Аздараўленне дзяцей на Карэліччыне праходзіць на высокім узроўні і набірае ўсё большы размах. Дзяўчынкі і хлопчыкі праводзяць вольны час з карысцю, кожная хвіліна разлічана на тое, каб падчас летніх канікул яны змаглі не толькі добра адпачыць і набрацца новых сіл, а даведацца шмат пазнавальнага і цікавага.


У школу нават летам
– Аздараўленчыя лагеры ў летні перыяд — вельмі карысная справа, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы Алена Вярбіцкая. — У нашай школе функцыянуюць два лагеры: дзіцячы аздараўленчы лагер «Астравок дзяцінства» (1-4 класы), дзе бавяць час 35 дзяцей, а таксама лагер працы і адпачынку «Юнацтва» (дзеці старэйшыя за 14 гадоў), у якім 10 непаўналетніх адпачываюць і працуюць па дамове аб супрацоўніцтве ў КСУП «Племзавод «Карэлічы».

Дзеці атрымліваюць масу эмоцый, раскрываюць свой творчы патэнцыял, вучацца працаваць і тварыць у камандзе, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў, раскрываюцца па-новаму для педагогаў. Акрамя таго, яны атрымліваюць якаснае харчаванне на працягу дня.
Аздараўленне дзяцей — гэта першачарговы клопат нашай дзяржавы, якая цэніць будучае нашай краіны — падрастаючае пакаленне, а школа ў гэтым накірунку працуе якасна — імкнецца ісці ў нагу з часам.
— Лагер «Астравок дзяцінства» наведваюць 35 выхаванцаў, — адзначае яго кіраўнік Іна Суднік. — Наш профіль — фізкультурна-аздараўленчы. На працягу пятнаццаці дзён мы павінны рэалізаваць праект «Сцяжынка чэмпіёнаў». Адметна, што праз гульню мы ідзём да пастаўленай мэты. Дзеці кожны дзень атрымліваюць заданні, а ў канцы дня ставяць адзнаку на агульным стэндзе. Напрыканцы змены кожны атрад атрымлівае кубак, які складаецца з пятнаццаці пазлаў.

На працягу лагернай змены плануецца правесці пяць экскурсій, напрыклад, у рэабілітацыйнае аддзяленне Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы і на возера Свіцязь.
Харчаванне ў лагеры разнастайнае, дзеці атрымліваюць свежыя агародніну і садавіну. Абавязковы дзённы сон.
— Я вельмі люблю лагер, — гаворыць вучань 4 “Б” класа Сяргей Коваль. — Яго наведваю кожнае лета. Абавязкова ўдзельнічаю ва ўсіх конкурсах. З’яўляюся ўдзельнікам відэароліка «Дзіцячы аўтапоезд».
Дырэктар сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Вікенцій Браніцкі адзначае:

— Аздараўленчая кампанія ў нашай школе пройдзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «Лета — гэта мы! Лета — для краіны!». Дзіцячы аздараўленчы лагер «Радуга» грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці прыме выхаванцаў 1-5 класаў у перыяд з 1 па 29 чэрвеня. Палатачны лагер «Зорны» для вучняў школы пачаў працу з 6 чэрвеня і будзе дзейнічаць па 17 чэрвеня.
На працягу лета на базе ўстановы адукацыі будуць працаваць маладзёжныя пляцоўкі: у чэрвені «Патрыятычная» і ў ліпені «Гістарычная» (абедзве грамадзянска-патрыятычнага профілю), у жніўні «Здаровы лад жыцця» (фізкультурна-аздараўленчага профілю).
Начоўкі пад зорным небам
Кіраўнік палатачнага выхаваўча-аздараўленчага лагера «Зорны», які базіруецца на тэрыторыі лагера “Вясёлка” на Свіцязі, Алена Моніч дзеліцца:

