Урачыстае мерапрыемства прайшло ў сталіцы Рэспублікі Беларусь, на пляцоўцы «Мінск-Арэна», і сабрала тысячы неабыякавых грамадзян з усёй краіны, якія ўсім сэрцам любяць сваю Радзіму. Усе разам яны сустрэлі новае дзяржаўнае свята.


Ярка, маляўніча, маштабна. Можна бясконца апісваць гэтую грандыёзную падзею, якая не пакінула абыякавым ні аднаго гледача. Трыбуны былі перапоўнены, настрой ва ўсіх быў выдатным. Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства дэлегацыі са ўсёй рэспублікі займалі свае месцы. І калі сэлфі гледачоў ужо былі паспяхова апублікаваныя ва ўсіх сацыяльных сетках з пазнакай “Мінск-Арэна”, свята пачалося.


Першым на сцэну падняўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. — Дзень народнага адзінства, стаў сапраўдным святам, прадвызначыў будучыя гераічныя здзяйсненні адзінага беларускага народа, — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы закрануў не толькі тэму гістарычных каранёў маладога дзяржаўнага свята, але і звярнуў увагу на міжнародную ваенна-палітычную абстаноўку і яе ўплыў на бяспеку нашай краіны, заклікаў кожнага захоўваць суверэнітэт краіны і паважаць гісторыю.
У зале, сапраўды, адчувалася адзінства. Тысячы людзей разам выконвалі Дзяржаўны гімн, назіралі за святочным шоу. Станаўленне беларускага народа, зараджэнне новых традыцый, нямала было расказана і пра сучасныя дасягненні кожнага з рэгіёнаў нашай краіны.
У “Мінск-Арэне” выступілі артысты з усіх куткоў нашай краіны і ўсіх узростаў — ад дзяцей да пажылых беларусаў. Сярод іх былі не толькі прафесійныя і заслужаныя артысты, але і самадзейныя калектывы.


Адным з самых запамінальных стаў першы нумар святочнага канцэрта. Ён атрымаў назву “Славянскае сузор’е” і быў глыбока сімвалічным. Артысты закранулі мінулае, сучаснасць і будучыню нашай краіны і народа.
Нумар, у якім сын Прэзідэнта Беларусі Мікалай Лукашэнка сыграў на раялі, прыемна здзівіў гледачоў. Нумар выконваўся на двух раялях. За адным з іх быў Мікалай Лукашэнка, за другім — яго выкладчыца Алена Асташкіна-Мысліўчык. Музычны нумар суправаджаўся сімвалічным відэа, лейтматывам якога стала наша мінулае, гісторыя адзінства брацкіх народаў.
Гледачоў не пакінуў раўнадушнымі і творчы сюрпрыз для Прэзідэнта Беларусі “Балада пра дыктатара”, дзе высмеяна гранебнае стаўленне да Беларусі і беларускага народа з боку калектыўнага Захаду, але і адначасова паказаны яго моц і дабрыня.



Сваімі ўражаннямі аб удзеле ў патрыятычным форуме падзяліліся карэліччане.

– Форум уразіў мяне, перш за ўсё, сваім размахам і той колькасцю людзей, для якіх паняцці “патрыятызм”, “адзінства”, “любоў да Радзімы” – не пусты гук. Тут сабраліся прадстаўнікі з розных куткоў Беларусі, каб адзначыць адно з галоўных дзяржаўных свят – Дзень народнага адзінства, а таксама аддаць даніну павагі той гістарычнай памяці, якую ён увасабляе. Берагчы гэтую памяць і не забываць аб цяжкім і драматычным шляху беларусаў па здабыцці і захаванні сваёй дзяржаўнасці заклікаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прывітальнай прамове. Яго прысутнасць на форуме і выступленне надало мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць і значнасць.
Мерапрыемства аб’яднала дэлегацыі ўсіх шасці абласцей Беларусі і кожны прадстаўнік адчуваў сябе часцінкай вялікай дружнай сям’і са сваёй гісторыяй, каранямі і традыцыямі. Дарэчы, я адчуў сапраўдны гонар за малую радзіму і, увогуле, за Айчыну. Нам неабходна даражыць роднай краінай, каб мы жылі ў міры і адзінстве, шанавалі кожны пражыты дзень у мірнай і такой любімай Беларусі, – адзначыў намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Мірскі дзяржаўны каледж” Александр Белановіч.

– Патрыятычны форум – адзін з найважнейшых урокаў гісторыі, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў для сумеснай пабудовы будучыні нашай рэспублікі. Кожны грамадзянін Беларусі з’яўляецца часткай дружнага народа, што фарміруе пачуццё прыналежнасці да Радзімы і лёсу яе жыхароў. Мы – нацыя, якая перадае з пакалення ў пакаленне традыцыі, сямейныя каштоўнасці, адзінства і адказнасць за блізкіх і родных, за вёсачку або горад, у якім ты нарадзіўся, а таксама за краіну, у якой мы жывём. Дзень народнага адзінства – такое маладое, але неабходнае для кожнага беларуса свята. У зале “Мінск-Арэны” тысячы людзей даказалі, што мы адзіныя ў імкненні захаваць і прымножыць нашы дасягненні, шанаваць мір і перадаваць веды наступным пакаленням. Дзякуючы такім мерапрыемствам, хочацца ўсю энергію, усе веды і вопыт накіраваць на стварэнне, згуртаванне і зацвярджэнне нацыянальных каштоўнасцяў. Хочацца, каб нашы нашчадкі ганарыліся сваёй гісторыяй і ім не было сорамна за тыя рашэнні, якія мы прымаем сёння, – сказала першы сакратар РА ГА «БРСМ» Таццяна Шэўчык.


Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара























