У 2026 годзе рэдакцыя Карэліцкай раённай газеты «Полымя» пачынае новы творчы праект «Жаночы клуб», прысвечаны Году беларускай жанчыны. У ім мы будзем расказваць пра жанчын Карэліччыны — працаўніц, маці, актывістак, якія з’яўляюцца гонарам нашага краю.
Першая гераіня творчага праекта — 71-гадовая жыхарка г.п. Карэлічы, маці пецярых дзяцей, узнагароджаная медалём «Мацярынскай славы «другой ступені Галіна Мікалаеўна КОМАР.


— Галіна Мікалаеўна, 2026-ы аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Гэта сведчыць аб увазе і павазе да Яе Вялікасці Жанчыны. Якія Вашы меркаванні з гэтай нагоды?
— Нашы беларускія жанчыны вельмі шматгранныя: яны і граматныя кіраўнікі, і шчырыя працаўніцы, і клапатлівыя маці. Яны працуюць у Парламенце, школьных класах, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы, сацыяльных і культурных сферах, спорце і нават лятаюць у космас — усюды паспяваюць і пацвярджаюць свой статус.
— У Вас за плячыма — багатыя і цудоўныя гады жыцця. Чым яны былі напоўнены?
— У жыцці было ўсё: вучоба, праца, нараджэнне і выхаванне дзяцей, сустрэчы з цікавымі людзьмі, пазнанне новых ведаў і адкрыццё ў сабе новых інтарэсаў і захапленняў, удзел у грамадскім жыцці, што рабіла яго разнастайным і цікавым.
— Якое значэнне мела праца ў Вашым жыцці?




— Мой працоўны стаж складае больш за сорак гадоў: ён пачаўся з 17 і закончыўся ў 60 гадоў. Я працавала ў розных галінах: лёгкай прамысловасці, бытавой службе, падатковай інспекцыі. На апошняй працы займала пасаду галоўнага падатковага інспектара і прысвяціла ёй амаль дваццаць гадоў.


— Акрамя прафесійнай дзейнасці, якім яшчэ заняткам аддавалі перавагу?
— Як і шматлікія жанчыны сельскай мясцовасці вырошчвала агародніну, якая затым выкарыстоўвалася на сямейным стале. Захаплялася і кветкаводствам. Таксама любіла шыць і вязаць рэчы для сваіх дзяцей і родных, якія былі рады абноўкам.
— Клопат па доме часта кладзецца на плечы жанчын. Як гэта было ў Вашай сям’і?
— У нашай сям’і было размеркавана, хто і што павінен рабіць. У дзяцей былі свае абавязкі, якія яны стараліся выканаць, а муж дапамагаў ва ўсіх дамашніх справах.
— Раскажыце пра Вашых дзяцей і ўнукаў. Ці апраўдалі яны мары і спадзяванні?
— У сям’і — пяцёра дзяцей і дзесяць унукаў. Гэта вялікія шчасце і радасць. Усе дзеці вызначыліся ў жыцці і ажыццявілі свае запаветныя мары: Сяргей — вадзіцель далёкіх рэйсаў, Лена і Марына — гандлёвыя работнікі, Андрэй працуе ў банкаўскай сферы, а Таццяна — у Белтэлекаме. Дзеці працавітыя і добрыя.
Старэйшай унучцы Маргарыце хутка будзе трыццаць гадоў і яна ўжо мае сваю сям’ю, а малодшай Васілісе — чатыры гады. Унук Уладзіслаў працуе ў Свіслацкім раёне ў сельскай гаспадарцы інжынерам. У мінулым годзе Валерыі, Дашы, Уладзіславу споўнілася 25 гадоў, яны скончылі навучальныя ўстановы і пачалі сваю працоўную дзейнасць. Астатнія вучацца ў ВНУ, школе, а самая меншая ходзіць у дзіцячы садок. А яшчэ радуе, што ўнучка Анастасія спартсменка, і я ёю вельмі ганаруся.
— Якія сямейныя традыцыі існуюць у вас?



