
Заканчэнне. Пачатак ТУТ
16 кастрычніка
ПЕРАДАВІКІ СПАБОРНІЦТВА
Калгасы Валеўкаўскага раёна разгарнулі сацыялістычнае спаборніцтва за дастойную сустрэчу ХХІІІ гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Калгаснікі сельскагаспадарчых арцелей «Першае Мая» Асташынскага с/с, імені Варашылава Варанчанскага с/с і «17 Верасня» Райчанскага с/с закончылі копку бульбы і поўнасцю разлічыліся з дзяржавай па бульбапастаўках.
30 кастрычніка
(…) Мірская МТС першая ў вобласці выканала план трактарных работ. Першынства ў сацыялістычным спаборніцтве заваявала брыгада тав. Лазука. У пераводзе на мяккае ворыва трыма трактарамі ў гэтай брыгадзе апрацавана 702 гектары пры плане 475. Стаханавец-трактарыст тав. Фурманаў выканаў гадавы план работы на 190 працэнтаў. Яшчэ больш выдатных паказчыкаў дабіўся трактарыст тав. Шыш. МТС не толькі ўзорна працавала на апрацоўцы глебы, але і паспяхова выканала план абмалоту збожжа. Машыніст тав. Садоўскі з трактарыстам тав. Цырлюкевічам на малатарні «МКІ. 100» намалацілі 550 тон збожжа пры плане 300. Перавыканаў план абмалоту і машыніст тав. Бразоўскі.
Цяпер трактары першай і другой брыгады пастаўлены на рамонт (…). Створаны дзве рамонтныя брыгады, якія працуюць пад кіраўніцтвам саміх брыгадзіраў трактарных брыгад…
27 лістапада
(…) Калгас імені 17 Верасня (Мірскі раён) з дзесяткаў гектараў сабраў ураджай зернавых па 100 пудоў з гектара. У калгасе імені Леніна з 34 гектараў сабралі ўраджай ячменю па 28 цэнтнераў. Ва ўсіх калгасах сярэдні ўраджай бульбы складае па 1.200-1.300 пудоў на гектар. На працадзень у калгасе імені 17 Верасня будзе выдана па 6 кілаграмаў зернавых, 12 кілаграмаў бульбы і па рублю і 50 капеек грашыма.
Не пазнаць і былы спіртзавод князя Мірскага. Ён павялічан, рэканструяван. «К гузіку прышылі касцюм», — гавораць рабочыя спіртзавода. На рэканструкцыю і абсталяванне завода дзяржава выдаткавала 200 тысяч рублёў. За год выраслі выдатныя кадры. Крупец Ніна Сямёнаўна, быўшая батрачка, паступіла на завод чорнарабочай, а зараз яна кваліфікаваная работніца-апаратчыца. Яе як добрасумленную работніцу калектыў работнікаў спіртзавода вылучыў кандыдатам у дэпутаты пасляковага Савета.
У раёне пабудаван торфазавод, які здабыў 5 тысяч тон торфу. Арганізавана швейная, абутковая, сталярная і другія прамыслова-кааператыўныя арцелі з агульнай колькасцю рабочых каля 200 чалавек.
4 снежня
Калгаснікі сельгасарцелі імені 17 Верасня Мірскага раёна за першы год жыцця ў калгасе пабудавалі гумно, канюшню, навес для інвентара і машын, кузню, стварылі жывёлагадоўчыя фермы, рыбную гаспадарку.
19 сакавіка
На Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку будзе прадастаўлена ад нашай вобласці 390 экспанатаў. (…) Усе калгасы Любчанскага, Карэліцкага і Мірскага раёнаў з’яўляюцца ўдзельнікамі сельскагаспадарчай выстаўкі. (…) Калгас «Молатава» Карэліцкага раёна атрымаў сярэдні ўраджай усіх зернавых у 1940 годзе па 17,6 цэнтнера з плошчы 120 гектараў, па 180 центнераў бульбы з гектара. За 8 месяцаў па жывёлагадоўчай ферме ад кожнай фуражнай каровы надоена па 1.521 літру малака. (…)
26 сакавіка
УЛІВАЮЦЦАЎ КАЛГАСНУЮ СЯМ’Ю
Карэлічы. (Па тэлефону ад нашага карэспандэнта).
