80 гадоў аддзяляюць нас, сучаснае пакаленне, ад 9 мая 1945 года. Але што азначае такая колькасць гадоў? Для гісторыі – гэта ўсяго толькі імгненне, а для людзей – час у некалькі пакаленняў, якія перадаюць праўду пра тыя страшныя падзеі, берагуць памяць пра людзей, якія загінулі ў той час.

Ва ўстанове адукацыі “Цырынская сярэдняя школа” гэтаму пытанню надаецца асаблівая ўвага. Штомесячна на працягу навучальнага года на інфармацыйных гадзінах мы вывучалі пытанні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з выкарыстаннем вучэбных дапаможнікаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

З мэтай паглыблення ведаў вучняў аб гістарычным мінулым беларускага народа, разумення каштоўнасці чалавечага жыцця і міру праводзяцца Адзіныя ўрокі. 14 студзеня — урок Памяці, прысвечаны 81-гадавіне трагедыі ў вёсцы Ала, дзе ў гады вайны нямецкімі карнікамі было знішчана за адзін дзень 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей. 21 сакавіка — урокі Памяці, прысвечаныя ахвярам Хатыні. Гэтыя ўрокі даказваюць важнасць захавання гістарычнай памяці, каштоўнасць міру і жыцця. Вельмі важна помніць аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў, каб трагічныя падзеі ніколі не паўтарыліся на зямлі Беларусі.


У рамках тэматычнай суботы па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні ажыццяўляецца праект “Ідзі і глядзі”. У рамках дадзенага праекта арганізаваны прагляд і абмеркаванне мастацкіх фільмаў “Брэсцкая крэпасць”, “1941 год”, “Цені знікаюць апоўдні”, “Час вярнуцца” і іншыя. 22 сакавіка вучні ўстановы адукацыі прынялі актыўны ўдзел у абласным педагагічным марафоне “Патрыёта выхоўвае патрыёт”. У рамках марафона прайшоў мітынг-рэквіем “Помнім”, прысвечаны памяці спаленых вёсак у час вайны. Створаны відэаролік “А што ТЫ зрабіў для Беларусі?”, у якім адлюстраваны працоўны дэсант па ўборцы брацкіх могілак і помніка “Абеліск”, які ўстаноўлены на мясцовых могілках мірным жыхарам вёскі Бабонеўка, якія сталі ахвярамі фашыстаў.
Актыўны ўдзел вучні нашай установы адукацыі прымаюць у творчых конкурсах на ваенную тэму і навукова-практычных канферэнцыях. Дар’я Барысік, вучаніца 11 класа, атрымала Дыплом ІІІ ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”. Артур Богук, вучань 11 класа, узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ў раённым конкурсе навукова-даследчых работ “Героі гісторыі і гісторыя героя”.
Прадстаўлены работы на творчыя конкурсы, прысвечаныя 80-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод іх — рэспубліканскія конкурсы: героіка-патрыятычная акцыя “Вялікай Перамозе — 80!”, конкурс-эсэ “Героі нашай Перамогі”, фестываль-конкурс творчасці дзяцей і моладзі “Вянок славы”, выстава-конкурс дзіцячай творчасці “Перамога. Памяць. Жыццё!” у рамках сацыяльна-творчай акцыі “Пасланне ветэрану”, абласны конкурс “Жывы голас Перамогі” і іншыя.
Дар’я Барысік






















