Дзеці — наша будучыня, надзея і апора. Пра падрастаючае пакаленне дзяржава праяўляе вялікі клопат, а дзяўчынкі і хлопчыкі паказваюць старанныя адносіны да вучобы і свае таленты.
З нагоды свята гутару з навучэнкай 7 класа харэаграфічнага аддзялення дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Маргарытай Баярэнка, якая занесена на раённую Дошку пашаны.

— Маргарыта, занясенне на раённую Дошку пашаны, тым больш у школьныя гады, — вялікі гонар. Якія пачуцці авалодвалі ў тыя хвіліны, калі даведалася аб гэтым?
— Я адчувала радасць за сябе і свае дасягненні, за што ўдзячна сваім настаўнікам.
— Мець любімы занятак заўсёды ў радасць. Што даюць заняткі на харэаграфічным аддзяленні Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў?
— Пазнанне новага, развіццё здароўя, а ў танцы — прыгожую асанку. Разам з тым дысцыплінуе.
— Як удаецца сябе рэалізаваць? Хто падтрымлівае ў пачынаннях?
— Наш узорны танцавальны калектыў «Юнацтва» пабываў у Лідзе, Мастах, Гродне, прымалі ўдзел у анлайн-конкурсах. Асаблівую дапамогу аказваюць выкладчыкі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірэна Станіславаўна Бяляк і Людміла Міхайлаўна Касаткіна. Адчуваецца падтрымка бацькоў, якім вельмі ўдзячна.
— У якіх конкурсах удзельнічалі і як часта атрымлівалі ўзнагароды?
— У рэспубліканскіх, абласных, раённых. Маем шматлікія ўзнагароды — дыпломы і каштоўныя падарункі. Іх у нас безліч, толькі ў маі гэтага года атрымалі тры дыпломы пераможцаў.
— Для вучняў асноўным заняткам з’яўляецца вучоба. Якія любімыя прадметы?
— Англійская і беларуская мовы, руская і беларуская літаратуры. Люблю чытаць — даведваюся шмат новага і цікавага.
— Паспяваць усюды, каб рэалізаваць сябе, нават у школьныя гады, няпроста. Адкуль бяруцца сілы ў наш імклівы час?
— У мяне гэта выклікае цікавасць, і я не звяртаю ўвагі на цяжкасці. Танец — стан душы, у ім чалавек раскрывае сябе поўнасцю, сам узбагачаецца духоўна.
— Дзяцінства і юнацтва застаюцца ў памяці надоўга. А што асаблівага памятаецца з гэтых гадоў?
— Памятаю паездкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» і Белавежскую пушчу. У першым выпадку гэта быў бесклапотны адпачынак, у другім — атрымала шмат эмоцый і ўражанняў.
— «Не май сто рублёў, а май сто сяброў», — сцвяржаецца ў народнай прымаўцы. Ці ёсць сапраўдныя сябры?
— У мяне ёсць сапраўдныя сябры: аднакласнікі і сябры з калектыву «Юнацтва». Яны чулыя, добразычлівыя, жыццярадасныя. З імі надзейна: падставяць плячо ў складаных сітуацыях.
— Наперадзе — любімая пара для дзетвары. Што чакаецца ад летніх канікул?
— На летніх канікулах хачу добра адпачыць, каб з новымі сіламі прыйсці ў верасні ў школу.
— 1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Якія пажаданні хочацца адрасаваць дзяўчынкам і хлопчыкам?
— Здароўя і радасці. Ставіць мэты і дасягаць іх.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ























