30 студзеня адзначаецца 105-годдзе з дня нараджэння Івана Пятровіча Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт», якія чыталі мільёны чытачоў. Чалавек таленавіты і шматгранны…
Нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і лесніка.
На працягу свайго жыцця пакінуў яскравы след у беларускай літаратуры і атрымаў заслужанае прызнанне.
Сёння прыгадаем цікавыя звесткі з яго біяграфіі:
- Пасля заканчэння Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў працаваў тэхнікам-тэхнолагам цаглянага завода ў Беластоку.
- Яшчэ ў час вучобы ў тэхнікуме Іван Шамякін пачаў пісаць вершы. Але пасля жорсткай крытыкі вырашыў, што не будзе паэтам і ўзяўся за прозу.
- Пад час службы ў арміі пачаў публікавацца ў вайсковых газетах. Напісаў і надрукаваў першае апавяданне “У снежнай пустыні”.
- Іван Шамякін быў добрым сем’янінам і чалавекам-адналюбам. Са сваёй жонкай Марыяй пражыў у шчаслівым шлюбе 58 гадоў. Нарадзілі трох дачок і сына. Многіх сваіх гераінь класік надзяліў рысамі каханай жанчыны.
- Нягледзячы на высокія пасады, якія займаў, пісьменнік усё жыццё заставаўся простым і даступным чалавекам.
- Іван Пятровіч ніколі не паяўляўся на публіцы без гальштука.
- За 60 гадоў творчага шляху выйшлі ў свет 130 кніг аўтара на 30 мовах свету. Іх тыраж склаў звыш 25 мільёнаў экзэмпляраў. Напісаў 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п’ес, больш за 80 апавяданняў, не лічачы артыкулаў, нарысаў, кінасцэнарыяў, дзённікавых запісаў.
Алена Макарчык, намеснік дырэктара ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка».
Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц























