Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, умілаваныя парафіяне, паважаныя жыхары Карэліцкага раёна!
Сёння мы адзначаем вялікую Ўрачыстасць Божага Нараджэння.
Бог, які захацеў быць бліжэй нас, стаўся чалавекам, прыняў наш выгляд. Таму хочам міласэрнага Бога праслаўляць, а менавіта, што чалавек у Ягоных вачах мае вялікую каштоўнасць. Бог так сябе прынізіў, што прыняў смяротнае і слабое цела чалавека дзеля таго, каб яго ўзвысіць. Мы ўвесь час хочам быць на вышынях, але жыццё паказвае нам інакш, што на зямлі не ўсё так проста, бывае балота і бруд. Самі адзін аднаму можам сказаць: “Спусціся з нябёсаў на зямлю”— гэтыя словы могуць пазбавіць чалавека надзеі, а таксама веры ў штосьці лепшае. Езус Хрыстус прыйшоў да нас, каб мы падняліся з зямлі да неба, каб на нова атрымалі надзею і веру ў тое, што для Бога няма нічога не магчымага. Бог можа змяніць тваё жыццё на лепшае. У хвіліну нараджэння Езуса Хрыста, Марыя і Юзаф, знайшліся ў цяжкіх абставінах, можна сказать перажылі крызіс. У тыя дні выйшаў загад Цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Усе пайшлі запісацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай, з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда. Калі яны прыйшлі да Бэтлеем крэўныя, знаёмыя, сябры адвярнуліся ад Юзафа і Марыі, бо не было для іх месца ў заездзе. Можна сказаць, што ўсе іх пакінулі на пагібель, ніхто нават не злітаваўся, бачачы Багародзіцу цяжарнай, усе былі заняты сваімі справамі і кожнага цікавіў толькі асабісты лёс. Яны зачынілі свае сэрцы на любоў, а Бог ёсць Любоў. Але знайшліся тыя, хто запрасіў пад свой дах Юзафа, Марыю і Езуса. Гэта былі жывёлы, якія знаходзіліся ў пячоры. Жывёлы, якія не маюць душы, любові і розуму, а чамусці толькі яны ўбачылі Бога, які прыйшоў да іх разам са Святой Сям’ёй і аказалі ім сваю гасціннасць. На жаль, у гэтай сітуацыі чалавек не здаў экзамену перад Богам. Чалавек большы за жывёлу, як Біблія кажа чалавек пануе над імі, але розныя падзеі жыццёвыя паказваюць, што чалавек не раз захоўваецца горш чым жывёла, а праблемаю з’яўляецца грэх. Калі мы яшчэ маем у сабе крошку чалавечнасці, то давайце адкрыем нашыя сэрцы на ласку Божую, а таксама на патрэбы тых, каго Бог ставіць на нашым шляху. Бо толькі так мы зможам застацца тым, чым Бог нас сатварыў – Чалавекам, Ягоным падабенствам. Быць падобным да Бога — гэта значыць быць любоўю. Бог не пакінуў Святую Сям’ю ў складаны момант іх жыцця, і не таму, што яны былі адказныя за жыццё Сына Божага, але таму, што яны заўсёды спадзяваліся на Пана Бога і ніколі не сумняваліся ў Яго Ўсемагутнасці. Трэба і нам Яму давяраць у розных абставінах нашага жыцця, а асабліва даверыць нашае жыццё Богу, бо Ён адзіны, хто хоча нас ашчаслівіць на векі вечныя. Багародзіца і Святы Юзаф у момант нараджэння Езуса Хрыста былі самымі шчаслівымі людзьмі на свеце, бо для шчасця ім хапіла толькі адно, што яны мелі Бога, які прынёс ім радасць, любоў і супакой.
Ці ты знойдзеш мейсца ў Валадарстве Нябесным, калі прыйдзе час твайго нараджэння да новага жыцця? Жадаем вам, каб не гублялі сваёй веры і надзеі, каб заўсёды былі вернымі Пану Богу, а таксама тым людзям, якіх Бог паставіў на вашым жыццёвым шляху. Адкіньце ад сябе ў гэты святочны час усе вашыя грахі і крыўды, і адчыніце вашыя сэрцы на Любоў Бога, а таксама на любоў сваіх крэўных і бліжніх. Не рабіце вашыя сэрцы жорсткімі, любіце і будзьце каханымі. Няхай Божае благаслаўленне спадарожнічае вам на шляху да вечнасці.
У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амэн. З малітвай, Айцец Сяргей, вікарый, а таксама Айцец Ежы, пробашч























