Пра падзеі 17 верасня 1939 года напісана, сказана, знята на фота і відэа, прааналізавана і публічна прадстаўлена вялікая колькасць гістарычных фактаў. На самой справе, што ж адбылося 17 верасня 1939 года? Як, пазітыўна ці негатыўна, успрыняло гэтую падзею насельніцтва Заходняй і Усходняй Беларусі, якое жыло менавіта ў той час? Якія пачуцці былі ў іх?
Хачу расказаць, як апавядала пра тыя падзеі мая бабуля Манько Таццяна Антонаўна, якая доўгімі вечарамі расказвала нам, унукам, аб тым часе. Вядома, толькі на ўспамінах маёй бабулі не можа грунтавацца гісторыя, але яны таксама з’яўляюцца важнай гістарачнай крыніцай падзей тых далёкіх часоў.
Нарадзілася яна ў 1922 годзе ў беднай сялянскай сям’і ў вёсцы Аканавічы Цырынскай гміны праз год пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора і ўключэння зямель Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай. У 1939 годзе ёй было 17 гадоў, і яна магла ацаніць, а затым і параўнаць сваё жыццё ва ўмовах польскай палітыкі паланізацыі і ў савецкай Беларусі. Паглядзім на гэтую падзею яе вычыма, яе пачуццямі, яе ўспамінамі:
— Жыццё за «польскай гадзінай» успамінаю як страшную галечу. Па вясне не тое што бульбіны ў засеках не знойдзеш, крапіву ў акрузе ўсю з’ядуць. Працавалі цяжка, і ўсё ўручную. Я яшчэ пры Польшчы (у сем гадоў) жала хлеб. Жну, кладу, звязаць сноп сілы не хапае, за мной ідзе мама. Бульбу капалі, кароў з братам Міхаілам пасвілі. Мелі пакалечанага каня, якога майму бацьку пакінулі адступаючыя войскі рускай арміі ў час Першай сусветнай вайны, бо ён не мог выконваць свае “баявыя задачы”. Бацька яго падлячыў і выкарыстоўваў у гаспадарцы. Жылі у маленькай хаце, крытай саломай. Падлога земляная. Холадна. Электрычнасці не было. Вучыліся і працавалі пры лучыне. Усе дзяцінства правялі на печы.

Галоўнай каштоўнасцю была зямля. Яе ў нас было мала, усяго 2 гектары. Гэта сягодня здаецца, што шмат, але ўраджай быў дрэнны. Ды і сеялі не толькі хлеб. Гэты надзел не толькі павінен быў карміць, але і апранаць (сеялі лён), і сенакос таксама на гэтым кавалку. Таму хадзілі батрачыць у вёску Рукаўчыцы, там жылі палякі, і зямлі ў іх было многа. Самі апрацаваць не маглі, вось і наймалі беднякоў.
Польскі гаспадар дзяліў свой луг на дзялкі і даваў участкі ў арэнду. Мой бацька і брат усё лета касілі і сушылі сена. Прыходзіць пара звазіць яго дадому, нам — дзясятая частка, астатняе — пану. Вось якая «справядлівасць» трыумфавала пры Польшчы.
Школы ў вёсцы не было. Хадзілі ў школу ў вёску Цырын. Навучанне было першыя два гады бясплатным і толькі на польскай мове. Беларуская забаранялася. Польскія настаўнікі штрафавалі нашых дзяцей толькі за тое, што на перапынках яны спрабавалі размаўляць на роднай мове. “Сваю хамскую мову пакінь дома, і прыходзь у школу”. Скончыла 2 класы. Навучылася чытаць і пісаць на польскай мове. Далей з-за дарагавізны вучобы бацька вучыць мяне не мог. Нават набыць чаравікі, каб хадзіць у школу, не было грошай. Наша доля была адна: са школы ў нянькі, у наймы, у пастухі, куды можна, але толькі не ў школу, таму што адукацыя ў Польшчы была вельмі дарагая.
Кожны жыхар вёскі, старэйшы за 18 гадоў, павінен быў адпрацаваць на «шараварцы» адзін-два тыдні. За працу гміна плаціла толькі запрошаным укладчыкам бруку, для сялян гэта была павіннасць. Мае бацька, маці і брат (старэйшы за мяне на тры гады) на працу ішлі з канём, вазілі пясок, камяні. Нядзіўна, што людзі незадаволеныя былі парадкамі. Маленькая была, але памятаю, як вечарамі збіраліся ў нас у хаце, рэзка выказваліся супраць новай улады. Бацька быў пісьменны, чыталі газеты, абмяркоўвалі. Збіраліся вечарамі і спявалі беларускія песні, хаця і ведалі, што за гэта могуць арыштаваць.
Пасля ўз’яднання бацька стаў першым старшынёй калгаса в. Аканавічы. Чырвоную армію мы чакалі як родных, блізкіх па духу людзей. Усе былі задаволены прыходам савецкай улады. І ні разу аб гэтым не пашкадавалі.

Вось такія ўспаміны засталіся у мяне аб жыцці маёй бабулі. Уз’яднанне жыхары вёскі ўспрынялі з вялікім задавальненнем і радасцю. Брат бабулі Міхаіл атрымаў адукацыю, працаваў начальнікам адной з ветак Маскоўскага метрапалітэна, малодшая сястра Надзея стала настаўніцай. Ці было б гэта магчымым беларусу ў Польшчы?
На працягу жыцця ні разу не чуў ні ад яе, ні ад родных, ні ад аднавяскоўцаў якіх-небудзь негатыўных слоў у бок жыхароў, якія пражываюць на сучаснай тэрыторыі былой Усходняй Беларусі. Там нашы браты.
17 верасня адбылося ўз’яднанне дзвюх частак адного цэлага. І гэты дзень па праву называем Днём народнага адзінства.
Дзмітрый АЛЕКСЕЕВІЧ, настаўнік гісторыі Цырынскай базавай школы






















