Жыццё на пенсіі — гэта новая прыступка, і галоўнае — знайсці заняткі па душы, каб дні праводзіць з карысцю. Як гэта ўдаецца Багуславе Трафімаўне Каранеўскай з г.п. Мір, журналіст газеты «Полымя» пацікавілася падчас сустрэчы.
— Імя Багуслава абазначае «Той, хто ўслаўляе Бога» ці «Слава Богу». Скажыце, ці адчувалі Вы па жыцці Яго ўплыў на ход падзей ці здзяйсненне задумак?
— Дапамога Бога была ва ўсім маім жыцці. Я веруючы чалавек, з дзяцінства жыву з Богам. Усе мае родзічы веруючыя. У касцёл хадзіла з бабуляй Зосяй у вёску Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У гэтым населеным пункце і сёння дзейнічае святыня.
— Вашы карані адкуль?
— Мой родны куточак — вёска Зублевічы на Ляхаўшчыне. Там нарадзілася і вырасла. У Ляхавічах закончыла школу. Затым выйшла замуж і з абраннікам жыцця пераехала ў г.п. Мір.
— Ці стаў Мір для Вас родным?
— З 1966 года жыву ў старажытным пасёлку. Ён стаў сапраўды родным. Прыжылася ў гэтых цудоўных мясцінах, зжылася з яго людзьмі. Тут адпрацавала ўсё свядомае жыццё і пайшла на пенсію.
— Якое значэнне мела праца ў Вашым жыцці?
— Я працавала швачкай у Мірскім Доме быту і апаратчыцай Мірскага спіртзавода. Трыццаць сем гадоў складае мой працоўны стаж. Праца — сэнс майго жыцця. Я пераканана: каб жыць, трэба працаваць.
— Вы размянялі дзявяты дзясятак. У Вас ёсць свае сакрэты даўгалецця?
— Што датычыць рэжыму дня, паднімаюся ў шэсць гадзін раніцы. Іду да сну па-рознаму, калі чымсьці занята, бывае ,апоўначы. Галоўнае — рух і праца. Шмат працую на агародзе, саджу неабходную гародніну. Са страў перавагу аддаю супам, баршчам, бульбе, салатам.
— Які занятак Вам асабліва па душы?
— Вышыўка — мой любімы занятак. Унук Аляксандр купіў трафарэт. Гэта было дзесяць гадоў таму, і захапленне не адпускае. Вышывала карціны з адлюстраваннем Вены, Амстэрдама, Парыжа, Піцерскага дворыка — мясцін, дзе ўнук падарожнічаў. У тыя хвіліны здавалася, быццам там пабывала і душой дакранулася да цудоўнага. Для мяне гэта любімае захапленне: магу хоць на некалькі хвілін узяць у рукі іголку і ад гэтага атрымаць асалоду.
— Чалавеку патрэбны чалавек, каб не адчуваць сябе адзінокім, каб радавацца жыццю, каб быць шчаслівым. І гэта асабліва патрэбна ў пажылым узросце. У Вас такі чалавек ёсць?
— У мяне ёсць любімая сям’я, якой ганаруся, і якая мяне падтрымлівае. Гэта дачка Ірына, зяць Мікалай, унук Аляксандр. Жывуць у Мінску, часта наведваюцца. У нас склаліся вельмі добрыя ўзаемаадносіны.
— Што Вы асабліва цэніце ў паважаным узросце?
— Я люблю дамашнюю ўтульнасць. Дома адчуваю сябе камфортна, нават калі застаюся адна. Добра думаецца і працуецца. На душы спакойна і хораша.
— А кветкі Вы любіце? Магчыма, захапляецеся кветкаводствам?
— Я вельмі люблю кветкі. Іх у мяне шмат і ў агародзе, і ў хаце. Люблю назіраць, як яны растуць і цвітуць — душа радуецца.
— На Вашу думку, як павінен паводзіць сябе чалавек у пажылым узросце?
— Прадаўжаць жыць і займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Абавязкова рухацца, у руху — наша жыццё.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДА






















