Сям’я — гэта блізкія людзі, якія заўсёды зразумеюць і падтрымаюць.
Іх любіш усім сэрцам і гатовы падзяліць радасць і боль. Дзеля іх — нашы старанні і намаганні. Хочацца, каб усё ў сям’і ладзілася, і каб панавалі давер і ўзаемаразуменне. Каб меншыя паважалі старэйшых, а яны былі апорай і дарадцамі — і ўсе адчувалі сябе шчаслівымі.
Наша гутарка са шматдзетнай маці, жыхаркай аграгарадка Райца Людмілай Мікалаеўнай Сташчанюк.
— Людміла Мікалаеўна, як утварылася Ваша сям’я?
— З будучым мужам Сяргеем пазнаёміліся ў Навагрудку выпадкова. Ён родам з Міратыч, я — з Навагрудскага раёна, вёскі Ацмінава. Вяселле згулялі ў Міратычах, яно было вясёлым і шматлюдным.
— Якімі былі сем’і, у якіх вы раслі і выхоўваліся?
— Мая і мужава былі шматдзетнымі, у іх было па пяцёра дзяцей. Мы раслі ў працы і сяброўстве.
— Што з’яўляецца галоўным накірункам, каб жыць, рухацца наперад, радавацца жыццю?
— Праца — галоўны накірунак у жыцці. Пацуем на рабоце і дома. У вёсцы Зелянец будуем дом. Муж жывёлавод СВК «Свіцязянка-2003». Я працую прыбіральшчыцай у мясцовай школе. Уся праца — у радасць.
— Існуе меркаванне, што сям’я — гэта сем «Я». Гэта таксама і пра вашу сям’ю, у якой мама, тата і пяцёра дзетак. Чым яны захапляюцца?
— 13-гадовая Паліна творчая: спявае, іграе на гітары і баяне. У свае 11 год Насця любіць шыць адзенне на швейнай машынцы і дапамагае па доме. А вось 9-гадовы Мацвей дапамагае бацьку: капае, піліць, круціць. 7-гадовая Аліна стварае падзелкі і малюе. 29 мая Ксюшы споўніцца чатыры гады, яна вельмі рухавая, і ў яе захапленні, як у брата.
— Вялікая роля ў сям’і належыць жанчыне, якую прынята лічыць ахоўніцай сямейнага ачага. Што Вы тут прадпрымаеце?
— Я стараюся, каб усе былі накормлены і дагледжаны, каб ва ўсіх усё было добра, каб усе былі здаровыя, каб шчасцем поўніўся дом.
— На Вашу думку, у чым сакрэт сямейнага шчасця?
— Любоў, узаемаразуменне, падтрымка, дапамога — вось што яднае нашу сямю. У нас існуе дэвіз: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!»
— Нядаўна ваша сям’я прымала ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года-2026». Што асабіста Вам дала гэтая сустрэча?
— Запрашэнне на ўдзел у конкурс было нечаканым і прыемным. Мы змаглі перамагчы страх, каб выйсці на раённую сцэну і паўдзельнічаць у конкурсе. Гэта яшчэ адна магчымасць паверыць у сябе і свае здольнасці.
— 2026 аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Што хацелі б пажадаць цудоўнай палове чалавецтва?
— Самае галоўнае — здароўя, тасама шчасця і дабрабыту. Жадаю, каб дзеці радавалі сваіх бацькоў, бо ў дзецях — наша шчасце.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























