12 жніўня ў актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў ідэолагі раёна сабраліся на чарговыя заняткі. Адкрыў нараду загадчык аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Буляк. Сярод шэрагу ўзнятых пытанняў ён засяродзіў увагу прысутных на тым, што ІПГ Карэліцкага райвыканкама зараз будуць функцыянаваць у новым фармаце — замест 16 у працоўныя калектывы накіруецца 7 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Звярнуў увагу і на правядзенне падпісной кампаніі ў працоўных калектывах.

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан у сваёй прамове шмат увагі ўдзяліў падрыхтоўцы да абласных «Дажынак». Сярод асноўных пытанняў — навядзенне парадку на ўсіх тэрыторыях раёна. «Мы павінны людзям на месцах тлумачыць пра важнасць гэтай справы, хаця пераважная большасць з разуменнем адносяцца да таго, што адбываецца, і стараюцца ўтрымліваць іх у належным стане», — адзначыў прамоўца.
Яўген Мікалаевіч заклікаў ідэолагаў раёна пры сустрэчах у працоўных калектывах пры правядзенні інфармацыйна-прапагандысціх груп удзяляць увагу тэме бяспекі людзей. Канстатаваў той факт, што ў некаторых дамах старая праводка патрабуе замены, таму адбываюцца пажары. Нагадаў аб устаноўцы ў пакоях аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Яшчэ адной тэмай, на якую звярнуў увагу Яўген Чычкан, з’яўляецца замацаванне маладых спецыялістаў у працоўных калектывах раёна і забеспячэнне іх жыллём. «Мы павінны стварыць для іх належныя ўмовы для жыцця», — рэзюмаваў прамоўца.
Загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская нагадала аб мяркуемым правядзенні шэсця падчас «Дажынак» і заклікала карэліччан прыняць у ім удзел.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Яраславы МАНКЕВІЧ























