Штогод гістарычнае свята «Mir-фэст» збірае сяброў на галоўнай пляцоўцы г.п. Мір. Кожны год яно адкрывае старонку гісторыі гэтага ўнікальнага месца. Бягучы год не стаў выключэннем і прыгатаваў для гасцей і жыхароў свята шмат цікаўнасцей.

З даўніх часоў і па сённяшні дзень Мір вядомы на ўвесь свет. Тут знаходзіцца шмат гістарычных і архітэктурных каштоўнасцей, на працягу трох стагоддзяў Мірскім замкам і самім мястэчкам валодалі найбуйнейшыя, найвядомейшыя ў Беларусі адзінаццаць Радзівілаў, тут заўсёды ў міры і згодзе жылі і жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: беларусы, татары, палякі, яўрэі і нават цыганы. Увогуле існуе меркаванне, што назва Мір паходзіць ад лацінскага слова mirum, што азначае “цуд”.






Галоўная пляцоўка ажывілася, як і некалькі стагоддзяў таму, тут размясіліся гандляры, народныя майстры, майстар-класы, гульнёвыя пляцоўкі, падворкі рускай, яўрэйскай, беларускай, цыганскай і турэцкай нацыянальнасцяў, якіх таксама шчыра віталі на сцэне.

Адкрываючы свята, часова выконваючы абавязкі старшыні Мірскага сельвыканкама Сяргей Сянкевіч сказаў:
— Я ўпэўнены, што гэта свята ўжо ўкаранілася ў традыцыіі гарадскога пасёлка Мір. Не толькі тут, але і ў самым пасёлку мы можам бачыць прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якія жылі на нашай зямлі спрадвеку. Нягледзячы на тое, што ўсе мы розныя, нас яднае адно — захаванне міру, імкненне да добрага, спакойнага жыцця. Спадзяюся, што на нашым свяце таксама будзе панаваць мір, спакой і кожны з вас прывядзе яго з усмешкай на твары.





На сцэне пачалося сапраўднае шматнацыянальнае прадстаўленне: беларусы, татары, рускія, яўрэі, цыганы знаёмілі гледачоў са сваёй культурай і традыцыямі праз песні, танцы і гульні. Кожны быў па-свойму ўнікальны і змог закрануць сэрца кожнага прысутнага.


Конкурс «Гурман» стаў навінкай свята. Гледачам прапанавалася з завязанымі вачыма вызначыць хлеб якой нацыянальнасці ім было прапанавана пакаштаваць. Хто больш адгадаў, той і атрымаў прыз.








Але не толькі хлебам частавалі прысутных на свяце. На падворках кожнай нацыянальнасці былі прадстаўлены традыцыйныя стравы, якія разыходзіліся на «ура». Акрамя гэтага, праводзіліся розныя інтэрактыўныя праграмы, дзе кожны жадаючы мог прыняць удзел і выйграць прыз.








Без песен і таленавітых артыстаў таксама не абышлося. Сваю творчасць і бадзёры настрой дарыў народны ансамбль песні «Забава» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры. Творчы калектыў са Стаўбцоўскага раёна ўразіў яркімі нумарамі і неверагодным валоданнем ігры на музычных інструментах. Гледачы з задавальненнем віталі эстраднага выканаўцу Андрэя Шумака, які падарыў шмат знаёмых і любімых песен. Фолк-група «Славянскія рытмы» паказала, што значыцца гуляць па-беларуску.

Свята выдалася цікавым, атмасферным і поўным прыемных уражанняў. У паветры панавала адзінства. Дзякуючы «Mir -фэст» людзі змаглі дакрануцца да гісторыі і ў чарговы раз упэўніцца, што Мір — гэта сапраўды цуд.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара










