячэрняя сярэдняя школа. Пасля яе арганізацыі некалькі гадоў дырэктарам працаваў Канстанцін Канстанцінавіч Салавей. Затым на працягу шматлікіх гадоў узначальвала Валянціна Баляславаўна Пратасевіч. Яна актывізавала жыццё ў школе, арганізавала драматычны гурток, у якім удзельнічала сама, ажыццяўляла пастаноўкі твораў класічнай літаратуры. Вучні прыслухоўваліся да яе важкіх парад, якія надоўга заставаліся ў памяці.
— Якія асноўныя накірункі ў педагагічнай справе выкарыстоўвалі настаўнікі?
— Імкнуліся выхаваць у вучнях патрыётаў сваёй Радзімы, стараліся даць трывалыя веды, прывіць добрасумленныя адносіны да працы і павагу да людзей старэйшага пакалення.
— З кім школа падтрымлівала цеснае супрацоўніцтва?
— Асабліва цеснае супрацоўніцтва падтрымлівала з калгасам імя Чарняхоўскага і яго старшынёй Уладзімірам Максімавічам Сатыгам. Дзякуючы яму была пабудавана спартыўная зала. Дапамагаў калгас і пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года, і з падарункамі да навагодніх свят. Выдатнікам вучобы выплачваў стыпендыі. Школа ў сваю чаргу не заставалася ў баку: вучні дапамагалі пры правядзенні сельскагаспадарчых работ.
— Самае вялікае дасягненне навучальнай установы — яе выпускнікі. Каго б сёння Вы маглі ўспомніць?
— Хачу назваць выпускнікоў школы — вядомых творчых грамадскіх дзеячаў, вучоных, перадавікоў вытворчасці. Гэта член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатолій Рыгоравіч Зіміёнка (Анатоль Дзяркач); наш «беларускі Шаляпін» Пётр Васільевіч Конюх; народны пісьменнік Беларусі Іван Антонавіч Брыль (Янка Брыль); мастак-рэстаўратар, доктар мастацтваў Міхаіл Іосіфавіч Саўко; заслужаны трэнер БССР Іпаліт Афанасьевіч Ламан; работнікі сельскай гаспадаркі, ордэнаносцы Пётр Дзмітрыевіч Коржык, Аляксандр Філарэтавіч Клаўсуць, Людміла Васільеўна Маковік (Кудзіна); заслужаны настаўнік БССР Аляксандр Міхайлавіч Малышка; заслужаны работнік культуры БССР Лідзія Мікалаеўна Карамазава (Брыль); доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Мікалай Афанасьевіч Ламан; пісьменнік і мастак, член Саюза пісьменнікаў СССР Мікалай Іосіфавіч Бусько (Мікола Бусько); заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віталій Ільіч Крамко; навуковец, прафесар, выдатнік народнай асветы Уладзімір Сяргеевіч Конюх; доктар філасофскіх навук, прафесар Павел Васільевіч Кікель; доктар педагагічных навук, прафесар Георгій Мітрафанавіч Булдык, афганец, ордэнаносец Георгій Анатольевіч Татур; кандыдат тэхнічных навук Уладзімір Уладзіміравіч Бірыч; заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аляксандравіч Кеда; кандыдат фізіка-матэматычных навук Генадзій Анатольевіч Татур і іншыя. Дарэчы, гэтыя звесткі былі сабраны да 145-годдзя школы. У 2007 годзе выйшла ў свет кніга «Родники разумного доброго вечного», аўтарамі якой сталі Мікалай Афанасьевіч Ламан і Мікалай Іванавіч Кергет.
— У чалавека звычайна бывае настаўнік, якому ён удзячны за добрыя ўрокі. Вы асабіста мелі яго?
— Мой настаўнік з Вялікай Літары — Антон Аляксандравіч Шэлег. Яго падтрымку адчуваў штодзённа на пасадзе дырэктара школы. І, безумоўна, увесь калектыў школы, кожны імкнуўся даць тое, што патрэбна ў справе выхавання падрастаючага пакалення.
— Сапраўды, быць настаўнікам — і ганарова, і адказна. У Вашай сям’і яшчэ хтосьці выбраў гэтую прафесію?
— Мая дачка Таццяна скончыла гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працавала ў Турэцкай сярэдняй школе, выкладала гісторыю, а таксама на пасадзе сацыяльнага педагога. Лёс закінуў яе ў сталіцу, дзе прысвяціла сябе сацыяльнай службе.
— Настаўнік назаўсёды застаецца настаўнікам. Камусьці перадаяце мудрасць і вопыт?
— У мяне ёсць любімы ўнук Міхаіл, якому споўнілася пятнаццаць гадоў. Гэта той узрост, калі патрэбны падтрымка і парада старэйшых. Ды ўжо трэба думаць пра тое, як вызначыцца ў жыцці. І я дапамагаю ў гэтым.
— Што найчасцей успамінаецца з пражытага жыцця на заслужаным адпачынку?
— Успамінаецца рознае, хоць у большасці жыццё было змястоўным і цікавым. Мне давялося шмат дзе пабываць і з кім сустракацца. Да прыкладу, быў дэлегатам ІІ з’езда настаўнікаў у Палацы рэспублікі сталіцы і атрымаў Ганаровую грамату з рук Міністра адукацыі. Часта ў памяці ўсплывае і юбілей школы. Свята сабрала выпускнікоў былых гадоў, кожны імкнуўся выказаць падзяку школе і настаўнікам за добрыя веды, якія атрымалі ў роднай дзесяцігодцы.
— Што, на Вашу думку, трэба выхоўваць у сённяшніх вучняў школы?
— Час ідзе, але не мяняюцца каштоўнасці. У прыярытэце па-ранейшаму застаюцца патрыятызм, працавітасць, дабрыня, павага да людзей. Трэба выхоўваць у дзяўчынак і хлопчыкаў гэтыя каштоўнасці, каб яны маглі, як гаворыцца, Чалавекам звацца.
— Напачатку педагагічнай працы Вы выкладалі фізкультуру. У залатым узросце сябруеце са спортам?
— Вядома ж не забываю, спорт — гэта здароўе. Выпрацоўвае характар і, у першую чаргу, адказнасць, і дапамагае правесці вольны час з карысцю.
— Што пажадаеце маладым педагогам?
— Цярпення ў справе выхавання падрастаючага пакалення. Каб усе веды, якія яны атрымалі ў вышэйшых навучальных установах, аддавалі вучням спаўна. Вялікую ўвагу трэба ўдзяляць і іх выхаванню, каб яны выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ
і з архіва героя публікацыі























