У залатым спісе лепшых працаўніц і маці раёна, якія сёлета запрошаны на ўрачысты прыём да старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта з нагоды Дня жанчын, — памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі фермы «Паланая» СВК «Маяк-Заполле» Алена Іванаўна Дзямідава.
— Алена Іванаўна, наколькі Вас кранула навіна аб дэлегіраванні на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна з нагоды вясновага свята — Дня жанчын?
— Вельмі прыемна ад таго, што і пра нас, сельскіх працаўніц, не забываюць. Мы працуем там, дзе патрэбны, дзе выкладваемся спаўна і дзе прыносім карысць роднай гаспадарцы і разам з тым мацуем свой уласны дабрабыт.
— Праца ў сельскай гаспадарцы не з простых, асабліва ў жывёлагадоўлі. Трэба рана ўстаць і позна легчы, любіць жывёлу і вырашаць пытанні. Вам падабаецца няўрымслівае жыццё?
— Праца мне вельмі падабаецца. Я прывыкла быць у руху і клопатах. Нават у выхадны дзень прачынаюся ў чатыры гадзіны раніцы. Па-іншаму не магу, за гэтыя гады выпрацавалася звычка. Так, гэта маё жыццё.
— Вялікае значэнне мае калектыў, з членамі якога прыходзіцца рабіць адну агульную справу і ўсе старанні прыкладаць дзеля агульнага поспеху. Вам пашанцавала: вы адна каманда?
— У калектыве — 42 чалавекі. Гэта аператары машыннага даення, цялятніцы, жывёлаводы, слесары, вартаўнікі, качагары. Усе розныя па характары, але мэта ў нас адна: самае галоўнае — дасягнуць найвышэйшых вынікаў у надоях малака і пры гэтым захаваць статак. Працаўнікі зацікаўлены ў гэтым, ад выніку залежыць і іх заробак.
— Калі ласка, паведайце пра дасягненні ў працы.
— За 2024 год на адну карову па ферме «Паланая» надаілі 9634 кілаграмы малака і атрымалі 1039 цялят. Хацелася б у гэтым годзе не зніжаць тэмпаў і дабіцца яшчэ лепшых вынікаў.
— Не кожны смела прыме рашэнне жыць і працаваць у сельскай мясцовасці.
— Я нарадзілася ў вёсцы Рутка Навагрудскага раёна. У 1977 годзе сям’я паехала ў Дзятлава, там закончыла школу. Затым паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум. У 1990 годзе выйшла замуж і пераехала ў вёску Рутка, на малую радзіму. У 2015 годзе па волі лёсу апынулася на Карэліччыне, у СВК «Маяк-Заполле». Пачала працаваць памочнікам брыгадзіра МТФ «Паланая».
— Вы — жыхарка вёскі Паланая. Якія ёсць плюсы ў населенага пункта?
— Вёска прыгожая і спакойная. Жыхары добразычлівыя і лагодныя. Аднавяскоўцы любяць кветкі, парадак на зямлі, шчыра працаваць.
— У Вас ёсць захапленне, якое сагравае душу і якому з радасцю прысвячаеце вольныя хвіліны?
— Я люблю кветкі. У хаце радуюць вочы вазоны, на прысядзібным участку — ружы, півоні, цюльпаны і іншыя кветкі. Гэта вельмі прыемна, калі іх шмат. Хочацца вяртацца дамоў, асабліва летам, пасля напружанага працоўнага дня. Усё навокал патанае ў прыгажосці — і сэрца радуецца.
— На календары — вясна. Абуджаецца прырода і з’яўляюцца надзеі. Вы любіце гэтую пару года?
— Вельмі люблю. Хутка давядзецца працаваць на зямлі, садзіць клубніцы і агародніну. Гэтыя клопаты вельмі прыемныя — пазней бачыш вынікі сваёй працы.
— Адчуць сябе шчаслівай па-сапраўднаму жанчына можа ў сям’і.
— Дваццаць дзевяць гадоў жывём з мужам Валерыем Віктаравічам. Ён — вадзіцель МАЗа ў СВК. Маем пяцёра дзяцей і дваіх унукаў. У нас добрая і дружная сям’я.
— Што пажадаеце прадстаўніцам цудоўнай паловы чалавецтва з нагоды вясновага свята — Дня жанчын?
— Здароўя, павагі, любові, сонца, міру і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА






















