Сельская гаспадарка — патрэбная і адказная галіна. Дзякуючы працаўнікам вёскі, маюцца на сталах хлеб і да хлеба. Ім жа старанняў не пазычаць — усе веды і вопыт укладаюць у справу. Аб прафесіі, калектыве, сям’і, адносінах да жыцця утарым з лабарантам МТФ «Машэвічы» КСУП «Малюшычы» Валянцінай Яўгеньеўнай Ус.
— Валянціна Яўгеньеўна, на календары вясна. Што адчувае сельская працаўніца ў першыя вясновыя дні?
— Мае думкі — пра веснавыя клопаты на агародзе і ў полі. Буду садзіць гародніну, бульбу, кветкі, у цяпліцы — памідоры, перац, агуркі, расаду. Хоць гэта клапотная справа, але радасна на душы.
— За плячыма — доўгае працоўнае жыццё, нялёгкая і карпатлівая праца, а Вы яшчэ і сёння ў страі.
— Праца для мяне — усё. Пайшла на пенсію, але пабыла толькі восем месяцаў. Калі прапанавалі пайсці лабаранткай на ферму, дала згоду. Раней працавала даяркай, цялятніцай, загадчыцай фермы — жывёлагадоўчую галіну добра ведаю.
— Можаце назваць працоўны калектыў МТФ «Машэвічы» адной камандай?
— Наш калектыў дружны. Добрае слова хочацца сказаць пра асемянатара Вольгу Балабановіч, ветурача Алену Агінскую, памочніка брыгадзіра фермы Дзмітрыя Коціка і былога брыгадзіра фермы Алену Кавальчук. З Аленай Мікалаеўнай працавалі разам чатырнаццаць гадоў, разам вырашалі злабадзённыя справы і душой хварэлі за агульную справу.
— Акрамя прафесійных навыкаў, што з’яўляецца важным у працы?
— Трэба любіць жывёлу. Яна адчувае нашы адносіны, таму трэба імкнуцца старанна працаваць і з усёй адказнасцю ставіцца да сваіх падапечных.
— Пэўнае значэнне маюць належныя ўмовы працы. Якія яны на МТФ «Машэвічы» ?
— Зараз на ферме вядзецца рэканструкцыя — будуць будаваць комплекс на 400 галоў. Гэта навіна акрыляе, бо тут будуць створаны больш камфортныя ўмовы для працы.
— Жыццё вясковай жанчыны няпроста ўявіць без прысядзібнага ўчастка і асабістай гаспадаркі.
— У асабістай гаспадарцы — куры і свінні. Ёсць вялікі агарод, свой сад, шмат клумбаў. Вельмі люблю кветкі — гэта свайго роду паратунак для душы. Асаблівая прыгажосць пануе тады, калі цвітуць хрызантэмы, мульціфлоры, ружы, вяргіні, гладыёлусы, цюльпаны, півоні. Імкнуся засадзіць імі любы кусочак зямлі каля альтанкі, плоту, у садзе. У мяне — дванаццаць клумбаў з кветкамі.
— Сям’я для жанчыны — апора і падтрымка. І шчасце, аб якім марыць кожная.
— Муж Іван Уладзіміравіч працуе кладаўшчыком на складзе ГЗМ КСУП «Малюшычы», і ён вельмі клапатлівы і гаспадарлівы. Чацвёра дзяцей вызначыліся ў жыцці: Вольга — юрыст у г. Баранавічы, Аляксандр — вадзіцель гарадскога транспарту ў Мінску, Аляксей — галоўны спецыяліст Беларусбанка ў Мінску, Іван — супрацоўнік МУС у г. Гродна. Усе маюць вышэйшую адукацыю. Ёсць дзесяць унукаў, самай меншай унучцы Ульяне адзін месяц, а старэйшаму Арцёму — 23 гады, працуе ў прыватнай фірме сталіцы.
— Каб давялося пачынаць жыццё спачатку, выбралі б той жа шлях?
— Пайшла б тым жа шляхам. У горад ніколі не хацелася. Вось толькі адзінае, што б зрабіла, — атрымала вышэйшую адукацыю. Мы дзяцей настройвалі таксама на гэта, і, думаецца, яны аб гэтым не пашкадавалі.
— У вёсцы жыхары з даўніх часоў стараліся ладзіць па суседстве. Лічылася, што добры сусед лепш за далёкага сваяка. А ў Вас склаліся добрыя адносіны з суседзямі?
— Сябруем з Аляксандрай Іванаўнай Панасенка. Яна мне за матулю, сястру, сяброўку. Я іду да яе — і дзялюся сваімі сакрэтамі. Яна старэйшая на пятнаццаць гадоў, але гэта не перашкаджае нам сябраваць. Цікавы чалавек і добры суразмоўца.
— Ці ёсць тое, што выклікае вялікую радасць ?
— Радасць атрымліваю, калі збіраюцца разам дзеці ў доме, калі нараджаюцца ўнукі. Яны растуць — радуюся іх поспехам. Гэта нашы прадаўжальнікі роду — на душы хораша і радасна.
— У Вас ёсць запаветная мара?
— У мне ўсё ёсць — пра што можна яшчэ марыць?
— Вашы пажаданні жанчынам да 8 Сакавіка.
— Хачу пажадаць, каб здаровыя былі самі і іх дзеці, каб быў мір на зямлі, каб шчасце завітала ў кожную хату.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ
