— У «Зорным» адпачываюць дваццаць два выхаванцы ва ўзросце ад адзінаццаці да чатырнаццаці гадоў. З першых дзён дзеці актыўна ўключыліся ў шэраг спартыўных, творчых, забаўляльных мерапрыемстваў. Да прыкладу, Дзень спартыўных рэкордаў, конкурсная праграма «Ці ведаеш ты беларускую мову?», а да Года беларускай жанчыны праведзена мерапрыемства «Жанчына ў маёй сям’і», дзе дзеці расказвалі аб сваіх матулях і бабулях. Пабывалі на экскурсіі ў Райцаўскай сярэдняй школе імя У. А. Галавача і наведалі гістарычна-краязнаўчы музей «Вытокі». У гэты ж дзень зазірнулі і ў музей Красненскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна.
У лагеры вялікая ўвага надаецца выхаванню грамадзянскасці, патрыятызму і любові да роднага краю. З гэтай нагоды праведзена віктарына на веданне гісторыі і геаграфіі роднага краю, інфармацыйная гадзіна «Сімвалы Рэспублікі Беларусь». Наперадзе чакаюць Дзень прававых ведаў, сустрэча са знакамітым земляком, трэнерам па цяжкай атлетыцы Святаславам Лявонцьевічам Палуянам, які прысвяціў сваё жыццё выхаванню ў дзяцей любові да спорту.
Дзяўчынкі і хлопчыкі атрымліваюць пяціразовае каларыйнае харчаванне, якое ўключае супы, баршчы, мясныя стравы, розныя салаты, сокі і прысмакі.

— Я ўпершыню ў палатачным лагеры, і з першых дзён мне тут спадабалася, — гаворыць 11-гадовая Рыма Раманюк. — Асабліва люблю праводзіць сяброўскія вечары каля кастра, спяваць песні, жартаваць ад душы, адгадваць загадкі, гуляць у розныя гульні, маляваць. Люблю праводзіць час на свежым паветры і спаць у палатцы. Пазнаёмілася з выхаванцамі іншых палатачных лагераў, якія знаходзяцца на базе лагера «Вясёлка».
Пад ветразем “Брыганціны”

— Кожную раніцу лагер «Горад майстроў» прымае 10 выхаванцаў, — уводзіць у курс справы кіраўнік выхаваўча-аздараўленчага лагера «Горад майстроў» пры Карэліцкім раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Юлія Бында. — Атрад носіць назву «Брыганціна». Штодзённа рабят чакаюць новыя прыгоды — яны падарожнічаюць па новым востраве. Так, на востраве фантазёраў праяўляюць свае творчыя здольнасці і таленты. Ужо наведалі бухту «Памяць удзячных сэрцаў» — дзень быў прысвечаны памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. На астраўку «Мая краіна — мой гонар» знаёмім дзяўчынак і хлопчыкаў з дасягненнямі нашай краіны ў розных накірунках, выхоўваем паважлівыя адносіны да нашых Дзяржаўных сімвалаў, праводзім цікавыя сустрэчы.
Калектыў лагера — адна каманда: кіраўнік, выхавальнікі і тэхнічны персанал. Стараемся, каб кожны дзень для дзяцей у лагеры не быў падобны на ўчарашні, каб ён застаўся ў памяці надоўга.
Наперадзе дзяўчынак і хлопчыкаў чакае шмат экскурсій. Адным з самых яркіх стаў візіт на смаўжовую ферму «Ратов», якая знаходзіцца ў вёсцы Даўгінава Ярэміцкага сельсавета. Дзеці атрымалі шмат яркіх эмоцый, даведаліся не толькі аб тонкасцях вырошчвання смаўжоў, але змаглі паспрабаваць прыгатаваныя стравы.
— У Карэліцкім раёне летам будуць працаваць 25 лагераў розных тыпаў, — адзначае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Марына Станкевіч. — Гэта лагер з кругласутачным знаходжаннем «Вясёлка» з 4-зменным рэжымам работы, уключаючы размяшчэнне неперасоўных палатачных лагераў, 4 лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, 12 лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі, 8 неперасоўных палатачных лагераў, у тым ліку два лагеры для выхаванцаў дзіцячай юнацкай спартыўнай школы Карэліцкага раёна. Агульны ахоп аздараўленнем у летні перыяд складзе 689 дзяцей, гэта 47,7% ад агульнай колькасці непаўналетніх ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.
Бацькам пуцёўка ў лагер з дзённым знаходжаннем абыдзецца ў 38 рублёў, у лагер працы і адпачынку — 43 рублі.
Паездка ў лагер “Вясёлка” каштуе 720 рублёў, пры гэтым патанненне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту складзе 302 рублі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДА























