
Не за гарамі — летнія канікулы. Многія любяць бавіць іх на вадзе.
Аднак вада не заўсёды прыносіць радасць. Мы гутарым са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Аляксандрам Яўгеньевічам КАНДРУСІКАМ.
— Як сябе падрыхтаваць да купання?
— Для купання найлепш выбіраць загадзя бяспечныя ці спецыяльна адведзеныя месцы, дзе чыстая вада, роўнае пясчанае дно, невялікая глыбіня, няма моцных цячэнняў і віроў. Пачынаць купацца трэба ў сонечнае, бязветранае надвор’е пры тэмпературы 20-25 градусаў, вады — 17-19 градусаў.
— Як сябе трэба паводзіць падчас купання?
— У вадзе можна знаходзіцца 10-15 хвілін. Не даводзіць сябе да дрыжыкаў, гэта прыводзіць да пераахалоджвання, ад якога з’яўляюцца небяспечныя ў вадзе сутаргі. Пры сутаргах не палохайцеся. Змяніце спосаб плавання з мэтай змяншэння нагрузкі на зведзеныя мышцы. Старайцеся ўтрымацца на паверхні вады — плывіце да берага. Трапіўшы ў моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго. Выкарыстоўвайце цячэнне, каб наблізіцца да берага.
— Што забараняецца пры купанні на вадзе?
— Заплываць за знакі, якія абазначаюць межы заплыву, узбірацца на буі і іншыя тэхнічныя збудаванні. Купацца і ныраць у забароненых і невядомых месцах. Скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, кацераў, лодак, плытоў, катамаранаў. Дапускаць свавольствы, якія звязаны з ныраннем і захопам канечнасцей тых, хто купаецца. Забараняецца непаўналетнім, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, купацца без нагляду дарослых. У Карэліцкім раёне дазволена купацца толькі на возеры Юбілейнае ў райцэнтры, дзе функцыянуе выратавальны пост.
Галіна СМАЛЯНКА























