Тамара Цімафееўна МОХАНЬ, інвалід ІІ групы, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Мне давялося перанесці два інсульты, але Гасподзь распарадзіўся так, каб я яшчэ пажыла. Значыць, яшчэ камусьці патрэбна на гэтым свеце. І вось ужо чатыры гады з’яўляюся інвалідам ІІ групы. Яшчэ хваробы дабаўляюцца, але мацуюся і змагаюся з імі. Не сумую і не падаю духам. Сама, што магу, стараюся рабіць, і мне дапамагае мой родны брат Ігар, які жыве ў Карэлічах. Прыносіць прадукты з магазіна і лекі з аптэкі.
Я прадаўжаю жыць і радуюся кожнаму імгненню новага дня. Наведваю мерапрыемствы і сустрэчы, куды мяне запрашаюць прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі і раённага таварыства інвалідаў. Люблю разгадваць крыжаванкі, каб трэніраваць памяць, таму купляю часопісы з лічбавымі крыжаванкамі.
Па сутнасці, па пашпарце лічуся адзінокай, але сябе такой не адчуваю. Па тэлефоне штодзённа размаўляю з сябрамі. Брат на маім парозе з’яўляецца кожны дзень, кожную раніцу тэлефануем адзін аднаму і спраўляемся аб стане здароўя.
У мяне быў залаты муж Сямён, ён мяне паважаў і цаніў. Яго няма адзінаццаць гадоў, але назаўжды застаўся ў маім сэрцы і маёй памяці.
Я любіла сваю працу — працавала на хлебапякарні. Была цестамесам, наша брыгада пякла хлеб для жыхароў раёна. Зараз на заслужаным адпачынку. Жадаю ўсім людзям міру ў доме і на зямлі.
Наталля Антонаўна ЛАЗАРОВІЧ, інвалід ІІ групы, жыхарка райцэнтра:

— Ужо дзевяць гадоў як знаходжуся на пенсіі і вяду актыўны лад жыцця. Займаюся вязаннем і дапамагаю гадаваць унучак — час праходзіць хутка. Не заўважаю, як адзін дзень змяняецца другім.
Усё жыццё працавала: у Доме быту, гандлі, на льнозаводзе. Працы не баялася, старалася выконваць свае абавязкі добрасумленна. Маю званне «ветэран працы».
З мужам Уладзімірам пражылі трыццаць тры гады і выхавалі трох дачок. Маю дзвюх унучак Варвару і Васілісу. Яны мая радасць і надзея, іх люблю ўсім сэрцам.
Ну а хваробы стараюся адганяць прэч. Быць у добрым настроі. Адзінокай сябе не адчуваю. Дочкі і ўнучкі не забываюць і падтрымліваюць.
Сапраўды, маё жыццё на заслужаным адпачынку насычанае. Да прыкладу, прымала ўдзел у раённых спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і па шашках сярод інвалідаў. Займала першыя і другія месцы.
Я вывучыла камп’ютар і часта праводжу час у інтэрнэце. Люблю чытаць навіны і артыкулы блогераў. Адным словам, стараюся ісці ў нагу з часам.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ і з архіва героя публікацыі























