Бягучы тыдзень на Карэліччыне быў прысвечаны роднай мове. З гэтай нагоды ў СШ №1 г.п. Карэлічы адбыўся шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Школьнікі ўзгадвалі цікавыя беларускія словы, прымаўкі і прыказкі, загадвалі і адгадвалі загадкі і нават спявалі папулярныя беларускія песні.

Напрыклад, у пятніцу ў школу завіталі творчыя работнікі Карэліцкага раённага Дома рамёстваў і правялі майстар-клас па вырабе саламянай птушкі.

Дырэктар установы Юлія Баярэнка адзначае:
-Саламяная птушка ў даўнейшыя часы з’яўлялася абярэгам. Яе выраблялі сваімі рукамі і вешалі ў хаце. Акрамя таго, лічылася, што такія птушачкі прыспешваюць вясну.
Вучаніца 8 “А” класа Мілана Крывапуст адзгачае:
-Майстар-клас па вырабе саламянай птушкі вельмі захапіў мяне. Я думаю, што калісьці і мая бабуля ці прабабуля выраблялі такія ж цудоўныя рэчы, каб упрыгожыць сваю хату. Увогуле, тыдзень роднай мовы ў школе стаў вельмі яркім і запамінальным. Такія рэчы вельмі патрэбныя, каб у чарговы раз нагадаць, якая наша мовы цудоўная, паэтычная і мілагучная.









Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара























