— Па выніках работы 2025 года Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» занесены на абласную Дошку пашаны. Калектыў участка дынамічна і ўпэўнена крочыць у нагу з часам, актыўна ўкараняючы лічбавыя тэхналогіі і сучасныя сэрвісы. Калі раней важныя дакументы адпраўляліся выключна ў папяровым выглядзе (у канвертах і заказных пісьмах), то сёння гэта можна зрабіць праз Нацыянальную паштовую электронную сістэму. Значна спрасціліся і працэсы абслугоўвання: папярэдні запіс у аддзяленні дазваляе пазбегнуць чэргаў, а атрыманне адпраўленняў стала магчымым без прад’яўлення дакумента, які сведчыць асобу. Дастаткова прайсці індэнтыфікацыю на сайце ці ў мабільным дадатку і выкарыстаць QR-код.
Атрыманне паштовых адпраўленняў па SМS-коду таксама магчыма без прад’яўлення дакументаў, якія сведчаць асобу. Для гэтага трэба зарэгістравацца ў асабістым кабінеце на нашым сайце www.belpost.by, аднойчы пацвердзіць уведзеныя даныя і атрымаць паштовыя адпраўленні, паведаміўшы работніку код, атрыманы па SMS.
З мэтай скарачэння часу чакання пры адпраўцы паштовых адпраўленняў укаранёны сэрвіс «Online-афармленне паштовых адпраўленняў». Карыстальнікам прапаноўваюць самастойна стварыць інфармацыю аб унутраным паштовым адпраўленні ў асабістым кабінеце на сайце www.belpost.by, а не запаўняць уручную адрасныя ярлыкі пры адпраўцы ў аддзяленні сувязі. Для юрыдычных асоб укаранёна электронная авансавая сістэма, якая замяняе папяровую авансавую кніжку і дазваляе аплачваць паштовыя, няпрофільныя і дадатковыя паслугі і пры гэтым адсочваць рух грашовых сродкаў у рэжыме анлайн.
Сёння нашы паштальёны маюць апаратна-праграмныя комплексы «Мабільны паштальён», якія дазваляюць аказваць паслугі на даму як за наяўны, так і за безнаяўны разлік з дапамогай банкаўскай пластыкавай карты.
Віншую калег і ветэранаў працы з нашым святам!