— Мы любім разам збірацца на вялікія святы і дні нараджэння. Сустрэчы ператвараюцца ў сапраўдныя ўрачыстасці, дзе можна шчыра пагаварыць па душах і адкрыцца адзін аднаму. Яны яшчэ больш нас збліжаюць, дораць хвіліны радасці і застаюцца ў памяці надоўга.
— Вы ці Ваш муж са шмадзетнай сям’і?

— Я расла адна ў сям’і, у мужавай было трое дзяцей. Увесь час я хацела, каб у маёй сям’і было шмат дзяцей і заўсёды зайздросціла тым, у каго былі браты і сёстры. І мая мара збылася: сёння я шчаслівы чалавек.
— А якую дапамогу Вы атрымлівалі як шматдзетная маці з боку дзяржавы ў тыя гады?
— Да прыкладу, пры нараджэнні сына Андрэя ў 1985 годзе аднаразовая дапамога складала 65 рублёў, а на пятае дзіця, дачку Таццяну, у 1986 г. — 85 рублёў. І кожны месяц з 1987 па 1991 гг. — па 6 рублёў.
— Шмат гадоў Вы наведваеце Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Якім інтарэсам аддаяце перавагу?

— Спорту, танцам, валанцёрству. Усе захапленні важныя для мяне, магу развівацца ўсебакова і карысна праводзіць вольны час і, што немалаважна, аказваць дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу.
— Вашы захапленні не абмяжоўваюцца толькі Цэнтрам. Дзе даводзілася бываць і ў якіх мерапрыемствах удзельнічаць?
— У ЦСАН Карэліцкага раёна стварыўся творчы калектыў «Задорынка». Мы ўдзельнічаем ва ўсіх раённых мерапрыемствах. Выязджаем з выступленнямі ў населеныя пункты раёна і прымаем удзел у абласных фестывалях і займаем прызавыя месцы.
— Для жанчыны-працаўніцы і жанчыны-маці вялікае значэнне мае ўвага. Ці адчувалі яе з боку мясцовай улады?
— Мне даводзілася часта бываць на прыёмах у старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта з нагоды Дня жанчын і Дня маці. Гэтыя сустрэчы акрыляюць: адчуваюцца ўвага і павага да нас, жанчын раёна.
— Вы маеце дзяржаўную ўзнагароду — медаль «Мацярынскай славы» другой ступені. Нагадайце пра той урачысты момант, калі яго ўручалі.


— Узнагароду атрымала ў 1987 годзе. Уручалі ў горадзе Гродна. Адчувала адначасова радасць і хваляванне. Быць маці — ганарова і адказна. І вялікае шчасце.
— У чым усё ж галоўнае прызначэнне жанчыны?
— Быць маці, ахоўніцай сямейнага ачага, сапраўдным абярэгам для сваіх дзяцей.
— Якія рысы характару ўласцівы беларускай жанчыне?
— Працавітасць, руплівасць, адказнасць, дабрыня і цеплыня жаночага сэрца.
— У каго найчасцей вучыліся мудрасці?
— У сваёй маці Марыі Ільінічны. Яна была вельмі пазітыўным чалавекам і ўсіх любіла. Яе чулага сэрца хапала на многіх.
— Без сапраўдных сяброў у жыцці няпроста. Ці ёсць яны ў Вас?

— Безумоўна, і іх шмат. Мае аднакласнікі Валянціна Русецкая, Таццяна Тарасевіч, Уладзімір Лукошка, Аляксандр Федарака, былыя калегі па працы Ірына Бандарык, Святлана Троцкая, Наталія Хаўста, мае суседзі Тамара Савоська, Таіса Салавей, Людміла Федарака. Новых сяброў сустрэла ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Гэта вялікая падтрымка і апора ў жыцці.
— Адзінота не пра Вас. Што б параілі адзінокім людзям?
— Не трэба сядзець дома, а ісці да людзей. У многіх установах раёна функцыянуюць гурткі па інтарэсах — і там вам будуць рады.
— Галіна Мікалаеўна, у Вас ёсць крэда жыцця?
— Маё жыццёвае крэда: «Любоў і павага — самае галоўнае ў жыцці».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Андрэя ДЗЯНІСКА і ЦСАН Карэліцкага раёна.
