(…) 20 сялянскіх бядняцка-серадняцкіх гаспадарак вёскі Дальняя Рута Дальнеруцкага сельсавета 22 сакавіка арганізавалі калектыўную гаспадарку. На агульным сходзе выбралі праўленне калгаса, рэвізійную камісію, прынят статут сельскагаспадарчай арцелі. Праўленне калгаса адразу ж прыступіла да абагульнення цягавай сілы і інвентара. Адначасова арганізаван рамонт інвентара і ачыстка насення.
Калгас імені Кірава арганізаван у вёсцы Падгайна Цырынскага сельсавета гэтага ж раёна. 20 аднаасобных гаспадарак вёскі Заполле Запольскага сельсавета таксама арганізаваліся ў калгас.
Адначасова з арганізацыяй новых сельскагаспадарчых арцелей ідзе прыліў і ў раней арганізаваныя калгасы. Так, у калгас «Першае Мая» Асташынскага сельсавета ўступіла 8 аднаасобных гаспадарак. У калгас імені Молатава —4.
* * *
Вялікія змены адбыліся ў галіне аховы здароўя. Былі адкрыты новыя бальніцы, паліклінікі, амбулаторыі, урачэбныя пункты, дзе медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвалі бясплатна. У Мірскім раёне да лістапада 1940 года былі адкрыты 3 дзяржаўныя бальніцы на 104 ложкі, 2 урачэбныя пункты, 22 фельчарска-акушэрскія пункты ў сельсаветах раёна, жаночая і дзіцячая кансультацыі, санітарная станцыя, раней жа не было ніводнай бальніцы, а толькі некалькі платных фельчараў. Знайшлі сабе работу ў медыцынскіх установах 14 урачоў, 8 медсясцёр і іншы медыцынскі персанал.
У Карэліцкім раёне на пачатак 1941 года налічвалася адна бальніца, адзін урачэбны пункт, амбулаторыя, ФАПы (дакладнай колькасці дакументальна ўстанавіць не ўдалося).
Першарадная роля ў хутчэйшай ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва раёна адводзілася школе. Асаблівая ўвага звярталася на навучанне дарослага насельніцтва — працавалі вячэрнія школы і курсы для дарослых. На 25 красавіка 1940 года ў Валеўкаўскім раёне налічвалася 10 няпоўніх сярэдніх школ (з іх адна яўрэйская і адна руская) і 68 пачатковых школ (з іх адна польская і адна руская). У Мірскім раёне налічвалася 11 НСШ (з іх адна яўрэйская) і 30 пачатковых школ.
На тэрыторыі заходніх абласцей паступова расшыраецца сетка культурна-асветных устаноў: адкрываюцца новыя бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы. Вясной саракавога года ў Мірскім раёне налічвалася 10 клубаў, у Валеўкаўскім — 7 клубаў.
Па старонках Баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная Звязда» за 1940 год.
29 лютага
27 лютага пачалася першая алімпіяда мастацкай самадзейнасці. Другое аддзяленне пачалося выступленнем хора вёскі Карэлічы Валеўкаўскага раёна.
1 сакавіка
З вялікім уздымам сустрэлі гледачы ансамбль сялян вёскі Сімакава Мірскага раёна, якія выканалі «Лявоніху», хор той жа вёскі, які выканаў частушкі.
23 жніўня
З першых дзён савецкай улады ў заходніх абласцях пачалося культурнае адраджэнне. Арганізаваны раённыя Дамы соцкультуры, бібліятэкі і сельскія хаты-чытальні.
Такія хаты-чытальні, як Ярэміцкая Мірскага раёна (…) разгарнулі работу ў гуртках мастацкай самадзейнасці, праводзяць палітмасавую работу сярод насельніцтва.
Святлана КОШУР









