ХЛЕБНЫ ДАР
«Хлеб — усяму галава», «Хлеб у доме гаспадар», «Без хлеба няма абеда» — гэтыя народныя прымаўкі запомніліся са школьных гадоў. Іх часта любіў паўтараць дзядуля, які вельмі шанаваў хлеб і напамінаў нам, дзецям, аб беражлівых да яго адносінах.
Калі на раённым свяце скіроўвала позірк на святочныя караваі, доўга не магла адвесці ад іх вачэй. Такія прыгожыя і велічныя! Яны ўражвалі сваімі формамі, арнаментамі, велічынёй. Трэба мець сапраўднае майстэрства, каб стварыць такія шэдэўры!
Ды і снапы, якія лічацца сімвалам нацыянальнага дабрабыту і багацця, радавалі сэрца. Кожны з іх, незалежна ад памераў, быў арыгінальны па-свойму. Сярод удзельнікаў свята так і знаходзіўся той, хто стараўся зрабіць здымак на памяць. І не выпадкова: за гэтымі залатымі калоссямі — зямля і яе подых, руплівая праца хлебаробаў і сёлетні багаты ўраджай.
ХЛЕБАСОЛЬНЫ НАСТРОЙ
Выстава сельскагаспадарчых падворкаў не магла пакінуць раўнадушнай. З іх гаспадарамі давялося пазнаёміцца бліжэй.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Племзавод «Карэлічы» Вікторыя Радзівіновіч апавядае:
— Мы будзем частаваць удзельнікаў свята юшкай, грыбным квасам, пловам. На падворку размясцілі кампазіцыі з дамашняй агародніны і нарыхтоўкі з пограбаў. Ёсць тут сноп, наверсе месціцца млын, побач у палатняных мяшочках вырашчаныя культуры і інфармацыя аб тым, колькі іх сабрана ў гэтым годзе. Племзаводаўцы сёлета папрацавалі шчыра, і яны заслугоўваюць вялікага свята, увагі і ўзнагарод.
На наступным падворку гутару з прафсаюзным лідарам, тэхнікам-тэхнолагам СВК «Свіцязянка-2003» Наталляй Сіманавай.
Яна паказвае на вялікі каравай і некалькі снапоў з новага ўраджаю. Тут жа — ручнікі і дзяружкі ручной работы. Працаўнікі сельгаскааператыву вырашылі праявіць гасціннасць і на святочны стол падрыхтавалі беларускія стравы і любімыя стравы хлебаробаў, якіх будуць ушаноўваць на свяце. А іх ажно дзевяць з ліку кіраўніцтва, спецыялістаў, камбайнераў. «Мяне перапаўняе гонар за свіцязянцаў: занялі ў раёне і вобласці прызавыя месцы. Я родам з Навагрудскага раёна. Працавала па размеркаванні тут два гады і вырашыла прадоўжыць працу. «Свіцязянка-2003″ стала мне роднай, тут працавітыя людзі і цудоўныя краявіды прыроды», — адзначыла Наталля Сіманава.
ТАБЕ, МАЯ МАЛАЯ РАДЗІМА
На раённае свята сваю творчасць прадставілі і майстры народнай творчасці аддзела традыцыйнага майстэрства і рамёстваў. Спыняюся каля шыльды з надпісам «Горад майстроў». Тут давялося пазнаёміцца з загадчыкам аддзела рамёстваў ДУК «Навагрудскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Вольгай Кракавай.
Яна расказвае:
— На свята нас запрасілі калегі з Карэліч, за што ім вельмі ўдзячны. Мы бываем тут рэдка, але нам падабаецца пабачыцца з сябрамі, абмяняцца вопытам, знаёмім з нашымі традыцыйнымі рамёствамі. Сёння прывезлі майстар-клас «Навагрудская выцінанка-выбіванка». Гэта менавіта наша навагрудская традыцыя выбівання ўзораў на сетцы. У Навагрудку ёсць кансультацыйны цэнтр па выцінанцы-выбіванцы, якім кіруе народны майстар Рэспублікі Беларусь Наталля Клімко.
Мы рады, што ў нашых суседзяў такое вялікае свята, і мы падзяляем з імі радасць з нагоды гэтай падзеі. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.
Удзельніца аматарскага аб’яднання «Карэліцкія вытокі» аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Людміла Хвясько прадставіла на свяце свае вырабы — карункі, сурвэткі і вязаныя палавічкі.
Яна праводзіла майстар-клас па тым, як даць жыццё старым рэчам. Новыя вырабы атрымліваюцца карыснымі для дома і радуюць гаспадароў. Удзельнікі свята любаваліся імі і прызнаваліся, што яны дапамагаюць вярнуцца ў памяці ў дзяцінства, бабуліну хату і душой дакрануцца да роднага. «Мая маленькая радзіма — Карэліччына. Вёска Некрашэвічы і сёння ў маім сэрцы, бацькоўскі дом, родныя ваколіцы. Усё напамінае аб дзяцінстве і юнацтве», — прызнаецца майстар.
АД ПЕРШЫХ КРОКАЎ ДА ВЯЛІКІХ ЗДЗЯЙСНЕННЯЎ: БЫЛО-СТАЛА
Установа культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» арганізавала выставу «Карэлічы ўчора і сёння». На ёй прадстаўлены фотаздымкі пасляваеннага перыяду і сённяшніх дзён, а таксама фотаальбомы, у якіх фота і звесткі аб гісторыі стварэння прадпрыемстваў раёна.
— Я сама родам з аграгарадка Цырын. Сённяшняе вялікае свята — гэта гонар за родную Карэліччыну. У апошні час адбылося шмат добрых адметных змен, наш гарадскі пасёлак прыгажэе з кожным днём. Разам з тым карэліччане павінны ведаць гісторыю свайго края, таму мы іх чакаем ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі. Экскурсіі і экспанаты дапамогуць вярнуцца ў мінулае. А як вядома без мінулага няма будучага, — адзначае галоўны захавальнік фондаў Крысціна Грышкевіч.
Загадчык Карэліцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 65 Кацярына Манкевіч паведала пра сваю тэматычную лакацыю — пра ўчарашні і сённяшні дзень фармацэўтаў.
У тыя далёкія гады пры вырабе лекаў выкарыстоўваліся субстанцыі, травы, мазевыя асновы, каб атрымаць неабходную лекавую форму. Сёння можна купіць у аптэках ужо гатовыя прэпараты ў розных лекавых формах, дазіроўках, фасоўках і ад розных вытворцаў.
Па словах загадчыцы аптэкі, яна ўпершыню на такім вялікім свяце. Сама родам са Шчучына, у Карэлічах жыве і працуе сем гадоў. Яны сталі сваімі, зраднілася з калектывам і карэліччанамі.
Прыцягнула ўвагу лакацыя на гэтую тэму аддзела адукацыі райвыканкама. Метадыст Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Дар’я Гаспадыніч пераканана ў тым, што выстава дапаможа ўдзельнікам свята ўбачыць, як адукацыя эвалюцыянавала ад савецкіх часоў да сучаснасці, ад парты Эрысмана да сучаснай, палепшанай парты школьніка. У экспазіцыі прадстаўлены буквары А. К. Клышкі 1978 года, выданне да буквара В. І. Цірынава 2025 года, школьная форма савецкага ўзору і сучасная школьная форма з адрозненымі знакамі. Пра ўчарашні дзень нагадваюць і заплечнікі са школьных музеяў раёна. Выклікае цікавасць «Музей у чамадане», у якім сабраны падручнікі, лічыльнікі, школьныя прылады.
— Я закончыла школу ў 2017 годзе, і для мяне экспанаты далёкіх часоў — гэта ўжо гісторыя, якую трэба ведаць, —адзначае Дар’я Гаспадыніч.
У РЫТМЕ ДЗЯЦІНСТВА

«Карэліччына — зямля любові нашай» — такую назву мае пляцоўка ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка», дзе вядзём гутарку з яе дырэктарам Ліліяй Арцюх. Тут прадстаўлена кніжная выстава «Карэліччына: галерэя творцаў слова», на ёй змешчаны творы пісьменнікаў землякоў: У. Калесніка, У. Навумовіча, А. Бажко, А. Смалянкі, М. Бусько, С. Кошур і мясцовых аўтараў: Г. Калтуновай, Л. Дзянькевіч, М. Палуян, А. Панасенкі, І. Вярбіцкага, І. Жука, маладых паэтаў: С. Моніч і А. Абадзінскага. Для наведвалькаў свята і выстава «Мне дорог край, в котором я живу», дзе змешчаны лэтбукі «Гісторыя і сучаснасць». Таксама бібліятэка прадставіла для дзяцей бібліяпазл, рознага роду размалёўкі, інтэрактыўныя гульні. Для самых маленькіх працуе дзіцячая пляцоўка.
СМАЧНЫ МАРШРУТ
Сапраўды, пастараліся арганізатары свята, бо такой колькасці гандлёвых кропак не бачылі раней удзельнікі раённых святаў раней. У гэты раз радавала не толькі колькасць крамаў, але і вялікі асартымент. Тут можна было купіць прадукты і пачастункі на любы густ. А гандлёвыя рады (іх было два паабапал дарогі, якая вяла ад будынка дзіцячай школы мастацтваў да самога скрыжавання. Якіх толькі салодкіх пачастункаў тут ні было, можна было купіць розных відаў гарбату, а таксама — упрыгажэнні і сувеніры. Сапраўды, чаму не купіць штосьці на памяць, альбо не пачаставацца ласункамі. І ўдзельнікі свята выкарыстоўвалі гэтую магчымасць — яны не праходзілі міма гандлёвых радоў.
МОТАКЛУБ “ГРЫЗЛІ” І ЛОЎЛЯ БУЛЬБЫ
Яркае відовішча карэліччанам падарыў байкерскі клуб GRIZZLY з Гродна. Спачатку байкеры прадэманстравалі сваіх “жалезных каней”, праехаўшы цэнтральнай вуліцай Карэліч.
А затым на вуліцы Паркавай ва ўсіх жадаючых была магчымасць пасядзець за рулём магутных байкаў, сфатаграфавацца на памяць і нават праехаць з ветрыкам на матацыкле, які найбольш спадабаўся.
-Мы — за любы рух, — адзначылі члены клуба. — Сёння ў Карэлічах свята, і мы тут, бо байкеры гатовы наведаць любое мерапрыемства, якое падабаецца людзям. Мы бачым, што многія дзеці і нават дарослыя — у захапленні ад матацыклаў, дык чаму ж не падтрымаць іх у гэтым і не паказаць нашы набыткі? Калі людзі цікавяцца тэхнікай, мы гатовы яе дэманстраваць з задавальненнем.
Тым часам на стадыёне “Юнацтва” адбывался сельская эстафета сярод членаў БРСМ наспадарак і арганізацый раёна.
Моладзь з азартам навыперадкі катала саламяныя катушкі, насіла ваду ў лыжках і талерках, лавіла бульбу вёдрамі і гуляла ў гарадкі бутэлькамі з зернем. Відовішча было сапраўды захапляльным і вясёлым.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ і Кацярыны ЖАМОЙДА























